Ведаючы па досведзе, што прытулак на ноч лепш шукаць у маленькіх вёсках, мы вырашылі не перасякаць сёння мяжу з Грузіяй, а застацца начаваць у якім-небудзь закінутым богам мястэчку яшчэ з расійскага боку. Аднак мы не ўлічылі нашага досведу, што ў памежных рэгіёнах дзейнічаюць зусім іншыя правілы.
Усе жыхары адмоўна махалі галовамі, прыгаворваючы: “Няма месца”. Мы былі гатовыя начаваць хоць у якім сараі, абы не на вуліцы. Тэмпература ў гарах уначы набліжалася да нулю. Нас упарта пасылалі ў белы вагон, у якім месцілася крама, маўляў, у іх ёсць пакой.
Пакой апынуўся не бясплатны і заняты. Злая гаспадыня махнула рукою за вагон і буркнула: “Можаце начаваць у Газэлі”. Мы прыселі ў чаканні, што хоць нейкая частка ночы міне і спаць у халоднай Газэлі давядзецца менш. Раптам да крамы пад’ехалі хлопцы на машыне: “Дзе будзеце начаваць?”. “У Газэлі”, - машам рукой за вагон. “Хочаце начаваць у мяне ў ларку? Канапа, тэлевізар…”. Канапа і тэлевізар не надта вабілі нас, але добразычлівасць хлопцаў нас падкупіла. “Прыходзьце. Сіні ларок”, - сказалі яны на развітанне і зніклі.
Праз некалькі хвілінаў мы ўжо былі ля сіняга ларка - “Маскоўская страхавая кампанія” - абвяшчала шыльда. Два хлопцы завіхаліся ля яго. “Праверка змусіла адсунуць ларок ад дарогі не менш як на 30 метраў”, - скардзіцца Арцём. - “Сёння кранам перасоўвалі”. Усе разам мы ўзяліся дапамагаць хлопцам прыбірацца ў жалезнай каробцы, рамантаваць дах, пазбаўляцца ад пылу. Калі ўсё было скончана, Арцём, агледзеўшы памяшканне метры 2 на 3, з палёгкай і гонарам сказаў: “Адчувайце сябе як у сябе ў ларку”, і знік.
А раніцай нас ужо чакала Грузія.
Яшчэ ў мінулым падарожжы, калі я бачыла, як эвакуатар цягнуў на сабе машыны, марыла праехацца ў эвакуяванай машыне ззаду. І вось у гасціннай Грузіі мая мара спраўдзілася.
Тбілісi мне адразу спадабаўся. Кантраст з Грозным велізарны. Тут вуліцы поўныя моладзі - тусоўкі паўсюль. Горад жыве. Стары горад ужо напалову разваліўся. Жыхароў вось-вось высяляць, каб рэканструяваць гэтую частку Тбілісi. Але пакуль у гэтых касых будынках з расколінамі на сценах усё яшчэ жывуць людзі. Нам таксама пашчасціла пажыць у адной з такіх кватэраў.
У Грузіі не прынята, каб хлопец з дзяўчынай жылі разам да шлюбу. Таму ў адзін з абедзенныых перапынкаў Саламея і Іраклій збегалі ў бліжэйшы ЗАГС і распісаліся. Цешыць, што тут гэта можна зрабіць літаральна за 5 хвілінаў. А пасля парачка зняла старую-старую кватэру ў цэнтры горада і запрасіла туды жыць яшчэ двух сяброў, каб раздзяліць плату (дзякуй богу, памяшканне здаровае, таму месца хапіла ўсім).
Жытло гэтае дасталася сябрам адразу пасля смерці папярэдняй гаспадыні. Па мэблі, якая засталася у кватэры, застыглай дзесьці ў трыццатых гадах мінулага стагоддзя, можна ў падрабязнасцях уявіць бабульку, якая пакінула свой нябачны адбітак на кожнай рэчы ў гэтым месцы. Высачэнныя столі, бразгатлівая лядоўня “Масква”, дыскавы тэлефон, радыёкропка, драўляны сервант. З часам дом пакасіўся, таму некаторыя вокны ўжо не расчыняюцца, а некаторыя дзьверы не зачыняюцца. А ўначы можна запраста скаціцца з ложка.
Бліжэй да вечара амаль штодня сюды сцягваюцца госці і кватэра ўжо не падобная на кватэру, а пераўтвараецца ў рэтра-клуб.
Мы дзелімся нашымі ўражаннямі ад Грузіі з новымі сябрамі. Яны кажуць, што калі б мы прыехалі сюды гадоў 10 таму, ўражанні ад краіны былі б зусім іншымі. Да прыхода да ўлады Міхаіла Саакашвілі ў 2004 годзе ў Грузіі панавалі суцэльныя разброд і хістанні. Вайна ў Абхазіі ўжо скончылася, але парадку так і не было. Кажуць, што краіна займала першае месца ў свеце па колькасці злодзеяў у законе. Гэта было прэстыжна і модна. У кожнага другога дома была зброя.
Саакашвілі ж, які прыйшоў да ўлады ў выніку рэвалюцыі ружаў, пакончыў са злачынствам. Нелегальнай зброі не засталося ні ў каго. Замяніўшы старых пердуноў у міністэрствах на маладых і крэатыўных супрацоўнікаў, Саакашвілі пакончыў з карупцыяй у краіне. Кажуць, аднойчы ён пераапрануўся і інкогніта прыехаў на мяжу, дзе стаяла вялізная чарга грузавікоў. Падышоўшы да аднаго з кіроўцаў, прэзідэнт запытаў у чым справа. Той паскардзіўся на хабарніцтва. Адным з начальнікаў на мяжы быў стрыечны брат Саакашвілі. Аднак гэта не паўплывала на рашэнне прэзідэнта - вінаватыя былі звольненыя.
Такім чынам, за кароткі час, як кажуць самі мясцовыя, Грузія раптам пераўтварылася ў Джорджыю. Нават моладзь перастала размауляць па-руску. З імі ўжо прасцей па-ангельску. Паўсюль тут пануюць закон і парадак. Паліцыя, калі бачыць на дарозе машыну на аварыйках, спыняецца, цікавіцца, чым дапамагчы, і дапамагае - напрыклад, могуць падвезці кіроўцу да запраўкі, а потым вярнуцца з ім да машыны. Нам таксама аднойчы спыніліся паліцыянты, калі мы стопілі. Запыталі, што здарылася, ці трэба якая дапамога.
Калі ты парушыў правіла, то будзь ты хоць сястрой прэзідэнта, цябе аштрафуюць. Калі не аплоціш штраф адразу, ён штодня будзе расці. Нават паліцэйскія ўчасткі тут наўмысна зрабілі празрыстымі, маўляў, глядзіце, нам няма чаго хаваць.
Праўда, вырасла беспрацоўе. А моладзь скардзіцца на звышжорсткія пакаранні за паленне траўкі ці бойку на вуліцы. Калі на цябе напішуць заяву, то гэта сто пудоў тэрмін у турме.
Эканоміку Грузіі падкасіла расійскае эмбарга. Аднак сітуацыю ратуе замежная дапамога. Так, крамы тут ломяцца ад украінскіх прадуктаў. Нягледзячы на грузінска-расійскі канфлікт, Саакашвілі адмяніў візавы рэжым для расіянаў. А вось грузіны могуць паехаць да паўночнай суседкі толькі па візе і толькі, калі маюць там сваякоў.
Атрымаўшы асалоду ад сталічнага жыцця, мы зноў накіраваліся ў глыбінку. І абсалютна нечакана натрапілі на старажытную царкву і крэпасць у гарах.
Царква ўнутры
Царква звонку
Крэпасць
Ранiшнi туалет
Вечаровае уцяпленне
Пабыўшы нейкі час у гасцінных мясцовых, мы былі ўжо адною нагою ў Арменіі, як сустрэлі Яшу і яго сяброў. Яша азербайджанец. Але жыве ў Грузіі. Тут на мяжы з Арменіяй цэлы азербайджанскі рэгіён. Слова за слова, хінкалі за хінкалі, і Яша ўжо кліча нас да сябе дадому ў вёску пад дзіўнай назвай Ахло Лало. Праз тры дні тут будуць гуляць вяселле. Нас запрашаюць застацца і пабываць на вяселлі. Мы, вядома ж, пагаджаемся.
Побач - армянская вёска. Мы едзем сюды купляць курэй для святочнага стала. 45 кг, каб накарміць усіх гасцей. Гэта, кажуць, яшчэ не шмат. На вяселлі ў Грузіі збіраецца ўсяго пара соцень чалавек. А вось на пахаванне - разы ў два больш.
Пакуль мы чакалі вяселля, мама Яшы навучыла нас пекчы сапраўдны грузінскі (праўда, яны кажуць, што гэта азербайджанскі) лаваш у круглай печцы - тандыры.
А мы дапамаглі ёй сабраць і расфасаваць ураджай хурмы. Бліжэй да Новага года яны вязуць прадаваць хурму за мяжу. “За дорага”, - дадае яшына мама. Так што калі на Новы год будзеце купляць дзесьці на Жданах скрыню з грузінскай хурмой, узгадайце мяне, мо гэта я фасавала :)
Наша прысутнасць на вяселлі, на жаль, абламалася. І мы зноў рушылі ў бок Арменні. Не паспелі мы выйсці на трасу, як да нас падышоў пазнаёміцца каларытны дзядзечка ў шляпе. “Адкуль вы?” - пытаецца. “З Беларусі”. “О! - ускрыквае той і ўжо ледзь не за руку цягне нас частаваць гарбатай. - А я толькі што з Маладзечна прыехаў. Хатку мы там пад Смаргонню купілі. Нявестку во маладзечанскую прывёз”.
Грузія нас не адпускае, але і Арменія кліча. І мы працягваем шлях да мяжы. Мы яшчэ не ведаем, што менш чым праз месяц нам давядзецца вярнуцца ў Грузію.