Фандок і гандлёвы дом "Дом мэблі".

Jan 22, 2012 13:52


Раз ужо я тут пачаў вымётваць водгукі на тавары і паслугі, то лагічным было б нарэшце расказаць пра самую цікавую гісторыю мінулага года на гэтую тэму. Хто не схаваўся - я не вінаваты.

Неяк, зайшоўшы ў гэты самы "Дом мэблі", што каля Камароўцы, заўважылі неблагія шафы з адкрытымі палічкамі, ці сцелажыкі па даволі прывабным кошце. Кошт быў вельмі прывабным таму, што гэтая мадэль знятая з вытворчасці і прадаваліся, па-сутнасці, рэшткі са склада. Паглядзеўшы, падумаўшы і памераўшы кватэру крокамі ды рулеткай набылі мы, нарэшце, чатыры такіх вось адкрытых шафкі трох розных мадэляў.

Што немалаважна, паколькі я быў як раз пасля аперацыі і цягаць нешта не мог, "Дом мэблі" робіць дастаўку. Не бесплатна, канешне, але, як мне падалося, за даволі разумныя грошы.

Дык вось, калі даставілі і я пачаў гэта збіраць, высветлілася, што бакавыя сценка адной з шафаў прасверленая не пад тыя памеры. Можа ад іншай мадэлі, можа брак. Хто ведае?

Мы, натуральна, звярнуліся ў "Дом мэблі", каб памяняць. Вось тут з'явілася невялічкая складанасць: пакуль мы там дастаўляліся і паціху збіралі мэблю (а мне нават збіраць было вельмі складана) прадалася апошняя адзінка гэтай мадэлі. Памяняць проста няма на што. Але яны гатовыя вярнуць нам грошы. Хаця, канешне, калі мы хочам памяняць, то вытворца (бабруйскае прадпрыемства Фандок), напэўна ж, не адмовіцца зрабіць новую дэталь. Толькі што, паколькі гэткія шафы ўжо не выпускаюць, працэс можа заняць месяца два. Таваравед вельмі ветлівы. Нават не верыцца.

Дарэчы, што мяне вельмі прыемна ўразіла адразу: ад нас не патрабавалі неадкладнага адказу. Падумайце, абмяркуйце. Вам выбіраць, шаноўныя.

Падумалі мы, абмеркавалі, пачухалі патыліцу. Усе тры мадэлі былі з адной серыі. То бок, досыць падобныя, каб утвараць ансамбль. Дык вяртаць грошы і браць нешта з новай серыі - значыць разбіваць ансамбль. Мы вырашылі пачакаць і паведамілі пра сваё рашэнне тавараведу з "Дому мэблі", які намі займаўся.

Вось тут у гульню ўступае сам Фандок. Вельмі хутка, літэральна цягам аднаго працоўнага дня, з намі звязаўся аддзел маркетынгу гэтай фабрыкі і паведаміў, што яны не супраць зрабіць новую дэталь на замену той бракаванай. Але яны хацелі б папярэдзіць, што справа можа зацягнуцца на два месяцы. Мы згодныя чакаць? Можна падумаць, не абавязкова адказваць імгненна і зараз. Паколькі мы ўжо вызначыліся, то адказваем, што мы пачакаем. Дарэчы, і прадстаўнікі Фандока размаўляюць ветліва. Проста нейкая фантастыка!

Карацей, пакуль мы чакаем, з намі час ад часу звязваецца таваравед з "Дому мэблі", цікавячыся, ці не вырашыў ужо той Фандок пытанне без іх удзелу. Дарэчы, вельмі прыемна: ім не ўсё роўна, чым скончылася справа, абы спіхнуць.

Праз два месяца я наважыўся сам набраць аддзел маркетынга Фандока і пацікавіцца чым скончылася нашая гісторыя. Мне сказалі, што дзеталь гатовая, толькі ў іх зараз шафёр з малой машыны ў адпачынку, таму яшчэ тыдзень яны не змогуць прывезці мне яе дадому, за што просяць прабачэнне. Карацей, я не адразу зразумеў што яны мне сказалі. То бок, фабрыка з Бабруйска згодная прыгнаць машыну за 160 кіламетраў у Мінск каб асабіста нам прывезці, па-сутнасці, адну дошку? Ачмурэць!!! Пры гэтым, адзінае аб чым яны просяць (!), гэта каб мы выбралі дзень, калі ў працоўны час нехта з нас будзе дома, каб атрымаць пасылку.

Папрасіў не ганяць толькі для нас машыну, даставіць з наступным завозам тавару нашую дэталь ў "Дом мэблі", адкуль я змагу забраць яе пасля працы.

Далей ўсё даволі проста і банальна: дэталь прывезлі, я забраў яе з "Дому мэблі" (напісаўшы, натуральна ж, падзяку нашаму тавараведу) і сабраў шафу. Дарэчы, дэталь была запакаваная нават больш плотна, чымсці цэлая шафа.

Напэўна, адзін з самых прыемных зваротаў па гарантыі ў маім жыцці. І адно з самых прыемных уражанняў ад мінулага года. Вельмі ўдзячны і "Дому мэблі" і "Фандоку". І, дарэчы: беларускія вытворцы ўмеюць працаваць са зваротамі па гарантыі. Прыемна.

рэчы, Беларусь, успаміны, малайцы, эканоміка

Previous post Next post
Up