Адчуваць зямлю

Oct 31, 2015 18:23



Мы перасталі кранацца зямлі. Перасталі адчуваць яе, быць з ёй адзін на адзін. Нашыя ногі і асфальт, нашыя ногі і падлога, нашыя ногі і дыван. Які відавочны парадокс: абутак, як сродак кантакту з зямлёй і ён жа- галоўная перашкода. Я хутка крочу па асфальце, спяшаюся, спускаюся пад зямлю, еду ў метро, выходжу з метро, спяшаюся, падымаюся па лесвіцы, бягу па кафлі, спускаюся з лесвіцы, бягу па асфальце, спяшаюся. Абутак моцна абдымае мае ногі, каб не выпусціць і не згубіць іх у густой бясконцасці рухаў.

Як толькі ногі кранаюцца травы за горадам, абутак становіцца правадыром. Цяпер ён свой. Цяпер я рухаюся вольна і няспешна, цяпер нос паглынае паветра як корак прапускае ваду ў ваннай. Няма варыянтаў пабегу, борцікаў, брукаванак, рэяк, штучных дарог. Ёсць я і зямля. Ёсць сувязь. Як важна не губляць яе. Як неабходна важна навучыцца адчуваць зямлю праз асфальт, адчуваць зямлю пад зямлёй, адчуваць зямлю ўнутры сябе.
Previous post Next post
Up