Балівія - самая танная краіна на нашым шляху. Так, сустрэча тут Новага году на беразе возера Ціцікака абышлася нам менш чым у 20 баксаў. А гэта і хостэл, і шампанскае, і нават некалькі відаў салатаў.
Дарэчы, беларускі і ўкраінскі Новы год застаў нас на нейтральнай паласе паміж Перу і Балівіяй. Мы, як сапраўдныя патрыёты, выпілі заныканы Калюнем ром пад куранты яго ж айфона і пад радасныя крыкі кінуліся абдымаць адно аднаго.
Аднак не ўсе раздзялілі нашую радасць. Аказваецца, ў 10 метрах ад нас у кустах дзве перуанкі заныкалі кантрабандны бензін з Балівіі. На нашыя крыкі выбег памежнік і запаліў кантрабандыстак. Некалькі купюраў у кішэню памежніку - і бензін у Перу.
Пераправа праз Ціцікаку.
Паліва ў Балівіі вельмі таннае - каля паловы бакса за літр. Відаць, таму, і аўтобусы тут капеешныя. Дарэчы, калі мы прыехалі сюды, тут якраз ішла забастоўка кіроўцаў. Не хадзіў ні грамадскі, ні прыватны транспарт. Так балівійцы пратэставалі супраць павышэння коштаў на бензін. І ведаеце што, менш чым праз тыдзень урад вярнуў папярэднія кошты.
Калюня здымае грошы ў банкамаце.
Есці ў Балівіі таксама можна хоць пяць разоў на дзень. Абед з супам, другім і дэсертам каштуе 1,5-2 баксы. У хостэле (алахам’ента, як яны тут называюцца) можна пераначаваць за 2-3 баксы.
На вуліцах Балівіі часта можна сустрэць людзей у масках. Гэта чысцільшчыкі абутку пазбаўляюць ад дыскрэдытацыі сябе і сваю сям’ю. Сёння ён можа чысціць абутак, а заўтра пайсці ў дэпутаты.
У народнай медыцыне балівійцы шырока выкарыстоўваюць эмбрыёны розных жывёлаў.
Балівія - адзіная краіна ў Лацінскай амерыцы, чый прэзідэнт - чыстакроўны індзеец. Эва Маралеса тут падтрымлівае большасць насельніцтва, пра што сведчаць шматлікія надпісы на платах, сценах дамоў. Тут паўсюль замест звыклага нам слова з трох літараў пішуць іншае слова з трох літараў - “Эво”.
Як і ў Перу, у Балівіі дазволена вырошчваць, прадаваць і жаваць коку за абедзьве шчакі. Праўда, усе жуюць яе чамусьці толькі на адну. Напэўна, балівійскія індзейцы застануцца ў маёй памяці менавіта такімі - з выпуклай ад кокі шчакой і зеленаватымі губамі.
Два гады таму Эва Маралес пажаваў ліст кокі перад камісіяй ААН і сказаў: "Гэты лісточак сфармаваў мяне як асобу, як палітыка, а зараз вось і як прэзідэнта. Таму я не магу здрадзіць яму, спаслаўшыся на патрабаванні амерыканцаў пра знічтажэнне пасеваў, не магу здрадзіць мільёнам нашых сялянаў, для якіх ліст кокі не мае нічога агульнага з наркотыкам.
Зайшлі неяк у паліцыю, шукаючы начлег. А там за кратамі вязні, а на падлозе сушыцца кока.
Самі балівійцы - вельмі дзіўныя людзі. Яны глядзяць на цябе, крыху прымружыўшыся, ледзь пасміхаюцца і не спяшаюцца адказваць на тваё пытанне. Такое ўражанне, што яны даўно ўжо штосьці зразумелі, але расказаць не могуць. Толькі пасылаюць сігналы з таго боку. Яны ніколі не адмовяць у дапамозе. Тут заўсёды ёсць, дзе паспаць і што з’есці.
Балівійцы не ўпусцяць шанец падмануць цябе на грошы. Таму, калі за штосьці яны просяць 15 балівіянаў, трэба абавязкова спытаць: “А за 7 можна?” І яны тут жа, не гандлюючыся, спакойна скажуць: “Можна”.
Ла-Пас
П'ер.
photo by
litota_ ,
susex ,
verasen