У Расію мы пераправіліся на пароме праз Керчынскі праліў. Калі сцямнела, мы былі ў Краснадары. Вырашылі знайсці прытулак праз couchsurfing. Нечакана злавілі wi-fi пасярод вуліцы на скрыжаванні. Стаім учатырох ля светлафора, утаропіліся ў свае тэлефоны. І тут заўважаем парачку, якая глядзіць на нас і ўсміхаецца. Пазнаёміліся. Слова за слова і Шаміль маша нам рукой і кажа: "Пагналі!".
Шаміль ужо 10 год як пераехаў у Краснадар з Дагестану. Прывёў нас у чайную "Пуэр-бар" сваіх сяброў. Там пазнаёміў са сваімі сябрамі. Яны таксама панаехалі ў Краснадар - хто з Саратава, хто нават з Масквы. І я не дзіўлюся. У Краснадарскім краі - найлепш з дабрабытам у Расіі. Тут, як кажуць мясцовыя, зямля такая, што куды ні ткні палкай, штосьці вырасце. Хаты ў людзей вялікія, падворкі чыстыя. На ноч нас бяруць да сябе Аня і Фёдар.
А на наступны дзень мы ўжо былі ў Пяцігорску, дзе я пазнаёмілася са сваёй стрыечнай цёткай, якую не бачыла ніколі ў жыцці, ды са сваімі траюраднымі братамі ды пляменнікамі.
А таксама папарыліся у бясплатных ваннах з гарачай мінералкай.
Пасля Пяцігорска мы вырашаем крыху змяніць маршрут і ехаць не адразу ў Грузію, як планавалі, а заехаць спачатку ў Чачню. Аўтаспын на Паўночным Каўказе проста супер. Бяруць адразу. Першай справай пытаюцца, ці мы абедалі. Другой - запрашаюць у госці. Кабардзінцы Анзор і Пшынока вырашаюць зрабіць нам аглядную экспрэс-экскурсію па Нальчыку.
Нашыя спадарожнікі скардзяцца, што ім прыкра чуць, якім чынам пра каўказцаў і мусульман кажуць у СМІ. "Такое ўражанне, што мы тут усе злачынцы. Нам самім непрыемна, што некаторыя мусульмане выкарыстоўваюць рэлігію як падставу для забойстваў і тэрарызму. Насам жа рэч у Каране нічога такога не напісана. Наадварот, мы павінны ставіцца да людзей вельмі паважліва".
У мусульманскі рэгіён Расіі мы патрапілі якраз падчас свята ахвярапрынашэння Курбан-байрам. Паводле Карану, да прарока Ібрахіма ўва сне з'явіўся архангел і запатрабаваў прынесці Алаху ў ахвяру свайго сына Ісмаіла. Ібрахім ужо ўзняў нож над сынам, як інструмент затупіўся. Так паўтаралася яшчэ два разы. І ўрэшце архангел даў прароку ўзамен барана.
З таго часу ў Курбан-байрам мусульмане прыносяць у ахвяру барана, як знак каштоўнасці чалавечага жыцця і міласэрнасці. Падчас трохдзённага святкавання кожная сям'я абавязкова павінна прынесці ў ахвяру хаця б адну жывёліну. Траціну мяса з'ядае сама сям'я, а дзве траціны па традыцыі аддаюцца суседзям, бедным людзям і ўсім ахвочым.
Уздоўж дарогі мы бачым, як мясцовыя прадаюць бараноў - 200 баксаў за штуку.
Паміж рэспублікамі - узмоцненыя паліцэйскія пасты. Правяраюць машыны. Паглядзелі дакументы і ў нас. Такая перасцярога апраўданая. Літаральна за 4 дні да нашага прыезду ў паўночна-каўказскі рэгіён смяротнік узарваў сябе на адным з такіх пастоў ля Беслана ў Паўночнай Асеціі. Адзін паліцэйскі загінуў. Так атрымалася, што хрысціянская Паўночная Асеція апынулася паміж мусульманскіх Кабардзіна-Балкарыі ды Інгушэціі.
А вось у Чачні - спакой і парадак. Грозны не здзівіў мяне. Пабачыўшы адбудаваны горад з шырокімі, чыстымі і бязлюднымі вуліцамі, я яўна адчула: дзесьці я ўжо гэта бачыла. Горад вельмі падобны на Мінск. Толькі замест нашых амапаўцаў з дубінкамі тут ваякі ў аўтаматамі, а замест Палаца Рэспублікі на галоўнай плошчы - мячэць.
Як пяецца ў песні: "А ў нашым у раю жыць весела, толькі некаму". Мячэць імя Ахмада Кадырава адкрылі 6 кастрычніка 2008. З прыходам да ўлады Кадырава-малодшага 6 кастрычніка кожнага года - дата здачы пабудаваных аб'ектаў, а таксама дзень горада і дзень нараджэння Рамзана. Таму, каб не гнявіць важдзя, будаўнікі стараюцца скончыць усе аб'екты да 6 кастрычніка.
Увогуле ў Грозным пастаянна штосьці будуецца. І будуе ўвесь горад. Нават мэр пасля дзённай працы ўвечары едзе класці камяні ў чарговай новабудоўлі. Разбураных вайной будынкаў амаль не засталося. Не з першага разу нам удалося знайсці таксіста, які ведаў, дзе знаходзіцца закінуты завод, які да вайны даваў працу палове Грознага, а зараз стаіць паўразвалены са слядамі куляў на сценах. Заходзіць на тэрыторыю завода ніхто не рашаецца - раптам міны.
А цэнтр горада ўжо больш падобны на Дубаі. Пакуль пабудаваныя толькі 4 высоткі, але ў планах - 50 хмарачосаў, аб'яднаных назвай Грозны-сіці. На іх фоне - не менш грандыёзная мячэць - копія Стамбульскай.
Пяць разоў на дзень з дынамікаў, усталяваных на мінарэтах, гучыць прызыўная ісламская музыка - час намасу. У саму мячэць можа зайсці любы. Праўда, перад уваходам трэба пакінуць мабільныя тэлефоны, зброю, разуцца і прайсці праз металашукальнік. А жанчыны мусяць яшчэ апрануць хустку і спецыяльную сукенку, якую выдаюць там жа. Мужчыны моляцца на першым паверсе. Жанчыны - на другім, каб не перашкаджаць маліцца мужчынам. Таксама забараняецца праходзіць перад тым, хто моліцца. Фатаграфаваць можна без абмежаванняў. Таксама ў мячэці можа застацца начаваць любы ахвочы - ці гэта той, хто прыехаў з іншага гораду і не паспеў вярнуцца дадому, ці такія вандроўнікі, як мы.
Аднак, хоць і была спакуса застацца спаць у мячэці, месца для начлегу ў Грозным мы ўсё ж знайшлі. Уладальнік аднаго з рэстаранаў гасцінна прапанаваў заставацца ў яго ўстанове. Вось у такіх кабінках з мяккай падлогай і падушкамі мы правялі першую ноч у сталіцы Чачні.
Увогуле ў Чачні ўсе вельмі гасцінныя і добразычлівыя. Падыходзяць да нас навуліцы, знаёмяцца, пытаюцца, як нам Грозны. Мясцовыя ганарацца адбудаваным горадам і спакоем, які ўсталяваўся тут пасля вайны. Паціху пачынаюць вяртацца бежанцы. Аднак некаторыя ўсё яшчэ баяцца. І не дзіўна. Калі ведаеш пра Чачню толькі тое, што паказваюць па тэлевізары, і носу туды суваць не хочацца. Але на справе ўсё аказваецца зусім інакш.
Чачэнскія жанчыны абавязкова мусяць апранаць спадніцу ці сукенку. Аднак, якую спадніцу ці сукенку, не ўдакладняецца. Таму даволі часта на вуліцах Грознага можна пабачыць такіх дзяўчат.
Салон прыгажосці.
Дзякуючы мытнаму саюзу, чачэнскія таксісты могуць тры гады не мяняць нумары на машынах, купленых у Беларусі.
На другі дзень нам адказала Хава з каучсёрфінга. "В силу местного менталитета могу принять у себя только девушек", - напісала яна нам. Мы сутрэліся. Слова за слова і Хава ўжо тэлефануе бацьку, і пакуль ідуць гудкі, кажа нам: “Як скажа бацька, так і будзе”. Пару секунд яны перамаўляюцца па тэлефоне па-чачэнску і Хава супакойвае нас: “Будзеце ўсе начаваць у мяне”.
Сям’я Хавы - бацька, маці і трое дзяцей - пражыла ў Грозным абедзьве чачэнскія вайны. Бацькі хадзілі на працу, а дзеці пасля бамбёжак вярталіся ў школу. Калі пытаешся ў маці, чаму яны не з’ехалі з краіны, на яе вачах выступаюць слёзы. Яна доўга маўчыць. Потым супакойваецца і кажа: “Куды б мы ні паехалі, мы б усюды засталіся чачэнцамі. Тут наш дом”.
З большай лёгкасцю пра вайну расказвае малодшы сын - 19гадовы Аюб. Ён кажа, што першая чачэнская (1994-1996) была куды менш жорскай, чым другая (1999-2001). Падчас першага канфлікту ў грозны паслалі тэрмінавікоў. Тыя, па словах Аюба, былі абутыя ў нязручныя боты, і часам нават не ведалі, як трымаць зброю ў руках і толькі і марылі пра тое, каб хутчэй адслужыць ды адправіцца дадому. Злавіўшы ўзброенага чачэнца, яны забіралі ў таго аўтамат і адпускалі. Тое ж рабілі і чачэнскія салдаты.
А вось падчас другой вайны ў Чачню ўжо даслалі кантрактнікаў - “людзей, якім плацілі за нашыя смерці” - удакладніў Аюб. Яны ўжо былі апранутыя ў зручныя кеды ды насілі пальчаткі без пальцаў. І баі адрозніваліся вялікай жорсткасцю. Пачаліся масавыя чысткі. Мужчын выганялі з кватэраў, распраналі і правяралі, ці ёсць на целе сляды ад рамня ад аўтамата. У каго знаходзілі - забіралі. Больш гэтых людзей ніхто не бачыў. Так знік і дзядзька Аюба.
У кароткі перыяд паміж войнамі, калі краіна была незалежнай і называлася Чачэнскай Рэспублікай Ічкерыяй, баевікі-чачэнцы чысцілі горад ад рускіх. Так да суседа Аюба аднойчы прыйшлі чачэнцы бацька і сын ды проста выгналі старога на двор і сталі жыць у ягонай кватэры. А ў суседнім пад’ездзе жыў палявы камандзір, у якога ў гэты час у двары стаяла зенітка. Часам ён прывозіў да сябе людзей у мяшках ды прасіў у сваякоў за іх выкуп.
Сёння чачэнцаў не прызываюць у расійскае войска - проста не прыходзіць позва. Аднак стаць салдатам - тут лічыцца прэстыжна. Аюб таксама марыць пайсці ў войска, каб змагацца з чачэнскімі баевікамі, якія дагэтуль хаваюцца дзесьці ў гарах. Адзінае выйсце - прапісацца ў іншым рэгіёне Расіі.
Бацька Аюба - дырэктар нацыянальнай бібліятэкі. Працаваў ён там і ў вайну, і падчас незалежнасці, працуе і цяпер. Калі мы запыталі Аюба, ці не паставіць нам яго бацька штампік бібліятэкі ў ліст падтрымкі, хлопец з хітрынкай у вачах прашаптаў: “Хочаце, я вам пастаўлю штампік з гербам Ічкерыі?”. Так у нашым лісце падтрымкі з’явіліся два чарговыя штампікі: Нацыянальнай бібліятэкі Чачэнскай рэспублікі Расійскай Ферэдацыі і Нацыянальнай бібліятэкі Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя.
Гэты надпіс у цэнтры Грознага здзівіў мяне не найбольш. Сустракаюцца нават такія: "Рамзан, спасибо за жизнь наших детей".
Vkontakte і Youtube у Чачні заблакаваныя з-за скандальнага фільму "Нявіннасць мусульманаў", які абражае пачуцці прыхільнікаў ісламу. Ёсць у Чачні і забароненая песня - у ёй паіменна пералічваюцца 12 жонак Рамзана. Колькі дзяцей у прэзідэнта - мясцовыя ўжо нават збіліся з ліку.