З архіву: Вырашыць ці развязаць?

Aug 26, 2018 21:12

На ФБ з'явіўся пост, на які не магу не адгукнуцца, бо гэта мая адвечная тэма.

МОЙ СЦЭНАР, РЭДАГАВАНЫ Ў 2012 г. ЗМІТРОМ САЎКАМ ДЛЯ ТЭЛЕВІЗІІ:

В.І.: - Не магу ўспомніаць, каб у 80-я можна было сустрэць у газеце дзеяслоў “развязаць” у іншым спалучэнні, як “развязаць вузел”. А ўжо ў 1990-я гэтае слова пачынаюць выкарыстоўваць усё актыўней на месцы дзеяслова “вырашаць”. І сёння беларускамоўнага чалавека такім словаўжываннем не здзівіць...

Ю.П.: - Некалі яшчэ савецкі мовазнаўца Клюсаў у сваёй дысертацыі ўшчуваў беларускіх нацыяналістаў, маўляў, тыя штучна хацелі ўвесці «выдуманае» слова развязаць замест «нармальнага» вырашыць. Насамрэч усё наадварот. Слова развязаць бытуе ў беларускай мове не пазней, як з XVI-XVII стст. А дзеяслоў вырашыць з’явіўся толькі ў 20-я гады XX ст., а прыжыўся яшчэ пазней - толькі ў сталінскія 30-я. Слова решить ёсць расейскай семантычнай інавацыяй ад царкоўна-славянскага рѣшити. А ўсім знаёмае нам вырашыць - гэта проста няўдалы варыянт таго ж расейска решить, ад якога практычна адмовіліся самыя расейцы. А мы падабралі! У ХІХ- пачатку ХХ ст. вырешить яшчэ ўжывалі, яго можна сустрэць у Бялінскага, Андрэя Белага. Гэты дзеяслоў мае абніжаную, гутарковую стылёвую афарбоўку. Затое ў нас русізмаў вырашыць, рашыць, рашэнне не было яшчэ ў канцы ХІХ-пачатку ХХ ст.

В.І.: - Часамі даводзіцца чуць, быццам развязаць - польскае слова і ўжываць яго ня варта.

Ю.П.: - Паспрабуем разабрацца. У канцы XVI ст. няведамы аўтар пад псеўданімам Крыштаф Філалет выдаў палемічны твор «Апакрызіс», які амаль адначасна быў надрукаваны па-польску і па-беларуску. Я супаставіў тэксты, і выявілася: там, дзе па-беларуску пісалася развязаць, - у польскім тэксце ўжываўся лацінізм resolwować. Значыць, як можна адсюль меркаваць, слова развязаць у беларускай мове з’явілася крыху раней і, пэўна, што паўплывала на ўзнікненне польскага rozwiązać. Усе яны, як беларускае, польскае ды лацінскае, так і царкоўнаславянскае рѣшити сягаюць старажытнагрэцкага λύω ‘развязаць’. Гэта адна з тых элінскіх мэтафараў, якія сталі міжнароднымі і ў кожнай мове перакладаюцца па-свойму.

В.І.: - Чаму ж у БССР забыліся на спрадвечнае “развязаць” і пачалі ўжываць вылучна “вырашыць”?

Ю.П.: - Найперш ад нядбальства. Так прасцей, думаць па-расейску, а потым доўга не разважаючы, сказаць амаль тое самае, але крыху інакш, нібыта па-свойму. Гэтак беларуская мова робіцца дакладным злепкам з расейскай. Не надта мыляюцца тыя, хто называе такую квазібеларускую мову “папсаванай расейскай”. Але віна ляжыць і на мовазнаўцах. Расейскі дзеяслоў решить вельмі няпросты. Ён увесь час памнажае свае сэнсы, і перадаць усе яго адценні не змог аніводзін слоўнік. А раз людзям не сказалі, як перакладаць, дык яны знайшлі сваё выйсце: не пераклалі, а запазычылі. Я шмат гадоў займаюся гэтай праблемай і знаходжу ўсё новыя і новыя адпаведнікі да решить. Іншыя беларускія адпаведнікі да решить - пастанавіць, надумаць, здумаць, наважыць, змеркаваць, выракаваць. Некаторыя з іх, такія, як здумаць, уздумаць, можна сустрэць яшчэ ў грамаце 1229 году: Сёння крыху нязвыкла гучыць выракаваць, якое ўжываецца ў спалучэнні выракаваць лёс. Або - ракаваць, як, прыкладам, у паэта XVIII ст. Дамініка Рудніцкага: Тая ж яла ракаваці, гдзе бы камара схаваці. Але менавіта гэтага слова бракуе, каб вычарпаць усе значэнні расейскага решить. І якраз яно дапамагло В. Ластоўскаму ўдала перакласці міжнародную рыфмаваную прымаўку, якая па-расейску гучыць: Человек полагает, а Бог располагает, а па-беларуску: Чалавек мяркуе, а Бог выракуе.

В.І.: - Ці заўсёды мы можам замест “вырашаць/вырашыць” ужыць менавіта “развязваць/развязаць”? Усё ж решить у расейскай мове - слова з вельмі развітаю семантыкаю.

Ю.П.: - І гэтую шматзначнасць трэба ўлічваць, падбіраючы беларускія адпаведнікі. Падам тут асноўныя:
найти решение - развязáць
вынести решение, предрешить - выракаваць
наметить решение - намеркавáць
принять решение - пастанавíць
принять осторожное решение - навáжыць, навáжыцца
принять мысленное решение - надýмаць
принять рассудочное решение - змеркавáць
принять совместное решение - пагадзíць, пагадзіцца.

В.І. - Заўважу, што кожнаму з расейскіх словазлучэнняў адпавядае па адным беларускім дзеяслове, што эканоміць моўныя сродкі. Відаць, можна прапанаваць і вытворныя ад гэтых дзеясловаў назоўнікі?..

Ю.П.: - Ведама. Ад развязаць паходзіць матэматычны тэрмін развязанне, развязак. Напрыклад: Задача ня мае развязання ці ня мае развязку. Ад пастанавіць - пастанова; ад надумаць - надум; ад змеркаваць - змеркаванне.. А юрыдычны тэрмін вырак - вытворны ад дзеяслова выракаваць. Суд вынес вырак. Ідыёма решить судьбу мае гучаць як выракавáць лёс.

В.І.: - Мяркую, на праблему слова вырашыць мовазнаўцы, майстры слова звярталі ўвагу і раней.

Ю.П.: - Слова вырашыць вельмі збядняе мову. На гэта наракалі такія выдатныя знаўцы мовы, як Фёдар Янкоўскі, Ян Скрыган. Гэтак, Янкоўскі замест штучнай, недарэчнай канструкцыі «Мне патрэбна вырашыць клопат па гаспадарцы” прапаноўваў жывыя выразы: “У мяне ёсць клопат”, “трэба сёе-тое дома зрабіць, “трэба на дварэ спарадкаваць”, “трэба дагледзець гаспадарку”. Ян Скрыган апрача асноўных падаваў шмат пабочных адпаведнікаў для расейскага решить/решать: надумаць, сабрацца, насмеліцца, намысліцца, намерыцца і г. д. У сваіх моўных нататках... ён разважаў: “Ці не абакралі мы сябе, заспакоіўшыся толькі на сэнсе? А дзе ж каларыт мовы, дзе тыя адценні, якія кожнаму вы́падку надаюць свой характар? Дзе багацце, якое так і праліваецца ў жывой гаворцы?"

В.І.: - Каб багацце пралівалася ў жывой гаворцы кожнага з нас. Для таго і існуе праграма “Моўнік” і працуюць нашыя эксперты. Дзякую за размову!

А ГЭТА МАЕ МАТЭРЫЯЛЫ ДА СЦЭНАРУ (БОЛЬШ ПОЎНАЯ, ХОЦЬ І НЕ ЗУСІМ ДАСКАНАЛАЯ ВЕРСІЯ):

В.І.: - Не магу ўспомніць, каб у 80-я можна было сустрэць у газеце дзеяслоў “развязаць” у іншым спалучэнні, як “развязаць вузел”. А ўжо ў 1990-я гэтае слова пачынаюць выкарыстоўваць усё актыўней на месцы дзеяслова “вырашаць”. І сёння беларускамоўнага чалавека такім словаўжываннем не здзівіць...

Ю.П.: - Некалі яшчэ савецкі мовазнаўца Клюсаў у сваёй дысертацыі ўшчуваў беларускіх нацыяналістаў, маўляў, тыя штучна хацелі ўвесці «выдуманае» слова развязаць замест «нармальнага» вырашыць. Насамрэч усё наадварот. Мне яшчэ ў 1996 годзе даводзілася пісаць у «Зно», колішнім дадатку да газеты «Культура», што слова развязаць бытуе ў беларускай мове не пазней, як з XVI-XVII стст. А дзеяслоў вырашыць зявіўся толькі ў 20-я гады XX ст., а прыжыўся яшчэ пазней - толькі ў сталінскія 30-я. Слова решить ёсць расейскай семантычнай інавацыяй ад царкоўна-славянскага рѣшити. А ўсім знаёмае нам вырашыць - гэта проста няўдалы варыянт таго ж расейска решить, ад якога практычна адмовіліся самыя расейцы. А мы падабралі! У ХІХ- пачатку ХХ ст. вырешить яшчэ ўжывалі, яго можна сустрэць у Бялінскага, Андрэя Белага. Гэты дзеяслоў мае абніжаную, гутарковую стылёвую афарбоўку. Затое ў нас расеянізмаў вырашыць, рашыць, рашэнне не было яшчэ ў канцы ХІХ- пачатку ХХ ст. Не сустрэнем мы вырашыць у Ф. Багушэвіча, К. Каліноўскага, Старога Ўласа, Г. Леўчыка, ранняга У. Галубка, К. Сваяка, Л. Гмырака. Няма гэтага барбарызма ў слоўніку Ластоўскага. Пазней сведама й паслядоўна вырашыць, рашэння і да т. п. унікалі А. Адамовіч і Я. Станкевіч.

В.І.: - Часамі даводзіцца чуць, быццам развязаць - польскае слова і ўжываць яго ня варта.

Ю.П.: - Калі б гэта было і так, дык ня страшна - паланізмы, як ведама, выконваюць у беларускай мове тую самую ролю, што ў расейскай царкоўнаславянізмы. Але ці так гэта наагул? Паспрабуем разабрацца. У канцы XVI ст. няведамы аўтар пад псеўданімам Крыштаф Філалет выдаў палемічны твор «Апакрызіс», які амаль адначасна быў надрукаваны па-польску і па-беларуску. «Пераклад» гэты розніцца ў асноўным толькі фанэтычна, не лексічна. І ўсё ж я неяк надумаў выпісаць з двух «Апакрызісаў» усе тыя словы, якія не супадаюць. Такіх знайшлося няшмат. Часцей за ўсё лацінізмы польскага тэксту ў беларускім варыянце перадаваліся беларусізмамі, ці, радзей, - царкоўнаславянізмамі. Цікава тое, што там, дзе па-беларуску пісалася развязаць - у польскім тэксце ўжываўся лацінізм resolwować. Значыць, як можна адсюль меркаваць, слова развязаць у беларускай мове зявілася крыху раней і, пэўна што, паўплывала на польскае roźwiązać. Усе яны, як беларускае, польскае ды лацінскае, так і царкоўнаславянскае рѣшити (параўнайма решето, решётка) сягаюць старажытнагрэцкага λύω ‘развязаць’. Гэта адна з тых элінскіх мэтафараў, якія сталі міжнароднымі і ў кожнай мове перакладаюцца па-свойму.

В.І.: - Чаму ж у БССР забыліся на спрадвечнае “развязаць” і пачалі ўжываць выключна “вырашыць”?

Ю.П.: - Найперш ад нядбальства. Так прасцей, думаць па расейску, а потым доўга не разважаючы, сказаць амаль тое самае, але крыху інакш, нібыта па-свойму. Гэтак беларуская мова робіцца дакладным злепкам з расейскай. Не надта мыляюцца тыя, хто называе такую квазібеларускую мову “папсаванай расейскай”. Але віна ляжыць і на мовазнаўцах, якія рупіліся пра чысціню мовы. Расейскі дзеяслоў решить вельмі няпросты. Ён увесь час памнажае свае сэнсы, і перадаць усе яго адценні не змог аніводзін слоўнік, аніводзін змагар за чысціню нашае мовы. А раз людзям не сказалі, як перакладаць, дык яны знайшлі сваё выйсце: не пераклалі, а запазычылі. Я шмат гадоў займаюся гэтай праблемай і знаходжу ўсё новыя і новыя адпаведнікі да решить. Але нават у найгоршыя савецкія часы можна было сустрэць слушныя беларускія ўжыванні. Прыкладам, расейскамоўную цытату з Максіма Багдановіча: Символы не носят характера ребусов, решение которых лишь раздражает читателя, отнимая у него время - у 1949 годзе крытык Н. Перкін пераклаў: Сімвалы не маюць характару рэбусаў, развязванне якіх раздражняе чытача, адбіраючы ў яго час. На жаль, мовазнаўцы не палічылі патрэбным гэтае даўнейшае беларускае слова паставіць у слоўнікі. І мы карыстаемся расеянізмамі вырашыць, рашэнне. Іншыя беларускія адпаведнікі да решить - пастанавіць, надумаць, здумаць, наважыць, змеркаваць, выракаваць. Некаторыя з іх, такія, як здумаць, уздумаць, можна сустрэць яшчэ ў грамаце 1229 году: Таго лета, калі Альбрахт, уладыка рыскі, умёр - уздумаў князь смаленскі, Мсціслаў Давыдаў сын, прыслаў у Рыгу сваёга луччага папа Ерамея і з нім вумнага мужа Панцялея із сваёга горада Смаленска. Сёння крыху нязвыкла гучыць выракаваць, якое ўжываецца ў спалучэнні выракаваць лёс. Або - ракаваць, як, прыкладам, у паэта XVIII ст. Дамініка Рудніцкага: Тая ж яла ракаваці, гдзе бы камара схаваці. Але менавіта гэтага слова бракуе для паўнаты мадэлі. І якраз яно дапамагло В. Ластоўскаму ўдала перакласці міжнародную рыфмаваную прымаўку, якая па-расейску гучыць - Человек полагает, а Бог располагает, а па-беларуску - Чалавек мяркуе, а Бог выракуе.

В.І.: - Ці заўсёды мы можам замест “вырашаць/вырашыць” ужыць менавіта “развязваць/развязаць”?

Ю.П.: - Так. Тут аніякіх кампрамісаў быць не можа. Гэта маё цвёрдае перакананне. У нас даволі слоў, каб перадаць усе значанні, якія з’яўляе расейскае слова. Калі хто лічыць, што ў мове ёсць месца для вырашыць, тады ўся гэтая гутарка не мае сэнсу. Там, дзе можна ужыць яго раз - можна і два, і тры, і сто разоў ужыць. Вядома, я не кажу пра цытаты, пра нейкія стылізацыі пад трасянку. У стылізацыях ніякіх забаронаў не трэба. Ідзецца пра дасканалую мову. Але на практыцы не ўсё так проста. Каб адэкватна перакласці расейскае решить, мы павінны ў ім вылучыць тры галоўныя сэнсавыя сферы і чацвертую сферу негалоўную. Ды яшчэ шэраг пабочных. Семема расейскага панятку решить (бел. сав. вырашыць) вельмі складаная, і яе прасцей скалькаваць, чым перакласці. Пры падборы беларускіх адпаведнікаў варта ўлічваць тры кампанэнты значання: 1) развязаць; 2) пастанавіць - або наважыць; надумаць; і 3) выракаваць. Адпаведна вытворныя назоўнікі: 1) мат.: развязак (развязанне, развязванне); 2) пастанова; надум; змеркаванне; 3) юр.: вырак; рассудак. Не заўжды, нават спецыялісты, знаходзяць поўны набор адпаведнікаў. Працуючы над гэтай праблемай, я актуалізваў многія забытыя словы, апрача вядомых развязаць, пастанавіць і надумаць аднавіў змеркаваць, выракаваць, а зусім нядаўна і рассудзіць, рассудак, якіх бракавала для юрыдычнай сферы. Дарэчы, вырашыць вельмі збядняе мову. На гэта наракалі і Я. Скрыган, і Ф. Янкоўскі. Апошні пісаў: «"Мне, - казаў учора знаёмы, - патрэбна вырашыць клопат па гаспадарцы. Трэба вырашыць клопат па дачы (падкрэсленне наша, - Ю. П.). Прыгадалася і з кніжак, і жывое, размоўнае: клопат ёсць, сёе-тое дома зрабіць, нешта дома зрабіць, клопат гэты з мэбляй - ніяк не давяду да ладу, на дварэ спарадкаваць, дачы не дагледзеў, сабраўся дагледзець».Ян Скрыган апрача асноўных падае шмат пабочных адпаведнікаў: надумаў, захацеў, сабраўся, насмеліўся, намысліў, намерыўся, захацеў і г. д. І потым піша: "Ці не абакралі мы сябе, заспакоіўшыся толькі на сэнсе? А дзе ж каларыт мовы, дзе тыя адценні, якія кожнаму выпадку надаюць свой характар? Дзе багацьце, якое так і праліваецца ў жывой гаворцы?"

З МАТЭРЫЯЛАЎ ДА РУСКА-БЕЛАРУСКАГА СЛОЎНІКА:

  • решать 1. (разрешать) развязваць; (в искусстве) раскладáць; юр. судзíць; 2. (предрешать, определять) выракавáць; уст. ракавáць; 3. (постановлять) пастанаўляць; (сметь) вáжыць; (думаць) дýмаць; (рассчитывать, соображать) меркавáць; (согласовывать) гадзíць; 4. (убивать) канчáць, забівáць
  • решающий 1. прил. выракавáльны, вырочны; (определяющий) вызначáльны; 2. прич. які (што) развязвае (раскладáе, выракýе, пастанаўляе, вáжыццца, дýмае, мяркýе, годзіць, канчае, забівáе)
  • решение с. 1. мат. (ответ к задаче) развязак м.; иск. расклáд м.; 2. юр. рассýдак м.; (приговор) вырак м.; 3. (постановление) пастанова ж.; (мысленное) надýм м.; 4. (вывод) змеркавáнне с.; 5. (процесс) незак. развязванне с., расклáдванне с., ракавáнне с., пастанаўлянне с., вáжанне с., дýманне с., меркавáнне с.; зак. развязванне с., выракавáнне с., навáжанне с., адвáжанне с., надýманне с., здýманне с., змеркавáнне с., намеркавáнне с.; ♦ соломоново ~ саламонаў рассудак
  • решимость ж. навáжнасць ж., адвáжнасць ж.
  • решительный 1. (смелый) навáжны, адвáжны; 2. (безусловный) станавíты, станаўкí; 3. (решающий) выракавáльны; (определяющий) вызначáльны; 4. (окончательный) канчатковы
  • решить 1. (найти решение, разрешить) развязáць; (в искусстве) расклáсці; юр. рассудзíць; 2. (вынести решение, предрешить) выракаваць; 3. (принять решение, постановить) пастанавíць; (принять осторожное решение) навáжыць, вáжыцца; (принять смелое решение) адвáжыць; (принять мысленное решение) надýмаць, надýмацца; падумаць; (принять внезапное решение) здýмаць; (принять рассудочное решение) змеркавáць; (наметить) намеркавáць; (принять совместное решение) пагадзíць; 4. (убить) кончыць, забíць; ♦ ~ судьбу выракавáць лёс
ШТО КАЗАЛІ КЛАСІКІ:

У савецкім кантэксце расеянізм вырашыць адпрэчвалі больш завуалявана, апэлюючы да стылістыкі, вось, прыкладам, довады Я. Скрыгана, пераказаныя А. Каўрусам:
            "Прывёўшы колькі сказаў (падаём скарочана: вырашыў схадзіць у тэатр, вырашыў пачытаць кнігу, вырашыў купіць паліто, вырашыў вучыцца, вырашыў заняцца пчалярствам, вырашыў наведаць брата), Ян Скрыган адзначае: "Нельга сказаць, каб гэта было няправільна. Сэнс перададзены. Але ж ці хапае гэтага? Ці не абакралі мы сябе, заспакоіўшыся толькі на сэнсе? А дзе ж каларыт мовы, дзе тыя адценні, якія кожнаму выпадку надаюць свой характар? Дзе багацьце, якое так і праліваецца ў жывой гаворцы?" ("Яшчэ трохі аб мове"). Пісьменнік прапануе блізказначныя словы, якія могуць замяніць у кожным выпадку дзеяслоў вырашыў. Гэта: надумаў, захацеў, сабраўся, насмеліўся, намысліў, намерыўся. Прадугледжваецца й іншы варыянт: не "намысліў", а "захацеў", не "намерыўся", а "сабраўся", у залежнасці ад таго, што трэба падкрэсліць. "Насмеліўся" - калі доўга не адважваўся, "намысліў" - калі перад гэтым быў нейкі роздум, "намерыўся" - калі асабліва падкрэслена мэта і г. д. Слова вырашыў магло б падысці ў сказе? "Цяжка было вырашыць гэтую справу." Але й тут, разважае Ян Скрыган, можна "яшчэ сказаць: разабраць гэтую справу або разабрацца ў гэтай справе. Ува ўсякім выпадку чутно было б, што гаворыць гэта не падстаўны пэрсанаж трошкі ўжо бюракратычна-канцылярскаю моваю аўтара, а жывы чалавек"." (Каўрус А. Скраганова поле // Полымя, 1993, № 10. С. 244-245. Гл. падраб.: Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця: Апавяданні, успаміны, роздум. - Мн., 1990. С. 312-314.)

Або з зацемак Ф. Янкоўскага:

«"Мне, - казаў учора знаёмы, - патрэбна вырашыць клопат па гаспадарцы. Трэба вырашыць клопат па дачы (падкрэсленне наша, - Ю. П.).
        Прыгадалася і з кніжак, і жывое, размоўнае: клопат ёсць, сёе-тое дома зрабіць, нешта дома зрабіць, клопат гэты з мэбляй - ніяк не давяду да ладу, на дварэ спарадкаваць, дачы не дагледзеў, сабраўся дагледзець».
          <...> Ці ж тое тут слова?" (Янкоўскі Ф. Само слова гаворыць. С. 23.)

ПАЧАТАК КАМЭНТАРА:
          Пытанне ня "вырашыць" а развязаць. - Супраць дзеяслова вырашыць і яго дэрыватаў Я. Станкевіч запярэчваў ня раз (гл.: Т. 2. С. 169, 388; гл. яшчэ: Станкевіч С. Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу. - Мн., 1994. С. 45.)

ДА ГІСТОРЫІ ПЫТАННЯ:
            Запраўды, слова решить ёсць расейскай семантычнай інавацыяй ад царкоўна-славянскага рhшити. Савецкія мовазнаўцы часамі казалі адваротнае: маўляў, альтэрнатыўнае яму слова развязаць - паланізм. Насамрэч, беларускі дзеяслоў развязаць, які сягае элінскага     'развязваць', узнік, пэўна што раней, чым польскі адпаведнік rozwiazac. Прынамсі, у польскамоўнай адмене "Апакрызіса" К. Філалета (кан. XVI ст.), яшчэ ўжываецца лацінізм resolwowac, а тым часам у яго беларускай адмене - тарнуецца развязаць. Расеянізмаў вырашыць, рашэнне яшчэ не было ў канцы ХІХ - пач. ХХ ст. (гл. тэксты: Ф. Багушэвіча, К. Каліноўскага, Старога Ўласа, Г. Леўчыка, У. Галубка, К. Сваяка, Л. Гмырака). Няма іх і ў Лсл. Пазней сведама й паслядоўна гэтых барбарызмаў унікалі А. Адамовіч і Я. Станкевіч.

ВЫБАЧАЙЦЕ ЗА ПАЎТОРЫ! ГЭТА ТОЛЬКІ МАТЭРЫЯЛЫ.
АЛЕ ДАЛЁКА НЕ ЎСЁ, ШТО МОЖНА СКАЗАЦЬ У ТЭМУ.

надумаць, выракаваць, развязаць, слоўнік, вырашыць, пастанавіць, мова

Previous post Next post
Up