Чэмпіянат Беларусі па валейболе прыпынены да 6 красавіка. А па футболе?

Mar 17, 2020 17:24

Навала каранавірусу сталася больш сур'ёзнай, чым думалі напачатку. Беларусь і Турцыя засталіся апошнімі краінамі Эўропы, дзе яшчэ не прыпыненыя нацыянальныя спаборніцтвы. Беларуская федэрацыя футболу заявіла, што планаваны старт Найвышэйшай лігі 19 сакавіка застаецца ў сіле, прычым матчы пройдуць з гледачамі на трыбунах. Тое, што ўлады проста ня хочуць абвяшчаць каранцін, але ўсьведамляюць праблему, сьведчыць хаця б колькасьць выказваньняў пра гэта ў "вярхах". Як і тое, што дзеці вельмі высокіх пасадоўцаў "раптоўна" перасталі наведваць школы ды ўніверсітэты. Добра, што нямала бацькоў у Воршы таксама прымаюць нейкія меры і не пускаюць дзяцей у школы. Суседзі зачынілі з намі межы, але АБФФ-мафія са сваім "прызначаным" пагонным кіраўніком нічога самастойна не вырашае. Пры Базанаве федэрацыя вярнулася ў самыя смутныя часы рэгрэсу. А вось у Беларускай федэрацыі валейболу знайшліся сьмелыя людзі, якія прынялі няпростае рашэньне: ад сёньня і да 6-га красавіка чэмпіянат Беларусі ў дывізіёнах А і Б прыпынены. Неўзабаве аршанскі "Ўзьлёт" меўся гуляць паядынак наступнага этапу, аднак цяпер у лепшым выпадку чэмпіянат адновіцца праз паўмесяца. За дзень да гэтага былі адкладзеныя ўсе дзіцячыя спаборніцтвы.


валейбол, Беларусь, чыноўнікі

Previous post Next post
Up