Справаздача з радаўнічнай паездкі ў Кіеў даўно мусіла з'явіцца. Але адразу - не было часу, пасля - настрою. Наогул - дні цудоўных супадзенняў, прыгодаў, зрэшты, так заўжды бывае, калі едзеш спынам, і калі едзеш далёка. Ну, і ў іншых выпадках бывае)
У пятніцу - сысці з дзвюх параў, каб наведаць могілкі з прапрапрабабуляй, быць выцягнутай з іх старой школьнай сяброўкай, якую не бачыла ўжо больш за год (і зараз бы не пабачыла, як бы яна не апынулася ў чатырох прыпынках ад мяне) і якая ўжо даўно жыве ў Жыровічах (нарадзілася ідэя туды з'ездзіць), сустрэцца з Афелькай, паваляцца на ўжо зялёнай траўцы... дзве машынкі да Гомеля, ускраіна горада (мая радасць ад даезду і неспакой ураджэнкі горада - пааніка, невядомыя мясціны!), а ў Гомелі - такія прыгожыя старыя драўляныя дамкі! З вялікіх бярвенняў, на вокнах, падстрэшшах, дзверах - карункавая разьба... Ммм! Нечакана і цудоўна. І яшчэ дзівосныя скульптуркі па ўсім горадзе. Мне так падабаецца, гэта так слушна - прыгажосць павінна быць па ўсім горадзе, у нечаканых месцах, і на ўскраінах, а не толькі на вызначаных пляцоўках у цэнтры, яна мусіць быць неспадзяванай і крэатыўнай, выклікаць усмешку. Люба сказала - гэта беспрацоўным скульптарам працу далі. Ы, вось бы ў Менску так!
Дагэтуль катуе сумленне - здаецца, я ўсё ж перапужала Любіну сястру, якая збіралася паступаць на маю спецыяльнасць і яе маці папрасіла распавесці - ну, як там? Я і распавяла... Амаль усё. Ну, праўду. І нават намагалася яе скрасіць. І прамаўчала пра сезонна-масавае жаданне забраць дакументы, пра эпапею з Дыдышкам, пра Касю, якая не вытрывала і злягла ў лякарню, пра людзей, што эвакуяваліся ў Піцер... Пра вар'яцкія кошты адпрацоўкі прапушчаных лабараторных... Пра здзеклівасць дэкана і некаторых кафедр... пра немытыя відэльцы ў сталовай і скоцкае стаўленне... Але нават без гэтага дзяўчынка задалася пытаннем - ці не пайсці ёй на бугалтара? Насуперак чалавечаму спачуванню, я ўсё ж спадяюся, што яна не раздумала паступаць. Я б ёй дапамагала, праўда! Проста яна мне спадабалася.
Дарога. Раніцай сабралася пад задуменным позіркам гаспадыні і ўжо адна - выпырхнула ў свежы горад. Да трасы дабралася пазней, чым меркавала - горад немалы. Дзве машынкі да мяжы (у другой была спакойная жанчына, але бурклівы дзед, таму я была рада чарзе і відавочнай актуальнасці пешага пераходу, хоць яны і ехалі ў сам Кіеў). Пасля мяжы - у лес. Аблягчыць вопратку (імкліва цяплела), паснедаць хлебам з сырам, абудзіць тэлефанаваннем, каб чакалі. Пасля - плынь легкавікоў міма (ужо пачала расчароўвацца - ээ, ну адну ж мусяць ахвотней браць!) і першая ж фура з літувісам. Спакойны, прыемны, культурны дзядзька. Няспешна гаманілі аб усім... Паварочваў на аб'езд км за 30 (20?) ад Кіева. Ну, а адтуль - сівыя дзядзькі з касетамі Rolling Stones ў бардачку.
Кіеў. На фоне доўгачаканай - яшчэ шэраг сустрэч, чаканых і нечаканых. У суботу - любімыя масквічы, якіх даўноо не бачыла. Далей - адна мілая беларуска, якую я амаль не бачу дома, але стабільна сустракаю ў Кіеве. Сяброўка з Вышгараду, з якой аб сустрэчы не дамаўляліся, бо ў іх там усё было забіта. Ну і сам Кіеў. І паветраныя сэрцы з вогнішчамі ўсярэдзіне. Парк на старажытных могілках, усярэдзіне - дурка з высачэзным плотам і недабудаваны корпус з дрэвамі на даху. Уся атмасфера - чыста Стругацкія... Неба побач. ЗД-шная "Аліса" (персы там дакладна прыгожыя, да і ідэйка нічога - некаторым маім сяброўкам прыйшлася б дууужа дарэчна (Офа!! Кася, і табе тэматычна!), ды і мне...), добры мульцік пра драконаў. І востраў з вужакамі, цёплым пяском, хуткімі струмянямі вады, курапаткамі ў палёх. Зноў горад... Вясна. Цеплыня. Шчасце.
Назад. Едучы назад - зусім не заганялася. А вось як высадзілі ў бяспеку ля метро... на спыне працуе тая ж фігня, што з маімі заваламі ва ўніверы: калі адбываецца нешта шчыра храновае, хочацца забіць на ўсё, не прыходзіць дадому, нікога не бачыць, можа, напіцца... але - не, ніяк, бо ва ўніверы ЯКРАЗ завал і трэ разграбаць, забіўшы на расстройствы. Ну і са спынам так. Я мушу гаманіць, рухацца, дзейнічаць, не быць амёбкай, усміхацца... і арганізму не хапае магчымасці сесці ля дарогі і разравецца па страчанай радасці і пустэчы наперадзе. Тры машынкі на кароткія перабежкі: хлопец-беларусавоз (распавядаў, што часта тут беларусаў падвозіць) з Івана-Франкоўску як напамін пра Львоў, жывая гаворка, шчырая радасць. Добры прыемны дзядзька, што сочыць за парнікамі - і на развітанне сунуў агуркоў. Уздоўж дарогі - буслы, буслы. Звычайны дзядзька, які спачатку падабраў, пасля (зусім не адразу) стаў скардзіцца на дарагі бензін (грошай чакаў?), а пасля (калі зразумеў, што не будзе) - стаў класці руку на калена і прапаноўваць кудысьці там заехаць. Брыдота. Адназначна патлумачыла, што маю іншыя мэты, ён доўга прабачаўся. На шчасце, адзіны такі выпадак за ўсю паездку. Якраз высоджвацца. Высадзіў перад мастом з "дзяўчынкамі". Ох. Ішла, ішла як мага далей, каб не нарвацца зноў, ужо па ўласнай дурасці. Фура. Зямляк, і ехаў у Менск. Паспакойнела на душы, хоць ён быў і не дужа прыемны. Не, дзядзька як дзядзька, але крыху прыбіты жыццём, распавядаў, як бухае... Зноў была рада выйсці на мяжы. Як ехалі, бачыла ля ўзбочыны "калег" з заплечнікамі і растаманскімі фішкамі. Дакладна вясна - павылазілі, як кветкі) Памежнікі "жартавалі" (толькі яны могуць жартаваць з такімі забойнымі тварамі) з маёй амялы (украінскі: "Гэта што за гербарый?", беларус: "Гэта што за канапля? О, асабліва ягадкі ўстаўляюць!"). Пасля мяжы крыху падвісла... Зусім цудоўны дзядзечка на мікрабусіку, з такім бы і ехаць да самага дому - ды не, да гомельскай аб'яздной. Там зноў падвісла, але не шкада: вакол - лес... Файны дальнабоец з паламаным тэлефонам - разам ратавалі ягоныя планы і задачы пасродкам майго, ды яшчэ падпрацавала сакратаром-пісарам) Перажываў, што не бяруц сушак, думаў - саромлюся (насамрэч проста паела ля мяжы). Але - зноў шкада - толькі да Бабруйска. Па рацыі "перасадзіў" да калегі, які ехаў нібы да Менску. Той ужо іншы. Малады, не надта пазітыўны, на размову не вёўся, сказаў - крута, што часта дома не бывае, бо там рабіць няма чаго, сумуе. Блін, першы раз такое! Магчыма, гэта можна было патлумачыць адсутнасцю пярсцёнка. Была невыспаная, ад цішыні пачала абрубацца... Хоп - "прыехалі!" Км за 80 да Менску - "Еду ў Оршу грузіцца". Ну ладна, бывайце. Дзіўны нейкі, ну праўда! Ладна. Адразу ж - машынка з двума моднымі маладымі хлапцамі, відавочна, па працы ездзілі, паспяховыя, пазітыўныя, музыка з ноўта - на ўвесь салон, пераважна - беларуская рускамоўная. На мяне ўвагі - мінімум, нішцяк, можна расслабіцца. Да метро "Магілёўская". Пасля спыну зусім не хацелася размаўляць, ні з кім - энэргетычна вычарпаная.
Ужо дачытала дзіцячую кніжачку, што пачала яшчэ там. Часам аж на слязу прабівала - які экшэн, якія пачуцці! Дачытвала ўчора на парах і з гордым выглядам ўсіх папраўляла: "ЧудОвысько!" Зразумела, што акрамя дзіцячай нічога і не палезе зараз. Кожны вар'яцее па-свойму. Прыйсці дадому ў паўпрытомным стане, нібы рэбры цяжкія-цяжкія і немагчыма дыхаць, абрубіцца а восьмай вечара, праігнорыць будзільнік (хацела ж гадзінку толькі паспаць), а палове на другую ночы прачнуцца самастойна - бадзёрая і ўкушаная сумленнем, канчаткова падняцца задоўга да золку... Усе сны жоўтыя ці колерам, ці словам. Верагодна, вінаватыя савіныя дупла ў абцасах. Ужо сумую!