Найстрашнейшы моўны вірус!
Правадыр міжнароднага пралетар’яту Уладзімір Ільіч Ленін, здаецца, казаў так: Прыватная ўласнасьць на зямлю спараджае капіталізм штодзённа, штохвілінна і ў масавым маштабе. Я ня пэўны, што ён гаварыў менавіта пра зямлю - дый неістотна! Я не падзяляю сацыялягічных ідэалаў правадыра міжнароднага пралетар’яту (ПМП). Але чыста мэтадалягічны ход думкі тут вельмі ўдалы й варты перайманьня. Сёньня мне хочацца сказаць тое самае пра суфіксы -чык, -шчык у беларускай мове:
Суфіксы -чык, -шчык русіфікуюць беларускую мову штодзённа, штохвілінна і ў масавым маштабе.
Пра небясьпеку гэтых суфіксаў я пісаў ня раз, але, як казаў Эмпэдокль, тое, што варта, можна сказаць двойчы. І тройчы… і пяты, і дзясяты раз… Паўтару толькі асноўныя тэзы.
Беларуская мова мае вельмі зладжаную сыстэму словаўтварэньня: носьбіты прафэсіі найчасьцей маюць суфікс -ар (аптакар, сталяр), носьбіты шырокае функцыі - -нік (дасьледнік, лясьнік), носьбіты працы - -ец (вазец, касец), носьбіты дзеяньня - -аньнік, -альнік (купаньнік, нашэньнік), носьбіты часовага дзеяньня або непаважлівае функцыі - -ач (чытач, таўкач), носьбіты прыкметы - -ун, -ух-а (бягун, бягуха, харашун, харашуха), носьбіты высокай функцыі - -ц-а (Збаўца, знаўца, Створца), цікава назіраць, як узвышэньне прафэсійнае функцыі мяняе -нік на -ніч-ы (лясьнік - лясьнічы і такім самым спосабам - даньнічы, паляўнічы).
Першая гістарычная даведка. Спакменьнікі nomina agentis на -чик, -щик разьвіліся ў мове расейскіх канцылярыяў, г. зв. «прыказаў» на мяжы XV-XVI стст. У тыя часы іх прадукцыйнасьць была проста шалёная: В его не въещают ни ямщик ни боровщик, ни бобровник (Грамота 1483-1501); А проведчики и доводчики поборов своих у них не берут (Грамота 1509); мастеров всяких было много: иконники, книжные писцы, серебреные мастеры, кузнецы и плотники и каменщики, и всякие кирпищики и стеныщики и всякие рукодельники (Домострой).
Калі паспрабаваць некаторыя старарасейскія nomina agentis перакласьці старабеларускімі nomina agentis, выйдзе прыкладна гэтакі слоўнічак:
боровщик - гаёўнік
кирпищик - цагляр
проведчик - сок
доводчик - віж
каменщик - муляр.
Другая гістарычная даведка. На Беларусь тыя суфіксы праточваліся павольна, разам з расейскай тэрміналёгіяй, і вялікай пагрозы, як быццам, ня несьлі, скажам: Энэй канторшчыкам у нас (В. Равінскі); К яму падбег лясьнічы і далажыў, што ўсё гатова, толькі яшчэ няма Кузьмы, кухараўскага аб'ездчыка (К. Каганец). Але яшчэ ў сьпісе паэмы «Тарас на Парнасе», які на сёньня можна лічыць найаўтарытэтнейшым, сказана: Чы знаў з вас, браты, хто Тараса, // Што у палесаўніках быў. Заўважма, не палясоўшчык, а палесаўнік! (На жаль, прыняты ў школьнай практыцы тэкст «Тараса на Парнасе», прыгладжаны, але не аўтэнтычны, мае расеянізм палясоўшчык.)
Там, дзе зьяўляюцца суфіксы -чык, -шчык - ад беларускіх мадэляў словаўтварэньня застаецца толькі настальгічны ўспамін. За Саветамі гэтыя суфіксы сталі бядою беларускага словаўтварэньня, навадніўшы сабою мову й асабліва тэрміналёгію.
З задавальненьнем хацеў бы зацеміць, што ўкраінская мова не паддалася наступу гэтых суфіксаў-“чык-ацілаў”. Асноўнай альтэрнатывай суфіксам -чик, -щик ў украінскай мове стаў суфікс -ач. У нас -ач шырока ўжываецца, але ягоная функцыя сэмантычна й стылёва абмежаваная. Я б ня раіў ад малпаваньня расейскае мовы пусьціцца ў малпаваньне ўкраінскае мовы.
АСНОЎНАЙ АЛЬТЭРНАТЫВАЙ РАСЕЙСКІМ СУФІКСАМ -чик, -щик У БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ МОГУЦЬ СТАЦЬ ТОЛЬКІ СУФІКСЫ -ньнік, -еньнік (-эньнік), ЦІ, ІНАКШ - ФАРМАНТЫ -аньнік, (-яньнік) -еньнік (-эньнік).
Пра апошнія я маюся напісаць асобна й крыху падрабязьней. А тут толькі зьвярну ўвагу на розныя, заразом і менш рэгулярныя, альтэрнатыўныя мадэлі.
Пры жаданьні, заўжды можна знайсьці беларускае слова, ці даўнейше, ці дыялектнае, ці новае, створанае паводле ўласных мадэляў, прыкладам:
болельщик - заўзятар
бунтовщик - бунтаўнік
удильщик - вýдаль, рыбак
выдумщик - ілгун, ашуканец
докладчик - чытар, лектар
кабатчик - карчмар, шынкар, рандар
купальщик - купаньнік
начотчик - схаляст
подпольщик - падпольнік
перевозчик - перавозьнік
пикетчик - пікетовец
разьведчик - выведнік
сыщик - дэтэктыў; стблр. віж; сок
фарцовщик - фарцоўнік.
Усе вышэй прапанаваныя прыклады ня выдуманыя мною дзеля нагоды. Гэта словы ўзятыя з тэкстаў, з маўленьня. Некаторыя зь іх, як бунтаўнік, карчмар, купаньнік, вытрымалі апрабацыю даўжынёю ў стагоддзі, некаторыя, як заўзятар, пікетовец, выведнік, - створаныя зусім нядаўна. Але ўсе яны ў згодзе з законамі беларускае мовы.
Увага. Суфіксы -чык, -шчык ні ў якім разе нельга блытаць з суфіксам --ік, які ўжываецца пры прыметніках: ад заморскі - заморшчык, а таксама пры ўтварэньні памяншальна-любосных формаў: ад хлопец - хлопчык.
Трэцяя гістарычная даведка. Адэпты тэорыі ўсходнеславянскасьці, любяць усе маскалізмы запісваць у рэестар “агульнаўсходнеславянскіх” зьяў, не разумеючы, што тым самым яны падкопваюць кволы гістарычны грунт уласнае тэорыі. Чаго вартая тэорыя, якая грунтуецца на інавацыях апошняга прамінулага стагоддзя! Дык гэт’та зацемлю: НІВОДНАЯ СЛАВЯНСКАЯ МОВА, АПРАЧА РАСЕЙСКАЙ, НЯ МАЕ СУФІКСА -чик, -щик. (Балцкія мовы й пагатоў яго ня маюць!) І навошта нам гэты дарунак “старэйшага брата”?..