Балада пра цмока

Jan 06, 2016 12:00

Пакуль мой мужчына заняты і не бачыць гэтай ганьбы, я паглядзела новы расейскі "блакбастэр” Ён-Цмок. Хе-хе не ўтрымалася, пераклала назву)



Мне аднойчы вельмі спадабалася думка тут у жж суполцы пра тое, што калі твор не асабліва ўразіў, то можаш спакойна і цьвяроза займацца яго аналізам. А калі прыйшоўся даспадобы, то ў галаве думкі толькі кшталту «уіііі», а з горла вырываецца поўны захаплення неразборлівы клёкат. Так што я перайду да крытыкі-і-і)

Сюжэт... Кнігу я чытала, і ўжо па трэйлерам бачыла, што экранізацыя далёёкая ад арыгінала. Ды й гэтыя рэплікі пра расейскае Сутонне мяне насцярожылі. Так што да фільма я была максімальна пагана настроена і чакала горшага, а вынік апынуўся не такім ужо і безнадзейным. Галоўнае - правільна сябе настроіць, так) А сюжэт вельмі просты насамрэч, у ім усяго адна па сутнасці лінія, і яна - правільна - пра каханне. Мабыць кіно арыентаванае на падлеткаў дзяўчат, інакш цяжка патлумачыць такое навязлівае мусоленне гэтай тэмы кахання і нейкіх дзіўных дыялогаў, за якія мне чамусь было няёмка. На пачатку мне было нават цікава, і досыць сучасны ўжыты ход, калі ў гераіні сам працэс яе скрадзенне выпадае з памяці, то яна была ў чаўне, а тут адразу ў пячоры. У гэты момант лінейнасць перарываецца, адзіны раз на фільм на жаль, а далей усё рухаецца паслядоўна і надзвычай марудна. Я хоць і дзяўчына, і сентыментальная ранімая натура, але на першай гадзіне мне набрыдла тое, што на экране па сутнасці акрамя прыгожай карцінкі нічога не адбываецца, і я стала паглядаць на час. Героі ходзяць, трындзяць, бегаюць па пляжу, купаюцца (узгадалася рэклама Баўнці)... І ўсё. А на голы торс, нават такі накачаны, мне глядзець нудна. Шкада, што прыбралі яго марскога ворага, з якім цмок змагаўся ў кнізе.

Гэта што тычыцца рэкламы Баўнці. Інфармацыйная і сюжэтная насычанасць гэтага эпізода імкнецца да нуля -- для мяне.


Падбор акцёра я лічу досыць удалым дарэчы. І знешне, ды й я б не сказала, што іх гра была такая ўжо правальная. Але дыялогі, дыялогі такія хмммм... Мо яны б мне ў гадоў 16 пакацілі, але зрэшты і гісторыя пра зусім йюных дзеў і хлопцаў. Магчыма, магчыма дыялогі значна лепш гучалі б у выкананні прафесійных акцёраў, цяжка сказаць. Таксама ў такім а-ля старажытная Русь антуражы героі размаўлялі занадта сучасна, на мой погляд. І паводзіла сябе княжна (якую ж адпаведна павінны былі выхоўваць) досыць так сабе вольна, з напаўголым та мужыком на востраве.

О, а яшчэ мне не спадабаліся песні. Усе, акрамя той, што здаецца Алена Арлова выконвае. Астатнія былі і занадта сучасныя, і занадта папсовыя, і не да месца. У сярэдзіне назіралася нейкая такая залішняя канцэнтрацыя гэтых песен. Ну ок, спачатку яны пашвэндаліся пад музыку, потым у нейкі момант, які рэжысёр палічыў важным, на фоне ўзнікла песня (з супер-глыбокім значэннем, ага), потым зноў эпізод з музыкай, а за тым зноў з песняй. У такім простым па сюжэту фільме музыка, як мне здаецца, павінна ставіцца вельмі і вельмі ювелірна і выверана, а так узнікае пачуццё дэжавю. Бо дыялогі, фон і песні ганяюць па колу, а апошняе не выкарыстоўваюць як акцэнт. І тэкст гэты «любіць страшна» выклікае смех. Любіць высокага сэксапільнага наіўнага Тарзана, які пераўтвараецца ў мілага дракона, зусім не страшна, прабачце) Вось быў бы ён аб'юзерам... Але музыка мне спадабалася. Там быў напрыканцы адзін момант, калі Міра праспявала песню дракона, нікога няма, і тут яна бачыць сняжынку - гэта прыгожы ўдалы момант, музыка пакладзеная ідэальна, я нават яго некалькі разоў праглядзела.



Таксама ў мяне выклікала пытанне рэакцыя бацькі і сястры напрыканцы на тое, што  Міра раптам захацела вярнуцца да дракона. Сястра падтрымала, а бацька дык увогуле ледзь не хусцінкай услед памахаў. Ну я не ве-еру. Па-першае адкуль яны ведалі пра тое, што дракон можа быць чалавекам? Наўрад пераможца драконаў пра гэта расказваў, гонару ў такой перамозе як бы эээ мала. Па-другое ну не маглі яны ў тым грамадстве да такога лаяльна паставіцца. Якімі б адукаванымі для свайго часу яны не былі. Драконы жралі пакаленнямі дзяўчат, і тут раптам бацькава «Значыць гэта выбрала тваё сэрца».



Добра, а што спадабалася? Як і ўсім - карцінка. Карцінка харошая, прыгожая, цікавая. Родны горад Міры і востраў зробленыя на кантрасце, яе радзіма гэта бясконцая зіма ў стрыманай шэрай гаме з чырвонымі акцэнтрамі і снегам, прыгожа. А востраў - рэклама Баўнці, як я казала, але ну няхай, да таго ж чэрап цмока паказаны з усіх бакоў. Дракон зроблены добра, да спецэфектаў няма дзе прыдрацца, ваўсяляк мне. Дэкарацыі ок, касцюмы ок, усё вельмі дэтальна і фактурна.Спадабалася, як яны вырашылі візуальна пераўтварэнне з чалавека ў жывёлу, такому рашэнню верыш. Хаця...мабыць не толькі ў мяне ўзніклі розныя кхм паралелі ад таго, што ў дракона мужчына пераўтвараецца ад дотыку дзяўчыны да яго мускулістага цела %)

І я зноў вяртаюся да сюжэту... Мне не зразумела, ці то бацька Армана прынёс тады новую нявесту для новага сына (замест свайго баягуза-няўдачніка), ці то драконы растуць па гадзінах, але ж не магло так быць, што дзеда Ігара вяла да вострава любоў дзяўчыны, якая памерла шмат гадоў таму. Карацей пытаннечка. Але я нешта думаю, што сакрэт нараджэння драконаў быў аўтарамі прыдуманы менавіта такі, бо ў кнізе нічога пра гэта не раскрывалася здаецца. Калі Юта запытала, то Арман не захацеў гаварыць.

І як тут зноў не ўзрыдаць над тым, што магло быць харошае кіно для шырокай аўдыторыі (ну як напрыклад Галодныя Гульні першая частка), а атрымалася казачка для дзяўчат. Паклаўшы руку на сэрца, калі б ГГ быў кіношным тыпажом, які я люблю прафесар Снэйп, то я б закрыла вочы на ўсе недакладнасці і  ляпы. Бо ўсе мы, жанчыны, жадаем прыручыць злобнага дракона! Але гэта была б ужо зусііім іншая гісторыя. Княжна і прафесар Снэйп на востраве, ммм)))) Княжна і Дракула ў выкананні Олдмана. Княжна і Біл Мюрэй... А вось ён бы адзін такі фільм выцягнуў бы сваёй мімікай, і яму б яшчэ і Оскара далі. Княжна і Сірыўс Блэк? Але, баюся, ён быў блакітны, як і Дамблдор... Княжна і Кайла Рэн! Добра, трэба спыніцца)))))

А якія высновы і парады? Мужчынам катэгарычна не глядзець) Жанчыны - як пажадаюць, але праўда, лепш раю пачытаць кнігу)

А што да таго, быццам я толькі крытыкаваць магу... То мне новы Шэрлак спадабаўся між іншым. Хаця глыбіні, якую ўжо раскапалі фанаты, я там не пабачыла. Але каб нешта па яму напісаць, трэ яшчэ раз перагледзець.

КіНО, рэцэнзіі

Previous post Next post
Up