La grande bellezza

Jan 11, 2016 14:30

Я вось нядаўна пісала, што калі нейкі твор вельмі спадабаўся, то і аналізаваць яго не хочацца. Дык вось гэта той самы выпадак. Я нарэшце азнаёмілася з творчасцю італьянскага рэжысёра новага пакалення Паола Сарэнціна. Фільм La grande bellezza ў 2013 годзе атрымаў Оскар як замежны, як ні дзіўна, хе, бо гэтая прэмія даўно не паказнік харошага кіно.




Некаторыя параўноўваюць карціну з Салодкім жыццём Феліні. Я не бачыла (пакуль), але па сюжэту сапраўды падобна. Тым не менш гэты факт аніяк не змяншае значнасці фільма, бо тэма пераасэнсоўвання свайго жыцця -- яна вечная. Кожнае наступнае пакаленне задаецца тымі ж самымі пытаннямі, але глядзіць на ўсё праз прызму новага гістарычнага наслаення. Дзеянне разварочваецца няспешна і меланхалічна, а на фоне ўвесь час віруе цудоўны Рым. У карціне адчуваецца моцная і горкая іронія і ў той жа час пяшчота і любоў, з якой рэжысёр расказвае сваю гісторыю. Мне ён патрапіў як тая страла Амура -- ў самае сэрца. І сваёй эстэтыкай, і атмасферай, і пытаннямі. І гэтая арыстакратыя напракат, і мужчына з чамаданчыкам, у якім ёсць ключы ад усіх самых прыгожых дамоў Рыма, і тое, як прыезд святой пераўтварылі ў свецкае мерапрыемства, і пра кардынала, які замест духоўных пытанняў хацеў размаўляць пра рэцэпты, і гэты таямнічы чалавек на паверх вышэй -- кароценькія гісторыі ззяюць як дыяменты... І тое, як аўтар смяецца з сучаснага мастацтва праз інсталяцыю жанчыны, што б'ецца галавой аб сцяну "да крыві" і нават не можа патлумачыць свой канцэпт. І няшчасная дзяўчынка, якой зарабараняюць гуляць, бо яна малюе карціны і зарабляе ім мільёны. Узгадаўся фільм пра Наталі Вуд, бедныя бедныя дзеці...  І бясконцая тусня на вечарынах у рэшце рэшт))) Вось проста ўсе хваробы эліты вывярнутыя і прэпарыраваныя перад гледачом. І тое, што за ўсёй гэтай мішурой яны даўно ўжо нічога не кантралююць, а кіруюць усім іншыя.

І галоўны герой, канешне, безумоўна шыкоўны, з такім высокім ілбом, інтэлігентным тварам, дарагімі касцюмамі -- італьянскі мужчына найлепшага, гы-гы, гатунку.. Яго бачанне мора на столі -- як я яго разумею. І Рым, Рым ледзь не змусіў пусціць настальгічную скупую слязу, настолькі ён Той, якім я яго бачу.

Але фільм не для ўсіх. Калі вам патрэбна шмат дзеяння, пагоні і спецэфекты, то іх там няма. Ён бярэ эмацыйнай насычанасцю, і мабыць менавіта тых, хто...сам такі, не ведаю. Тых, хто шукае прыгажосць, хто задаецца пытаннем сэнсу жыцця, каго турбуе занадта хуткая плынь вакол, што нясе невядома куды... Ну неяк мабыць так.

КіНО

Previous post Next post
Up