Пра вініл

Aug 29, 2010 02:55


Па словах НН вяртаецца мода на вінілавыя кружэлкі. Чытаю і сэрца крывёю абліваецца. У свой час не здолела абараніць я сваю калекцыю кружэлак. Не, я доўга стаяла ў праломе за тое, каб яе захаваць, нат, калі прайгравач зламаўся. Альбіна малая любіла на сон паслухаць мюзікл "Тры мушкецёра" - тры плыткі ў такім прыгожым пакеце з д'Артаньянам-Баярскім на вокладцы. Спачатку ёй ставілі і мянялі кружэлкі бацькі, а потым малеча сама навучылася і бывай голка. А там і радыёлу выкінулі. Кружэлкі доўга 'шчэ стаялі на паліцы і тата час ад часу пытаўся навошта яны тут збіраюць пыл, навошта мне гэтая старызна, навошта, навошта... Мой тата наогул старызну не любіць. Калі ён стаў гаспадаром у вёсцы дык першае, што зрабіў - павыкідваў усе старыя рэчы (стары гліняны посуд, драўляны прас, нейкія незразумелыя нам цяпер прылады з старых часоў). Так і з кружэлкамі.
Асабліва шкада плыткі:
1. Тры мушкецёра. Мы выраслі на гэтых плытках, спачатку слухалі амаль кожны дзень, а калі з'явіўся магнітафон з мікрафонам сталі самі спяваць гэты мюзікл па ралях. Я звычайна пела за д'Артаньяна, сястра за Канстанцыю, сяброўка за каралеву і г.д. Дагэтуль памятаю ўсе свае "партыі".
2. Міхал К. Агінскі "Паланез". Той самы. Быў запісаны на маленькай плытцы разам з менуэтам Бакерыні ды лезгінкай Хачатурана (калі не памыляюся). Пад гэтую кружэлку я танчыць любіла і ўяўляць сябе прынцэсай. Год да адзінаццаці танчыла.
3. Песняры. Вялікая кружэлка, не памятаю як называлася.
4. А. Башлачоў "Время колокольчиков". Гэта ўжо юнацтва-маладосць. Праз яго я палюбіла рускі рок. З ім я плакала над сваім незразумелым лёсам і лёсам беларусаў, што каналі пасля чарнобыльскай катастрофы. Ягоныя: "Не надо, не плачь. Сиди и смотри, как ядерный принц несет свою плеть на трон", падаваліся мне вяршыняй прароцтва. Наогул надрыў Башлачова + вельмі добрыя вершы, ягоных спеваў перакрэслівалі для мяне ўсе ягоныя недахопы выканання. Потым мама набыла двайны альбом Башлачова, але ў мяне ўжо была касета з ягонымі запісамі.
5. Саундтрэк к фільму С. Салаўёва "Асса". "Горад залаты" Гребеншчакова ды "Перамен" Цоя - моцны струмень надзеі ў мой безнадзейны тагачасны свет.

Астатнія, а іх было многа розных, не пакінулі такі моцны след у памяці, аднак і іх шкада... Хаця, навошта яны мне цяпер? Так... успаміны.

успаміны, вініл, музыка

Previous post Next post
Up