Беларуская мова, праславянская спадчына й расейскі ўплыў

Oct 28, 2008 10:45


Выказаныя ніжэй ідэі сфармаваліся ў мяне даўно, але ўвасобіліся ў закончаную тэзысную карціну толькі цяпер, як рэакцыя на камэнтары да маіх ранейшых пастоў. Нельга дабіцца разуменьня прыватных момантаў сыстэмы, пакуль ня выяўленыя яе падваліны.

Беларуская мова, праславянская спадчына й расейскі ўплыў

Малы папулярны трактат

Схолія 1. Усе славянскія мовы складаюцца з элемэнтаў (каранёў і афіксаў), што існавалі яшчэ ў праславянкай мове. Кожная зь іх, у тым ліку й беларуская, удзержваючы ў сабе парадак праславянскага словаўтварэньня, можа разглядацца як варыянт “праславянскае мовы на сучасным этапе”.

Схолія 2. З праславянскіх элемэнтаў у беларускай мове вылучаюцца такія прадукцыйныя суфіксы, ці субсуфіксы, як -ік, -ец, -ак (знакі суб’ектаў ды аб’ектаў), -н-ы, -ов-ы, -ск-і (знакі атрыбутаў), -в-а, -jь-е (знакі зборнасьці), -а-ць, -е-ць, -і-ць (знакі дзеяньня) і г.д.

Схолія 3. Складваючыся, элементы ўтваралі сынтагматычныя адзінствы -ск + -ва = -ства (гаспадарства, земства), -н + -ік (-іц-а) = -нік (-ніц-а) (лясьнік, шкоднік), -ав-ы + -ік = -авік (-авіц-а) (лесавік, ледавік), -ов + -ец = -овец (-оўк-а) (навуковец, шараговец), -а + -н = -ан-ы (купаны, ношаны), -ан + -jь = -аньне (купаньне, нашэньне), -аньне + -ік (-іц-а) (купаньнік, нашэньнік).

Схолія 4. Частку афіксаў праславянская мова (і яе наступніцы) запазычылі зь неславянскіх моў. Адно з такіх, найстаражытнейшых, пазычаньняў - суфікс -ар - у беларускай мове гэта найчасьцей назоў прафэсіі (аптакар, знахар). Іншыя лацінскія суфіксы - -іст-ы (арганісты, гутарысты), -ант (музыкант, рызыкант) і г. д.

Схолія 5. Зусім невялікую частку суфіксаў славянскія мовы сфармавалі ўнутры сваіх уласных сыстэм. У беларускай мове ўласным ёсьць, бадай што, суфікс -ля (будоўля, галадоўля). У расейскай - суфіксы nomina agentis -чик, -щик (носчик, уборщик) і nomina actionis -к-а (носка, уборка) - да апошніх, як да шкодных пазычаньняў з расейскае мовы, яшчэ маем вярнуцца.

Схолія 6. Стараславянская мова, як першая кніжная мова славян, узьнікла на груньце салунскага дыялекту. Аднак, у выніку паскоранае кадыфікацыі і ўмяшаньня “інтэлігенцыі” ў моўную сыстэму, яна займела шмат таўталягічных і гвалтоўных словаўтваральных канструктаў, якія адхілілі яе сыстэму ад натуральнага разьвіцьця астатніх славянскіх дыялектаў.

Дэскрыпцыя 1. У стараславянскай мове надта пашырыліся словы на -и-е з абстрактным значаньнем: беззаконие, благонравие, величие, лицемерие, незлобие. Відаць, паводле павярхоўнае аналёгіі з грэцкімі словамі на -ια (алетэйя, энтэлехія). Утварыліся нават чыста таўталягічныя фарманты, скажам, -ств-о + -и-е = -стви-е (благодарствие, действие, следствие, шествие). Усяго гэтага не было ў простай праславянскай сыстэме й не ўзьнікала ў яе жывых гаворках.

Дэскрыпцыя 2. Найбольшыя структурна-функцыянальныя дэфармацыі зазналі ў стараславянскай мове аддзеяслоўныя фарманты на -ани-е, -ени-е, прыкладам: благоухание, вожделение, напыщение, наслаждение, поношение, смущение, соединение, тщание, украшение, упражнение, ухищрение. Многія зь іх прыраўналіся да абстракцыяў на -и-е, -ств-о, -стви-е, а функцыі ўсіх разам сталі ўзаемазамяняльнымі. У выніку, цэлыя групы суфіксаў сэмантычна НЭЎТРАЛІЗАВАЛІСЯ.

Дэскрыпцыя 3. Сыстэма беларускае мовы (як і бальшыні іншых славянскіх моў) разьвівалася без гвалтоўных дэфармацыяў. Аддзеяслоўныя спакменьнікі на -аньне, -еньне вырасьлі ў асобную граматычную катэгорыю дзееспакменьнікаў (славянскі герунд): важэньне, ганяньне, кіненьне, аджыўляньне, палоцьце, церце, што захоўвае дзеяслоўнае трываньне: разьвязаньне - разьвязваньне, намаўляньне - намовеньне, выбіраньне - выбраньне, праводжаньне - правядзеньне, будаваньне - збудаваньне, браньне - узяцьце.

Дэскрыпцыя 4. Значаньне гэтых nomina actionis карэлюецца з’ значаньнем іншых фармантаў. Скажам, вынік дзеяньня перадаюць фарманты -ø (выбар), -ак (упадак), -а (намова), -унак (гатунак), дзеяньне як рытуал - -ін-ы (адведзіны), -к-і (адведкі), -ы (зовы). Дарэчы, у беларускай мове нельга блытаць само дзеяньне паданьне (спаданьне) й ягоны вынік - упадак, або разьвязваньне (разьвязаньне) й вынік - разьвязак.

Дэскрыпцыя 5. У беларускай мове ад назоўніка дзеяньня (nomina actionis) можа паўстаць найменьне суб’екта дзеяньня (nomina agentis): купаньне - купаньнік, казаньне - казаньнік, нашэньне - нашэньнік і г.д. Ад больш архаічных слоў з суфіксам -ц-е ўтвараецца носьбіт дзеяньня на -ец: палоцьце - пялец (праўда, менш рэгулярна). (Ў адных дыялектах гэтыя nomina agentis захавалі арыгінальную форму на -аньнік, у іншых - менш арыгінальную на -альнік.)

Сума 1. Вось жа, як адпрыметнікавыя ўтварэньні на -нік захоўваюць атрыбутыўнае значаньне, так аддзеяпрыметнікавыя ўтварэньні на -аньнік захоўваюць дзеяслоўнае значаньне. Беларускія nomina actionis на -аньне, -еньне і nomina agentis -аньнік, -еньнік істотна КАМПЭНСУЮЦЬ непажаданыя ДЗЕЕПРЫМЕТНІКІ на -уч, -юч, прыкладам: супраць надыходзячага - супраць надыходжаньня, гаворачая асоба - асоба гаварэньня, выступаючы - выступаньнік, абганяючы - абганяньнік і г. д.

Каралар 1. Каб убачыць розьніцу беларускага й стараславянскага словаўтварэньня - варта паспрабаваць перакласьці на беларускую мову стараславянскі спакменьнік деяние. Яму адпавядае беларускі спакменьнік выніку дзеяньня ўчынак, яшчэ лепш - справунак. А фармальна тоесны беларускі назоў дзеяньне, як выяўляецца, - сэмантычна тоесны зусім іншаму слову - действие з таўталягічным суфіксам -ствие. Дык дзе ў беларускай мове СЫСТЭМА - там у стараславянскай ХАОС.

Схолія 7. Гісторыя расейскае мовы прынцыпова розьніцца ад гісторыі беларускае мовы (і ад гісторыі іншых славянскіх моў). Доўгі час расейцы карысталіся стараславянскаю (ці, інакш, царкоўнаславянскаю) моваю як уласнаю літаратурнаю. Расейскія народныя элемэнты й царкоўнаславянскія кніжныя элемэнты паступова зрасьліся ў адно цэлае да такой ступені, што паасобныя мовазнаўцы лічаць сучасную расейскую мову вынікам разьвіцьця царкоўнаславянскае мовы на расейскім груньце.

Гіпотэза. Неўтралізацыя суфіксаў nomina actionis у царкоўнаславянскай мове не заўважалася да тае пары, пакуль мова існавала як кніжная, элітарная. Але як толькі яе элемэнты ўліліся ў жывое расейскае маўленьне - узьнікла пільная патрэба кампэнсацыі гэтае граматычнае функцыі. І менавіта нястача nomina actionis на -ани-е, -ени-е (вынік нэўтралізацыі) - выклікала да жыцьця новыя nomina actionis на -к-а (носка, присылка, резка, явка), а таксама этымалягічна зьвязаныя зь імі nomina agentis на -чик, -щик (доводчик, носчик, отбойщик, ответчик, проведчик, резчик).

Сума 2. Такім парадкам, nomina actionis на -к-а і nomina agentis на -чик, -щик - чыста расейская народная зьява, выкліканая дэструкцыйным уплывам царкоўнаславянскае мовы. Праўда, ні ў самой царкоўнаславянскай мове, ні ў праславянскай, ні ў іншых славянскіх мовах мы ня знойдзем гэтых суфіксаў. Ёсьць толькі іх ПРАТАТЫПЫ - пэўнага кшталту “зародкі”.

Апорыя. Прапанаваная тут гіпотэза раскрывае абставіны ўзьнікненьня расейскіх nomina actionis на -к-а і nomina agentis на -чик, -щик, але пакідае пад пытаньнем парадак іх узьнікненьня на расейскім груньце. Здаецца, што першымі мусілі зьявіцца суфіксы -к-а, а тады ўжо - -чик, -щик, але насамрэч nomina agentis на -чик, -щик фіксуюцца ў помніках канца XV ст, а nomina actionis на -к-а - толькі зь XVII ст. Мабыць, працэсавы суфікс -к-а разьвіўся ў выніку перараскладаньня суфіксаў -чик, -щик.

Сума 3. Зробім практычныя высновы для сучаснае беларускае мовы. Суфіксы nomina actionis на -к-а і nomina agentis на -чик, -щик русіфікуюць ня толькі лексыку й словаўтварэньне. Яны адпраўляюць ў архіў цэлую сыстэму беларускіх граматычных катэгорыяў: дзееспакменьнікаў і зьвязаных зь імі сынтаксычных канструкцыяў. І ў той жа час яны ня могуць кампэнсаваць дзеепрыметнікаў на -уч, -юч, як тое робяць больш гнуткія nomina actionis на -аньне, -еньне.

Хрыя. Суфіксы nomina actionis на -к-а і nomina agentis на -чик, -щик - гэта ГОНАР расейскае гутарковае мовы й ГАНЬБА беларускае савецкае мовы. Бо ў расейскай мове яны ўзьніклі як пільная жыцьцёвая патрэба сыстэмы. А ў нас яны прыжыліся як вынік рабскага “зьлізваньня” ўсяго каляніяльнага. Расейцаў гэтыя суфіксы зрабілі ні да кога не падобнымі, а нас - падобнымі толькі да расейцаў.

© Ю. В. Пацюпа, 2008

словаўтварэньне, суфіксы, мова

Previous post Next post
Up