Жыццёвае (з негалоўнага)

Dec 16, 2012 01:56

Атрымаўшы на ятуце чарговую прапанову пазнаёміцца\пасябраваць\сустрэцца, я нарэшце вырашыла на аватарку паставіць штосьці рэальнее за партрэт на прыфаташопленым фоне. Паставіла, цяпер чакаю, што пацішэе. Зусім развучылася камунікаваць з людзьмі. Лянота страшэнная.

Запісалася на анлайн урокі малявання. Акварэль. Склада-а-ана. Белае яйка на белым аркушы малявала амаль тры гадзіны і ні разу не атрымалася як мае быць. У сваіх "талентах" не разчаравалася, бо існуе цудоўнае апраўданне, чаму так кепска ўсё атрымліваецца. Малюю раз, у лепшым выпадку, два разы на тыдзень, па-выходных, калі прыходзяць дзеці і дапамагаюць мне арганізаваць сам працэс. У будні ж бацькам і без майго малявання клопату хапае. Учора разам са мной прысела Ўладка. Дала ёй пэндзэль, аркуш паперы і ў дзіцёнка атрымаўся файны навагодні малюнак. Ах, як яна змешвала фарбы, як экпераментавала з колерамі! У Дзеда Мароза паліто з аднаго боку адлівае зялёным колерам, з другога сінім, снег фіялетава-празрысты Але больш за ўсё Ўладка ганарыцца колерам рукавічак Снягуркі, яны пяшчотна ружова-аранжавыя. Сёння ўвечары да нашых маляванчых спраў далучылася і Альбіна. Я нават і не верыла, што такое можа адбыцца, бо дзяўчыне прыйшлося ж, кінуць вкантактных сяброў дзеля гэткай "дзіцячай" справы. Пакуль Уладзя размалёўвала букет кветак з вазай, Альбіна працавала над яблыкам... Праўда, я зноў ні над чым не "папрацавала", як вы разумееце скарбонка маіх апраўданняў папоўнілася.

Радуе нечакана снежны снежань. Не, хутчэй не радуе, а супакойвае, выклікае пачуццё гармоніі і проста асвятляе мой не надта светлы пакой. Раніцай першы позірк кідаю за вакно на бела-чоныя дрэвы, белае неба і яшчэ бялейшы снег. Па галінах слівы пад вакном маўкліва гойсаюць сінічкі. Нехта з суседзяў начапіў на галінку сасіску. Птушкі здзяўблі яе за некалькі дзён. У сераду вучань, - дзесяцігадовы, разумны і крыху гультаявыты Дзімка, адпачываў паміж заняткамі, раптоўна ўбачыў тых сінічак і задумліва заўважыў, што ніколі не звяртаў увагі на іх. А яны ж аказваецца прыгожыя.

жыццё, дзеці, я, зіма, снег

Previous post Next post
Up