Як мяне лячылі

Apr 11, 2008 02:43

Учора была ў гасьцях у сястры (паглядзела новую кватэру). Здаецца першы і апошні раз у маім сучасным становішчы.

А пачалося ўсё з таго, што мы вырашылі не замаўляць сацыяльнае таксі (дорага і абмежаванасьць у часе), а ехаць тралейбусам у другі канец горада. Мама мяне запэўніла, што цяпер на лініі ходзяць новыя тралейбусы з нізкай падножкай, што амаль на адным узроўні з бардзюдрам. Па яе словах, гэткія здабыткі цывілізаціі ў нашай сацыяльна накірованай краіне доўга чакаць не прыдзецца.

- Ну, прапусьцім два тры тралейбуса, але за тое на сьвежым паветры пасядзіш, на людзей паглядзіш. - Угаворвала яна мяне.

Я пагадзілася. І насамрэч, мы прапусьцілі два тралейбуса з высокімі сходамі і адзін з поручнямі пасярэдзіне пакуль дачакаліся патрэбнай машыны. Трошкі мітусліва, з дапамогай пасажыраў, дарэчы тыя мала разумелі, чаго мы ад іх хацім, мяне паднялі.

Даехалі, пагасьцявалі і да дому зазьбіраліся. На прыпынак я падалася ў лагодным настроі. Ды і чаго хвалявацца, калі поруч тата і муж сястры - на нізкую падножку падымуць без праблем!

Тралейбусы ішлі адзін за адным, аднак патрэбнага нам не было. Кожны раз гледзючы ўперад я спадзявалася, што ўбачу жаданны абрыс новай машыны. І кожны раз абманывалася ў сваім спадзяваньні. Спачатку мы падбадзёрвалі адзін аднаго:

- Ну, нічога, трошкі пачакаем потым хутка даедзем.

Мама усьміхалася і казала:

- Ты ўвесь час сядзіш у кватэры, вось табе выпадак паглядзець на людзей.

Людзей было многа, канец працоўнага дня. За маёй сьпіной, ля шапіка тлуміўся народ. Гучна, пьяным голасам брудна залаялася жанчына. Ей чагосьці не далі. Дзеці, дарослыя, падлеткі. А вось дзяўчына з маладым, але ўжо буйным баксёрам купляе нешта ў шапіку. Хлопцы просяць у яе грошай, яна не дае і папярэджвае - сабака можа кінуцца, бо дурны. Зьлева, у маім накірунку ідзе жанчына год за сорак. Яна робіць рукой нейкія пасы каля свайго твара, штосьці шэпча. Праз колькі хвілін я пачула за сабой той самы пьяны голас:

- Вой мая дзяўчынка! Гаротная мая! Дай я цябе зараз палячу свім біяполем.

І пачала нада мной размахваць рукамі. Тата паспрабаваў яе адштурхнуць. У адказ атрымаў колькі фраз адборнай лаянкі. Яна стаяла за маёй сьпіной і мне было цяжка самой ей нешта казаць. Цётка працягвала, галосячы, “лячыць” мяне. Мама запэўніла яе, што мне не патрэбна гэткае лячэньне, аднак тая не паверыла ёй. Нарэшце я змагла ўбачыць яе і пачала казаць, што ня веру ў такое лячэньне, прасіць каб яна кінула гэтую справу. Цётка працягвала. Тады я (мне дасюль сорамна ўспамінаць гэты момант), зрабіла суровы выгляд і…:

- Я вам забараняю кранаць мяне! Ідзіце вон ад мяне. Ідзіце ў царкву ды кайцеся… (і шмат яшчэ падобных словаў, строгім тонам).

Цётка пачала жагнацца, распавядаць як яна ходзіць у царкву і верыць у Бога і робіць шмат добрага сваім біяполем. Тата адштрухнуў яе са словамі:

- Ідзі, ідзі ёй не патрэбна твая дапамога.

Яна пайшла, нешта мармыча сабе пад нос. А мы яшчэ доўга чакалі правільны тралейбус. Нарэшце не дачакаліся ды вырашыли ехаць на старым, молячыся каб ён быў без поручня пасярэдзіне. Ён быў без поручня. Кампанія хлопцаў вельмі лёгка закінулі мяне на сходы, тата ўладкваў каляску ля вакна і я ўвесь шлях дамоў глядзела на тое, які прыгожы наш горад увесну.

безбар'ерны асяродак, жыццё, гумар, я, чалавек, дапамога

Previous post Next post
Up