У падарожжы ніколі не ведаеш, што цябе чакае наперадзе. Адзін дзень ты начуеш у гаражы між матацыкламі і накрываешся кардонам, каб не змерзці. Другую ноч табе прастаўляюць нумар у шыкоўным гатэлі з басейнам. У дарозе адчуваюцца звычайныя радасці. Памыцца, папраць бялізну, паспаць на ложку - прыносяць зусім іншае задавальненне, калі нейкі час жывеш без душа, гарачай вады, лядоўні, пасцельнай бялізны. Дома я не скачу ад радасці, калі адчыняю лядоўню і бачу там слоік варэння. Дома я не дзялюся са сваімі сябрамі навінамі, кшталту: як клёва я памыла шкарпэткі ды штаны. За халоднай ноччу заўсёды прыходзіць сонечны дзень. Сённяшнія нястачы апраўдаюцца заўтрашнімі здабыткамі. Менавіта за гэтым я і еду ў дарогу.
Паўтара гады назад мы вярталіся з гадавога падарожжа па Амерыках. Нам заставалася ўсяго два тыдні да самалёта. Аўтаспынам мы ехалі з Ушуаі ў Буэнас-Айрэс, адкуль у нас быў рэйс. Некалькі ночаў запар мы правялі на запраўках, тулячыся паміж ямамі для рамонту машын. Чарговы вечар сустрэў нас у нічым не прыкметным нафтавым гарадку Камадора дэ Рыдав'ярыя, што ў ветранай Патагоніі. Безвыніковыя спробы папрасіцца на начлег у царкве прывялі нас да думкі, што і гэтую ноч мы правядзем на запраўцы. І тут на адным з будынкаў мы пабачылі надпіс: "Камунідад дэ Булгарія". І вось мы ўжо спяваем беларускія песні дзецям балгарскіх эмігрантаў у Аргентыну. А праз гадзіну вячэраем дома ў Цэнкі, запіваючы варэнікі дамашняй слівовіцай.
Аказалася, у Камадора цэлая суполка выхадцаў з краінах былога СССР. Тут ёсць і літоўцы, і ўкраінцы, і рускія, і нават адна беларуска. Нестар Калеснічэнка, чый бацька Оскар прыехаў у Аргентыну з Украіны і ажаніўся тут з мясцовай дзяўчынай, пазнаёміў нас са сваёй сям'ёй. Яны ўжо не гавораць па-украінску, але Оскар дагэтуль робіць пярцоўку, як ва Украіне. А жонка Нестара, хоць і не мае ўкраінскіх каранёў, шые народныя строі.
Такімі былі апошнія дні нашага папярэдняга падарожжа. Красавік 2011. Праз паўтара гады ў кастрычніку 2012 мы рушылі ў чарговае падарожжа. Гэтым разам па Азіі едзем у бок Аўстраліі. Цяпер у нас няма табурэткі, няма праекту. Па-ранейшаму спяваем песні. Але ўжо нікуды не спяшаемся. Спыняемся, дзе хочацца. Застаемся, наколькі хочацца.
Гэтым разам заплечнік адразу на мінімуме - 28 літраў вагою каля 8 кг. Ніякага намёту. Падарожжа такім чынам стварае пэўныя нязручнасці. Быў бы намёт - стаў дзе хочаш і спі. А так - штораз трэба прасіцца да мясцовых, размаўляць, тлумачыць. Спачатку заўсёды крыху няёмка. Але яно таго варта. Знаёмства з мясцовымі жыхарамі, іхнымі традыцыямі - самае цікавае, што можа быць у вандроўцы. Менавіта таму мы стараемся абавязкова заязджаць у малыя вёскі, дзе людзі не сапсаваныя турыстычным бізнэсам і глабалізацыяй, а жывуць па старадаўніх традыцыях і заўсёды радыя замежным гасцям.
Акрамя таго гэтым разам мы аблегчыліся коштам інструментаў. Верасень узяў маленькую гіталелю (штосьці сярэдняе паміж гітарай і ўкулеляй). А я купіла флейту і вырашыла навучыцца на ёй іграць.
Свой шлях мы пачалі з Украіны. У Кіеве забралі Калюню, з якім праехалі ўсю Амерыку, і рванулі ў Крым. У Крыме я была ўпершыню. Па тым, што я пабачыла на Лісінай бухце ў кастрычніку, складаецца ўражанне, як тут улетку. Паўсюль - сляды чалавека. Гэта не толькі самаробныя каменныя печкі ды перагародкі ад ветру, але і куча смецця. І сярод гэтых напамінаў пра ўгарнае лета - некалькі намётаў з тымі, хто падвіс тут і ніяк не можа развітацца з Ліскай, альбо тымі, хто не выносіць яе ўлетку. Так мы пазнаёміліся з Наташай.
Штозіму наташа жыве ў Індыі, на лета вяртаецца ў Кіеў. Вось і зараз перад чарговай паездкай у Індыю вырашыла адпачыць у Крыме. "Паехалі з намі", - асабліва не разлічваючы на станоўчы адказ, прапанавалі мы Наташы. Наташа паўсміхалася, сказала, што ёй трэба вяртацца ў Кіеў і дадала, што і пашпарту ў яе з сабой няма. "У Кіеў можна і пазней. Дый пашпарт пры жаданні можна цягніком перадаць", - падбухторвалі яе мы. На тым і развіталіся. А на наступную раніцу, калі мы былі ў Кактэбелі, пазваніла Наташа і сказала, што заўтра ёй перадаюць пашпарт і яна едзе з намі. Так нас стала чацьвёра.
Першую ноч давялося шукаць прытулак у вёсцы Лугавое. Першыя дзве спробы апынуліся няўдалымі. Аднак нам параілі - пагрукайцеся ў наступную хату, там жыве добрая жанчына. Нінай завуць.
Калісьці ў Гватэмале такім жа чынам нам параілі папрасіцца да дона Сямёна - добрага чалавека. І ён сапраўды аказаўся добрым. Так і Ніна. Адчыніла нам дзверы і кажа: "Як жа я вас пушчу, калі я вас не ведаю? Ну, вунь, у мяне ложак", - тут жа дадае яна. І ўжо завіхаецца, пасцілае нам чыстую бялізну. Потым садзіць нас за стол і кажа: "Зараз гарбатай вас напаю. Толькі ў мяне няма нічога да гарбаты". І пакуль мы забаўляем Ніну песнямі, яна ставіць на стол аліўе, фаршыраваную курыцу, катлеты, хлеб.
На раніцу прапануем Ніне якую-кольвек дапамогу - штосьці панасіць, накалоць дровы. Але руплівая гаспадыня падрыхтавалася да зімы яшчэ летам. Аказваецца, мы - не першыя, каго Ніна прытуліла ў сваім доме. Калісьці да яе на начлег папрасіўся малдаванін. Цэлую ноч яны з сястрой не спалі, баяліся, а раптам малдаванін нож дастане. Але ўсё абышлося. А нас Ніна ўпэўніла, што гэтую ноч яна спала выдатна - адразу пабачыла, што мы добрыя людзі :)
На тым мы развіталіся і працягнулі свой шлях.