Dec 04, 2014 17:33
- Мы вельмі падобныя, - з задавальненнем адзначыла Таня. - Нашы маці маглі пераблытаць нас у раддоме.
Соня хіхікнула, а Таня дадала:
- Або мы маглі бы быць двайняткамі, адну з якіх забылі. Ці пакінулі.
Праз паўзу Соня сказала:
- Раз-пораз мне здавалася, што мама набыла мяне ў краме, калі я ёй спатрэбілася. А потым не ведала, што са мной рабіць…
Таня маўчала, але гэта не было нялоўкім маўчаннем, а хутчэй формай згоды. Абедзьвюм зручна было разваліцца ў невялічкай кавярні, было цёпла, утульна. Нікуды і нічога не хацелася. Дзяўчыны быццам глядзелі на сябе з боку, не, любаваліся сабой з боку. І гэтая дурацкая размова таксама выходзіла нечым мілым і нязлым.
Час цёк павлі, афіцыянткі ўсміхаліся ад сэрца, справы чакалі, а акрамя іх дома ніхто не чакаў.
Таня і Соня не проста былі на адпачынку, а нарэшце адпачывалі.
Соня была вельмі ўдзячна Тане, ёй хацелася нават зрабіць нейкае такое слязлівае прызнанне. Але такія словы былі не патрэбны.
Соня ўспомніла, як яшчэ паўгадзіны таму была не на сваім месцы, і не магла вырашыць, што рабіць з тым успамінам.
Музей!.. Ім трэба было ў музей, бо там былі зніжкі для моладзі да пэўнай гадзіны. А яны затрымаліся ў нейкім буціке і апомніліся ўпрытык да належнага часу. Соня вызвалася давесці да месца. Спачатку ўсё йшло добра. Яны прайшлі колькі завулкаў і ў належным месцы прайшлі па вялікім мосце, міма высокай славутай вежы. Потым нырнулі ў квартал пабачылі нават арыенцір, іншую высокую вежу. І Соня не магла сцяміць, у які момант яны пайшлі не так. Таму што некалькі паваротаў пасля Таня раптам заўважыла ўслых, маўляў, падобна на тое, што яны вяртаюцца назад.
- Не можа таго быць! - перад сонінымі вачыма была тая самая славутая вежа, якую яны прайшлі хвілін пяць назад. Напэўна, гэта іншая вежа, падумала яна, хаця ведала, што падобных у наваколлі больш няма. І як толькі яна зразумела, што па яе віне яны толькі што далі кругаля, і каб паспець у чортаў музей, цяпер прыйдзецца ледзь не бегчы…
- Як адстой!.. - сказала Соня.
- Гэта не адстой, гэта памылка! - адказала Таня і аглянулася.
Паблізу знайшлася сімпатычная кавярня (між іншым, увесь горад складаўся з сімпатычных кавярняў), і Таня прапанавала, раз уж так атрымалася, сэканомім грошы на музеі і пап’ем шакаладу ў прыгожым месцы. Соню дзівіла таніна здольнасць фармуляваць пазітыўныя адмовы. Яна вельмі расстроілася б ад прапановы не пайсці ў запланаваны і жаданы музей, а вось выпіць шакаладу - захацелася. Яна адчувала сябе абдураным дзіцёнкам. І яна ж адчувала дзіцячую падзяку за тое.
У кавярні знайшлося не толькі шакалада, але і смачнае пірожнае. І ўжо ідэя з музеем не здавалася Соні ўдалай.
“У памылкі смак шакалада,” - падумала Соня і ўсміхнулася Тані. А Таня не глядзела на яе. За акном два амерыканца спрабавалі знайсці сябе і круцілі, і круцілі карту. Таню гэта смяшыла.
соня