ЗАВЕЯ
У нясьмелай, замлелай цішы
Ўстаў туманны, няветлы ранак,
Ціха вецер гальлё калыша,
Недзе плачуць званочкі санак,
Нізка, нізка сівыя хмары
Над зямлёю ціхой клубяцца...
Ціша... раптам - віхор ударыў,
Стаў заводзіць, гусьці, сьмяяцца.
А зь віхурай прыйшла завея,
Ўсё зьмяшала,
Зьмяла,
Парвала,
Разгайдала гальлё ў алеях,
Паблытала...
«Месца, месца,
Волі, волі!»
Мкне у месьце,
Мкне у полі,
Беліць вочы белай беляй
Гнеўна-сьпеўная завея,
Б'ецца,
Ўецца,
Скача,
Плача,
Сыпкім сьнегам сее, вее,
Не лякаецца няўдачаў
Гнеўна-сьпеўная завея!
1933, Хэлмна.
Н. Арсеньнева rv-blr.com/vershu/view/25243