З Лімы ўтраіх з Вераснем і Калюнем мы накіраваліся ў Куска. А з яго - рукою падаць да возера Ціцікака на мяжы з Балівіяю. У Куска вядуць прынамсі дзве дарогі. Адна з іх праз Наска, дзе у асноўным ездзяць усе турысты. Другая, праз малавядомы гарадок Аякуча. Нам, вядома, па апошняй. Да таго ж, казалі, што на дарозе з Наска цяпер, у турыстычны сезон, арудуць злачынцы, якія грабяць цэлыя аўтобусы з турыстамі. І хоць нас таксама папярэджвалі, што асфальт па дарозе праз Аякуча хутка скончыцца, мы рушылі менавіта туды.
Першым выпрабаваннем на нашым шляху стаў грузавік, які нас падабраў. У кузаве, поўным пірожных і тартоў, нашыя рукі так і цягнуліся да сладасцяў. Неяк выцерпелі ўсю паездку. І калі кіроўца адчыніў нам дзверы, першае, што мы спыталі, ці можна нам пірожка. Так мы атрымалі кожны па смачненнаму заварному пірожанаму.
Мы апынуліся ў гарадку, дзе ніхто не хацеў нас падбіраць. Пераначаваўшы на станцыі ўзважвання грузавікоў, раніцай мы зноў рушылі ў шлях. Было 24 снежня. Раство. Усе тусаваліся па сем’ях альбо закупляліся на рынках, машынаў на дарозе амаль не было. А ў нас скончыліся апошнія грошы. І нам было не да свята. Але, як паказвае нашая практыка, як толькі заканчваюцца грошы
, пачынаюцца цуды.
Нам спыніўся чарговы грузавік з драўляным кузавам. Кіроўца сказаў, што давязе нас да Аякуча і пасадзіў бедалагаў у кузаў. А там на нашае шчасце, мы знайшлі тры здаравенныя мяшкі з мяшкамі. І палеглі спаць.
Не доўга нам давялося паспаць. Грузавік спыніўся. І яго пачалі загружаць: цэглай, нейкімі каробкамі, яйкамі, персікамі. Весела, папіваючы піва, хлопцы загрузілі наш грузавік так, што для нас там амаль не засталося месца. Так мы рушылі далей, падбадзёрваючы сябе песнямі і паяданнем персікаў і яек.
Ад горнай дарогі мяне пачало ўкачваць і на чарговым прыпынку я папрасілася ў кабіну. Там, амаль адразу ж заснула. Праз нейкі час машына спынілася. Кіроўца будзіць мяне, тогаючы за плячо. “Бамоса комэр!” (пайшлі есці). “Но кьеро” (не хачу), - яшчэ сонная адказваю я. “Сіга, эста граціс!” (вылазь, гэта бясплатна).
Мне было ўсё яшчэ мутарна і я вырашыла праветрыцца. Мы пайшлі за кіроўцам у нейкі дом. Каменныя сцены, каменная халаднючая падлога. Па вуглах на аўчынках сядзяць жанчыны. Адзінае акно заклеенае цэлафанам, з-за гэтага ў памяшканні цёмна і амаль нічога не відаць. Нас таксама садзяць на авечыя шкуры, і з іншага пакою выносяць халодную ежу ў пластыкавым посудзе.
І тут я заўважаю, што ў пакоі стаіць гроб. Каля яго гараць свечы. А жанчыны побач аплакваюць нябожчыка. Мне стала вельмі няёмка і захацелася адсюль выйсці.
На вуліцы жанчыны сартыравалі мяса толькі што забітага быка. Мужчыны выгружалі з грузавіка цэглу.
Нас пачалі распытваць, хто мы, адкуль мы, што робім, дзе начуем. Мы расказалі, што ездзем аўтаспынам, начуем у хатах. За начлег і ежу - спяваем. “Дык заставайцеся сёння ў нас!” - сказаў адзін з мясцовых. “Будзе шмат песень, віна і ежы, а заўтра ўсе разам паедзем на грузавіку ў Аякуча”. Напэўна, толькі гэтага мы і чакалі. Тут жа згадзіліся, выцягнулі з кузава заплечнікі з інструментамі, развіталіся з кіроўцам і ўліліся ў жыццё гэтай маленькай вёсачкі.
Сям’я Такуры племені Чунчо хавала маму, бабулю і прабабулю Дэльфіну. Час ад часу да гробу падыходзілі людзі, сумна глядзелі на ссохлы пажаўцелы твар жанчыны, а потым адыходзілі і спявалі песні разам з намі. Нам адразу ж выдзелілі некалькі шкур авечак і альпакаў, далі выпіць віна і сунулі па дзве жмені лісця кокі.
Уся сям’я размаўляе паміж сабой на кечуа. І мы вывучылі некалькі словаў. Напрыклад, “чорны” на кечуа - “яна”. А “белы” - “юра”. “Мужчына” - “харі”, “жанчына” - “ўармі” альбо “пашня”. А вось словаў “дзякуй” і “калі ласка” на кечуа ўвогуле не існуе. Яны папросту непатрэбныя. Хочаш штосьці папрасіць - прасі. Хочаш узяць - бяры.
Амаль да паўночы мы спявалі песні. Некаторыя пазасыналі на шкурах. Роўна а дванаццатай тыя, хто яшчэ не спалі, павіншавалі адно аднаго з Раством. І мы заснулі, накрытыя аўчынкамі і з прысмакам кокі за шчакой.
Назаўтра пад дажджом мы развіталіся з бабуляй Дэльфінай і пад песні на кечуа пра Хрыста пахавалі яе. Тут мы зразумелі, для чаго ўчора грузавік прывёз цэглу. Тут нябожчыкаў не закапваюць, а надбудоўваюць магілу над зямлёю.
Потым усе разам вялікаю сям’ёю на тым жа грузавіку, у якім патрапілі ў вёсачку, з тым жа кіроўцам, які апынуўся ўнукам Дэльфіны, паехалі ў Аякуча.
Photo by
litota_ ,
verasen ,
susex