Пра сны і яву

Sep 28, 2010 22:34

Год ...надццаць таму, калі пасля шматгадовага сядзення дома мяне пачалі вывазіць на двор, сасніла сон - быццам еду па Бабруйску адна ў вазку і не магу адшукаць патрэбную мне вулку. Еду да цёткі, што жыве на рагу Чангарскай і Барахарава, "за базарам". Спыняюся ля нейкага мужчыны запытацца дарогу і раптам перада мной становіцца вялікае люстра. Бачу свой адбітак у ім, здзіўляюся ўбачанаму і прачынаюся з пачуццём зайздрасці да сабе ў сне. Бо, па-першае, на мне была шыкоўная скураная куртка (вельмі модная на той час), а па-другое, самой круціць колы вазка ў мяне ўжо тады не было сілы.

Некаторыя сны спраўджваюцца. :)

Днямі паехала па Бабруйску ў свой першы ў жыцці шпацыр без суправаджальніка. Я не планавала нейкага адмысловага маршруту для яго, мне проста хацелася паблукаць па вуліцах, акунуцца ў іх атмасферу. Наогул хацелася "адчуць" горад, зразумець ягоную сістэму, каб ён стаў для мяне сваім-знаёмым-родным. І было вельмі цікава ці змагу без дапамогі з першага разу адшукаць цётчын дом "за базарам".  Не, не атрымалася... Прыйшлося запытвацца ў мінакоў. Хістаючыйся дзядзечка растлумачыў мне, што я еду ў адваротным накірунку ад патрэбнага мне...
Але да цёткі так і не трапіла, не стала часу. Затое патулялася па базару, заехала ў краму па шыкоўнаму пандусу (больш такіх пакуль нідзе не бачыла) ды набыла сабе сумку-планшэтку, з'ела марозіва (першае за пяць месяцаў), з цікавасцю разглядала свой адбітак у вітрынах (мне спадабалася). Аб'ехала вакол Свята-Нікольскага сабора ў пошуках заезда для вазка, убачыла толькі сходы, прыступкі, сходы. Можа неўважліва глядзела? Хаця, гэта не важна, мне пакуль дастаткова магчымасці бачыць усё гэта зблізу звонку...

жыццё, я

Previous post Next post
Up