Уарас - Ліма

Jan 14, 2011 16:23

Мы паехалі ва Уарас - гарадок у перуанскіх Андах. Пра гэтае месца мы не ведалі нічога, але ратавацца ад бруднага пабярэжжа дзесьці трэба было, і мы накіраваліся ўглыб краіны.

Тое, што мы едзем ў правільным накірунку, стала ясна, калі нас падабраў старэнькі грузавік і кіроўца пасадзіў чатырох белых “грынгаў” (нас так называюць ужо 5 месяцаў, пачынаючы з Мексікі) у цалкам забіты памідорамі, пасылкамі, курамі і мясцовымі жыхарамі драўляны кузаў.
















Пейзаж вакол паціху стаў мяняцца, а разам з ім - і людзі, якія сустракаліся нам на шляху. Жанчыны апранулі народныя строі і надзелі шляпы. Другая машына, якая нас падабрала, была яшчэ больш набітым грузавіком. І мы, стараючыся не падавіць памідоры і юку ў мяшках, паехалі ва Уарас.



















У дарозе нас застала ноч, а з ёю і дождж. Кузаў накрылі брэзентам. Стала цёмна і страшна. Накрытыя брэзентам, мы не маглі бачыць, дзе едзе машына. А яе, старэнькую, хістала ва ўсе бакі на пяшчаных горных дарогах. Тут упершыню, хлопцы даведаліся, як спраўляць малую патрэбу, літаральна з кузава грузавіка. А мы з Алісаю - у бутэльку ад Інка-колы.

З горам папалам мы заехалі ноччу ў халодны Уарас. А раніцай, паразівалі рты ад прыгажосці, якая была вакол нас. У горадзе кожны рыхтаваўся да Раства. На рынку прадавалі мох для вертэпаў.































Зайшлі паснедаць мясцовай рыбкай - сэбічэ. Верасень не супакойваўся: “А можа ў іх тут ёсць матэ з кокі, давайце спытаем”. Перу - першая краіна на нашым шляху, дзе кока легальная. Але мы толькі пасмейваліся і працягвалі есці сэбічэ. “Дыскульпэ, т’енэ матэ дэ кока?”(Прабачце, у вас ёсць матэ з кокі) - запытаў Верасень у афіцыянта. “Матэ дэ кока?” - удакладніў той. - “Ёсць”. “Уно, пор фавор” (адзін, калі ласка). “Куатро!” (чатыры) - хорам закрычалі мы. Аднак, калі нам прынеслі гэтае матэ, нас спасцігла расчараванне.




Заставацца ў Уарасе мы не маглі. Спяшаліся зноў да берага, у сталіцу перу Ліму, куды павінен быў прыехаць наш сябра з Альбукерке Кэнтан. Чым далей ад гор, тым мы зноў усё больш прыгадвалі першыя ўражанні ад Перу.













Кэнтан у сваім стылі - не разлучаецца з півам і цыгарэтамі. Спецыяльна для нас прывёз з ЗША гуказапісвальную апартуру. Запісалі нашую “Зорачку”. Кэнтан паабяцаў, што зробіць з яе тэхна-версію. І ўматаў зноў у Альбукерке. А мы - зноў у горы.










photo by 
litota_  & verasen 

taburet, peru, photo

Previous post Next post
Up