Я ўсё ж сабралася і падрыхтавала пост пра адзін дзень у Асуане) Для памяці, і мо каму будзе цікава.
Тытульная карцінка паста. Дык вось ты які, правільны Ніл!)
Жылі мы ў нубійскім гатэлі, праз раку ад асноўнага Асуана так бы мовіць. Такую карціну я пабачыла раніцай першага студзеня, калі выйшла аглядзецца. Сустрэча Новага года ўдалася!) Я ўжо паказвала 2 замалёўкі з гэтага месца
тут і
тут.
Крыху гатэля, ён вельмі аўтэнтычны. На даху ёсць тэраса з навесам, дзе можна пасядзець, выпіць кавы, папаліць кальян) І гатуюць проста так, што немагчыма спыніцца. Мінус: узімку холадна ў нумарах, кандыцыянеры не працавалі на падагрэў. Але гэтым грашыць увесь Егіпет, яны не замарочваюцца ацяпленнем на тыя няшчасныя паўтары месяцы зімовага холаду.
Забаўныя ўпрыгожванні)
Наша раніца зацягнулася, і выйшлі мы позна. Таму часу на грабніцы засталося катастрафічна мала, яшчэ былі справы на тым беразе. Але мы жылі зусім побач, і шкада было іх не агледзець. Крочым наперад!
Я азіраюся назад, і потым даводзіцца даганяць кампанію) Выглядае не ахці, але насамрэч уначы з вакна машыны я бачыла вельмі нават сімпатычныя вулачкі і дамы з незвычайнымі роспісамі. Шкада, што потым не давялося іх наведаць.
Не ведаю, што гэта за пабудовы. НА поўначы ў яйкападобных будынінах з дзіркамі галубоў вырошчваюць, а тут -- не маю ўяўлення, тым больш улічваючы знак паўмесяца. Выглядае закінутым.
Вось ужо бачны пад'ём.
Набываем квіткі. Кошты нават не самыя страшэнныя, але ж і месца не ў залатым спісе "Трэба ўбачыць". І ўвогуле тут мясцовыя не такія нахабныя і разбэшчаныя турыстамі.
Я ўглядаюся ў шлях наверх і пачынаю моцна шкадваць аб тым, што мае кеды маюць дзіркі ў падэшве)
Хуценька фоткаю і зноў бягу за ўсімі.
Але сказаць "бегчы" па такой лесвіцы -- гэта занадта моцна, канешне.
Вось ужо нешта бачна. Называюцца яны, як і напісана на шыльдзе, Tombs of the Nobles. Я не буду пераказваць тое, што прачытала ў інтэрнэце, бо сама не надта разбіраюся ў прадмеце. Асноўная ідэя ў тым, што тут хавалі губернатараў, як я зразумела.
Вядома тут жа з'яўляецца мясцовы жыхар, каторы палае жаданнем правесці нам экскурсію за хе сімвалічную плату) Мы рушым за ім, я, фоткаючы ўсё вакол па 10 разоў, бягу за ўсімі.
Асуан з вышыні птушынага палёту)
Краявід уражвае. Я ўжо пісала, што Асуан -- горад ветразяў. Хаця тут толькі адзін бачны, мабыць яшчэ не прачнуліся... А яшчэ мне здаецца, што вось я зраблю няправільны крок і дагары нагамі палячу ўніз.
Наш "экскурсавод" нешта там расказвае, але тут ці фоткаць ці слухаць. Да ўсяго мову та я не разумею)
Сляды цывілізацыі!)
Я так бачу, што гэты шлях таксама вядзе ўніз, але выглядае ён досыць небяспечным і мабыць забаронены для карыстання.
Унутры грабніцы. Я фоткала на мабільны, таму якасць не надта...
Усё як паўсюль, але мне падабаецца, калі рэльефы так асветленыя.
Нават колеры няблага захаваліся.
І яшчэ адно фота Ніла) Тут бачна, што сапраўдная натуральная зеляніна можа жыць толькі каля вады.
Я гляджу наверх, людзі на валунах падаюцца маленькімі і недасягальна далёкімі.
Мне гэта чамусь нагадвае слаёны пірог) Дарэчы толькі тут я зразумела, чаму мясцовыя мужчыны ходзяць з замотаным тварам. Пясок у валасах, вачах, абутку, эх...
Цікавая фактура гары.
А гэта мы вятраемся да пачатку, тут рэшткі хрысціянскага храма. Падобна на абсіду. Нават роспісы захаваліся!
Характэрныя такія аркі.
Плюс падарожжаў у студзені па Верхняму Егіпту ў тым, што не спякотна. Але ў гэтым і мінус, увечары, уначы і ў пустэлі капец як холадна.
Вось зноў гэты былы храм для зацікаўленых)
Падымаемся па каменнай лесвіцы. Увесь час думаю аб тым, як буду каціцца ўніз калі што :)
Прыгожа, што тут скажаш)
Дарэчы сюды наш "эксурсавод" не пайшоў, ён толькі грабніцы паказаў.
Дарэчы на здымках не бачна людзей, але там іх досыць багата было, у асноўным арабскіх турыстаў.
Гэта фотка іншага боку, маю ўвагу прыцягвае цікавая паўкруглая форма.
Тут мы разумеем, што спазняемся на важную сустрэчу, і даводзіцца ісці ўніз. Так што да той пабудовы мы так і не датопалі. Ну што ж, мо ў іншы раз.
Едзем на пароме "ў горад". Тут усё крывенька, але пасудзіна хісталася, і лепш не выйшла. Дарэчы тут, як і ў метро, ёсць дзяленне на паловы для жанчын і для мужчын. Не надта зручна, калі едзе пара, хаця там ёсць пасярэдзіне двухбаковая лаўка спіна да спіны, можна сядзець там. Кошт ці то 5, ці то 10 фунтаў, і лепш даваць без рэшты, праўда :)
Гара з таго берага. Прыкладна з гэтага боку я рабіла
замалёўку ў макдаку.
Узбярэжжа, тут стаіць карабель, на каторым мы і паплывем у круіз. Дарэчы цікава, я не ведала, што вось гэтыя гм мінілайнеры становяцца шчыльна адно да аднаго, і ты праходзіш усе наскрозь, каб патрапіць у свой. Ля берага стаіць толькі адзін з 4 скажам.
Потым мы спяшаемся на кірмаш. У прынцыпе ён нічым асабліва не адрозніваецца ад іншых егіпецкіх, як на мой погляд.
НЕ ведаю, навошта гэтыя шышкі, але выглядаюць файна.
Прыгожыя колеры.
Кірмаш размешчаны на адной канкрэтнай доўгай вуліцы, яна знаходзіцца недалёка ад берага ў прынцыпе.
Бачу царкву, але часу на яе няма. Увогуле ўсе фоткі на бягу)
Аглядаем выбар галябій)
Адзіныя незвычайныя сувеніры -- гэта маскі, яны даюць адразу адчуванне таго, як мы наблізіліся тэрытарыяльна да зусім іншай Афрыкі. Ну і мова ў іх адрозніваецца ад егіпецкага дыялекта. А магніцкаў з назвай "Асуан" мы не знайшлі, толькі набрыдлы "Егіпет". Шкада.
У выніку мы вяртаемся назад ужо ўвечары. Хачу паказаць тут гэту фотку (з сайта www.visitaswan.info), бо грабніцы цудоўна асветленыя. І калі перапраўляешся ў цемры на пароме, вакол чорная вада, а гара свеціцца, уражанні цудоўныя.
Карацей Егіпет гэта не толькі мора) У Асуане ёсць яшчэ парк, няскочаны абеліск, нейкі тэматычны музей, дамба, якую саветы дапамагалі ім будаваць, і з-за якой у Ніле (ніжэй) няма кракадзілаў і больш не патрэбныя ніламеры (мы яе бачылі праездам), і яшчэ шмат чаго цікавага, я думаю. Спадзяюся, як-небудзь паўтарым падарожжа сюды. І адсюль зручней за ўсё ехаць у Абу Сімбел, што мы ў рэшце і зрабілі)