Будзённасць

Aug 18, 2010 14:11

Ах, не трэба мяне канраляваць і за мной хадзіць, ах, дайце мне хоць трошкі пабыць самастойнай. Далі. Брыль на галавау, у адной руцэ тэлефон, другая на джойсціку - паехала. Дарога вакол вёскі кепская, друз ды пясок. У адным месцы задняе кола аж "тануць" пачало, ледзь выруліла. Але ж у мяне была МЭТА, карцела асвоіць новы маршрут - сцяжынку праз поле, што выводзіць на акружную дарогу. Яна даволі цвёрдая, не надта вузкая і калдобіны пакатыя, не глыбокія. Карацей, тое што трэба для пачынаючага эктрымала.

Ах, ну чаму заўсёды якаясь дробязь спыняе такія вялікія спачыны? Калі на адной з калдобін вазок скокнуў, бы малады алень, з галавы зляцеў брыль. Новы, толькіпадаранынадзеньнародзінаў брыль упаў на зямлю ззаду вазка. Я кружыла вакол яго на той калдобіне і так і гэтак, цягнулась-цягнулась, але ж ці то вазок надта высокі, ці то рукі ў мяне надта кароткія - не дацягнулася. Ветрык самастойнасці ласкава кранаў валасы, татаў мабільны як заўсёды адключаны, брыль кідаць не хацелася. Пазваніла цётачцы, каб прыйшла, дапамагла падняць брыль, балазе, яна насупраць гэтага поля гароднічае.

Астатні вечар бавіла ў яе садзе. Ела салодкі штрыфель, слухала расповяд пра ката Ваську, якому надакучыла лавіць мышэй і ён прыцягнуў гаспадарам зайца з яго ростам, назірала за матылькамі. Матылькі шакаладныя з аранжавымі ўзорамі на скрыльдцах ляцелі на яблычны водар. Садзіліся на рукі, заміралі на пару хвілін, давалі сябе разглядзець. Я разглядзела.
Матылёк сеў на далонь
Патрапаныя скрыльдцы
Хутка восень...

жыццё, мой вершык, я

Previous post Next post
Up