Глыток пазітыву

Apr 26, 2010 00:46


Гэта быў насамрэч глыток пазітыву, бо з-за мамінай хваробы, мне ў апошнія месяцы на бытавым узроўні прыйшлося жыць вельмі "аскетычна". Таму мы так доўга не маглі пратэсціць мой электравазок на вуліцах горада. Ды і цяпер мама не здолела бы мне дапамагці сабрацца для гэтага шпацыру, але па сямейных абставінах трэба было выбрацца з дому. Выбраліся! Сабраліся ўсім сямействам (сястра з дзецьмі і мужам, брат таксама з дзецьмі), недахопу ў дапамогі не было.
Я ўвесь тыдзень рыхтавалася смела і адважна сустрэцца з рознымі выклікамі на шляху свайго першага самастойнага шпацыру. Самы галоўны з іх - сходы ў пад'езде. Тата зрабіў дошкі для з'езду, але ж сходы крутыя, кідацца па іх наперад страшна. Думала, кінуся і ўсё, каб доўга не марудзіць ды не накручваць страх. Але раніцай падумалася, а раптам сэрца спыніца? Бо ў апошнія тыдні яно стала неяк хваравіта шчымець... З'яжджалі задам, брат трымаў вазок, я рулілі назад. Пакуль выбраліся на свежае паветра некалькі разоў прыцінуліся да сцяны, ледзь прашчаміліся ў дзьверы - усё вельмі вузкае і паўсюль самыя незручныя парогі. На дварэ мяне ўжо біла нервовая дрыготка. А потым я паехала.

Чаму так адбываецца, што ўсе доўгачаканыя ды моцнажаданыя падзеі ў момант іх спраўджвання ўспрымаюцца вельмі будзёна? Толькі націснула на джойсцік і падалося, што так было заўсёды. Быццам мяне ніколі не вазілі, я сама абірала накірунак і хуткасць руху, сама сачыла, каб аб'ехаць люк ці нероўнасць дарогі, сама пераадольвала спускі і пад'ёмы з тратуара. Шчыра кажучы, я пераадолела толькі тры спуска, гэта, на мой цяперашні досвед, даволі крутыя трохі згладжаныя бардзюры. Аб'ектыўна вазок спакойна з іх з'яжджае, трохі падскоча і ўсё. Але мне гэтыя падскокі ды само кіраванне некуды ўніз, калі падаецца, што зараз туды і кульнёшся разам з вазком - вельмі напружвалі. Таму я вырашыла, што на гэты дзень адрэналіну мне хопіць і зрабіла першы самастойны ўчынак (не кажу, што разумны) - паехала па праезжай частцы. Тата нешта крычаў у спіну, брат потым ушчуваў за гэта, але я паехала, сама.

Гэта адбывалася пасля сямейнага мерапрыемтва, як туда я ехала я не памятаю..)) Хаця дакладна ведаю, ехала сама...

жыццё, я, праВазок

Previous post Next post
Up