(no subject)

Nov 27, 2014 02:24

тады я спрабавала нешта напісаць пра горы, начоўку там, наш тэмп і самадастатковасць, ды ўсё не падабалася. а гэта - часцінкага нашага Шляху.травень 2014

І вось я дома. Ды Госпадзе, я дома ўжо каторы дзень пасля нашага з Надзейкай падарожжа. І я ўжо амаль нічога не магу сказаць. Тыя словы, якія нараджаліся ўва мне ад усведамлення ЦУДА, разам з ветрам па шашы зляцелі на ўсход, разам з тымі дзясяткамі машынак і фур, што праграхаталі міма.
Мы толькі што злезлі з фуры на 114 кіламетры, развіталіся з кіроўцам, які крыху падрапаў нам мозг сваім “Няма хлапцоў? А чаму?”. “Ды ён яшчэ адзін з тых, хто хоча загнаць мяне ў рамку сям’я-кватэра-дзеці-тэлевізар-тапачкі-суп, - з раздражненнем думаю я. - Але ж свет такі разнастайны!”  Можа, зусім хутка я ізноў буду баяцца наканаванасці, але апошнія некалькі месяцаў я цвёрда веру, што можна і без яе абысціся. І вось мы, праглынуўшы халву і шакаладку, падымаем руку.
Мы падымаем яе зноў і зноў, а сонца за нашымі спінамі імкліва коціцца за небасхіл.  Я абарочваюся і гляджу на ГЭТА: яно разліваецца вясёлкай за палямі, за шашой, ахутвае санлівасцю лясы. О не, якія банальныя эпітэты, я больш не хачу, але як гэта было цудоўна - калі паўсплывалі зоркі і востры месячык зусім  нізка над зямлёй. калі задымілі туманы над канаўкамі.  Я ўжо даўно дакладна ведала, што мы не з’едзем адсюль. Пасабачыўшыся, мянялі месца, вярталіся пад ліхтары, калі Надзейка выдала шэдэўральнае
-А 12, не, нават а палове на 12 нам трэба быць у Мінску!
Я зірнула на гадзіннік: было 21-34.
І спакой, і крыўда, і разуменне - і гэтых людзей у галаве вайна, а мы, мабыць, беглыя бандэраўцы - ну ясна, што не бяруць.  Увогуле, гэта быў дзень галімага стопу і ракавых памылак, але…
-Прыходзьце начаваць, не бойцеся. Ну, пагаварыце паміж сабой. абмяркуйце. Калі што, ведаеце, дзе нашы фуры…
і вера ў людзей вяртаецца.
Мы салодка спім, нам цёпла і ўтульна
-А як вас зваць-та?
-Вадзім.
Мне хочацца сказаць: я буду маліцца за Вас,  няхай Вас берагуць нябёсы, Вы зрабілі вельмі добрую справу, але я кажу толькі
-Дзякуй, Вадзім.
І мы ідзем на тое ж месца, але цяпер бачым, як Сонца ўзыходзіць. І мы не вітаем яго асанамі, а як роўныя - выходзім разам  на дарогу. Тысячы людзей зараз спяць у сваіх ложках, а я разглядваю расу - па адной ідэальна роўненькай кропельцы на кожнай вострай травінцы
Previous post Next post
Up