Ёсць у мяне такая загана - я ва ўсім, што гляджу, чытаю, як пярлінкі выбіраю і разглядаю стасункі, адносіны. не толькі рамантычныя, іх канешне, але і сяброўскія, таварыскія, бацькоўскія...
для мяне гэта найважнейшае ва ўсім свеце і нічога з сабой парабіць не магу. вось сябар параіў прачытаць клёвы фанфік "Гары Потар і метады рацыянальнага мыслення", спадзеючыся, што я адтуль пачарпну менавіта самае разумнае. Але я так углядалася ў сацыялізацыю геніяльнага і трохі сацыяпатычнага Гары, у тое, як ён вучыўся камунікаваць з іншымі, як яго сэрца нарэшце краналі праблемы людзей -праз гэты фільтр я гляджу на ўсе творы, а іншае мяне не так хвалюе. І я разумею, што мы нібыта чыталі розную кнігу з ім, з яго сяброўкай, якая куды больш здольная на разумовую дзейнасць, чым я. і што я жыву пачуццямі. харчуюся імі. вось так вось.
Тое і да "Сакрэтных матэрыялаў". Я калісьці ў дзяцінстве глядзела яго з мамай - па суботах, добра памыўшыся ў гэты банны дзень, седзячы ў вялікім рушніку, расчэсваючыся і чысцячы вушы. Успаміны! І некалькі серый было цікава паглядзець год ці колькі таму, але яны цяпер такімі смешнымі і наіўнымі здаюцца, не тое што страшнымі і містычнымі калісьці ў дзяцінстве. Учора паглядзела фільм. Сюжэт не вельмі ўразіў, ідэя добрая, але недапрацаваная. А вось адносіны! У іх жа адносіны мабыць развіваліся на працягу ўсіх -ццаці сезонаў, і вось бы ўбачыць гэта, прапусціўшы ўсё астатняе, выразаць кадры і склеіць...
Я так трапяшчу не толькі гледзячы на герояў. Мяне заўсёды моцна ўражваюць падзеі ва ўласны жыцці, калі, напрыклад, аднагрупніца пачынае давяраць мне больш - і паступова нараджаецца сяброўства. Ці калі наладжваюцца стасункі пасля доўгай крыўды. Як гэта неверагодна заўсёды для мяне! Я многа чытала псіхалогію раней, цяпер не так часта, але людзі і стасункі - самая цікавая галіна навукі. І самы моцны наркотык.