Jan 14, 2012 01:49
А мне падабаюцца паўзмрочныя зімовыя ранкі. Асабліва, як сёння: не халодна, ветру ды ападкаў няма. Ідзеш, у вушах музыка. Наваколле, прырода яшчэ нібыта спіць. І ўнутры нешта яшчэ спіць. Ідзеш нетаропка і адчуваеш адзінства са Светам, гармонію. Вакол людзі, шмат людзей, яны спяшаюцца на вучобу, на працу, яшчэ кудысьці. Змрочныя твары, патухлыя вочы. А ты ідзеш і усміхаешся святлу ліхтароў, адчуваючы мяккасць снегу пад нагамі.
Люблю электрацягнікі. З імі звязаны ўспаміны з дзяцінства. Як мы з бацькамі ездзілі на лецішча. Вёдры з ягадамі, перавязаныя тканінай; сумка, а потым кошык з коткай; бег уздагонку за цягніком; кукурузныя палачкі, якія куплялі бацькі ў краме на Мінску-Усходнім на дарожку і якія з'ядаліся ледзь не да яе пачатку.
Люблю нетаропкі рух, грук колаў. Люблю гэты шлях.
Люблю вышку ў Калодзішчах, якую бацька заўсёды паказваў. Як потым даведалася, самая высокая на Беларусі.
Люблю выглядваць Курган паміж Слабадой і Дамашанамі. Дарэчы, ён такі прыгожы заснежаны, першы раз пабачыла.
Люблю ехаць і глядзець у вакно. І бачыць гэтыя слупы і правады.
добры настрой,
дзяцінства,
гармонія,
мой Сусьвет,
дарога,
правады,
думкі ўслых,
успаміны