Часам я адчуваю сябе Эйфелевай вежай: пэўныя таварышы вырашылі сесьці мне на шыю, бо гэта адзіная кропка, зь якой мяне ня бачна. Ну і паколькі на мне сядзіць столькі таварышаў, прычым пераважна харошых, пісаць у ЖЖ няма ніякай магчымасьці.
Але затое зьявілася нагода вярнуцца да раньніх перакладаў. Вось напрыклад Сяргій Жадан. Ёсьць яго тэкст, які, здавалася, назаўжды застанецца высокамастацкай хронікай 1990-х - але глядзі ты, 10 год таму С.В. напісаў пра Беларусь-2011.
Дапрацоўка перакладу дазволіла мне спасьцігнуць адну цікавую штуку: калі не можаш знайсьці ў айчыннай літаратуры адпаведнік, каб перакласьці алюзію ў тэксьце арыгіналу, - проста пачакай: магчыма, патрэбны крылаты радок тваімі суайчыньнікамі пакуль не напісаны і не прамоўлены.
ПЕРАВАГІ АКУПАЦЫЙНАГА РЭЖЫМУ
1
Сюды аднойчы вернецца вясна.
З паўднёвых тэрыторыяў айчыны
пацягнуцца шпакі, і вось яна -
сьвістулечка тутэйшае шпачыны
агучыць фэрмы і завод нячынны,
і грубы крой вайсковага сукна,
і да халеры іншага лайна.
2
Не адпадае сум ад родных ніў,
галімая галеча ўсё накрыла,
пакуль пясьняр пяяў: я адплаціў
народу і дукаты, і піястры.
А ў голасе даўно завялі астры.
3
Краіна роспачы ў часы няпрух.
Вось абываталь дэманструе дух
нязломны; з самабытным артыстызмам
гаворыць ён; ягоных думак рух
буяе нездаровым эратызмам
і побытавым антысэмітызмам
4
Стары гусьляр прысеў на кургане,
пярсты свае на гуселькі абрынуў,
вяшчаючы, што Ісьціна ў труне:
засранцы ў гэту цяжкую часіну
бяссорамна забілі на Краіну,
прыбор паклалі на Патрыярхат
і вокны б’юць Сьвятых Бацькоўскіх Хат.
5
Бядуе горад. Кінуўшы фрызу,
рабочыя ля прахадной на ганку
зьбіваюць касякі, бузяць бузу,
разводзяць сьпірт, заводзяць варшавянку,
пускаюць соплі й мужную сьлязу
і пакрысе з маёўкі робяць п’янку.
6
Сяло не напаткае гэткі лёс.
Сяло - карэньне Нацыі і воды,
Што бураць бераг. Моладзевы плёс,
ахвотны лезьці ў жыта і авёс,
вярнуўшыся нарэшце да прыроды,
сараматныя водзіць карагоды.
7
Аднак ня страціць нашае жыцьцё
сваіх празрыстых гаваркіх праекцый:
юнак, натхнёнае дзіцё эрэкцый,
вядзе паненку, што вы крычыцё -
бацькі: яны праз стому й забыцьцё,
займаюцца канспэктаваньнем лекцый,
зьняважыўшы выгоды кантрацэпцый.
8
І толькі золак прыйдзе ў гарады,
юначы твар зазьзяе потам ды
агеньчыкам зухвалага пагляду.
Дала ці не дала - тае бяды:
людзкое шчасьце простае заўжды -
калосьсе пад сярпом і рута ля прысаду.
Пераклала з украінскай Марыя Мартысевіч
паводле Я заклала ў пераклад пэўную колькасьць цытат зь беларускага кантэксту. Традыцыйна - першы, хто адгадае ўсе і правільна назаве аўтараў, атрымаеў падарунак кнігу.