Deutsche Vita

Aug 13, 2013 09:54

Новы нумар ПС, прысвечаны літаратуры на нямецкай мове, для мяне ў нечым сімвалічны і знакавы. Так склалася, што мы некалькі гадоў планавалі нямецкі "івэнт" - невялікую падборку перакладаў з нямецкай, якая паціху разрасталася. У выніку ў нумар трапіў і Рэмарк, які ляжаў у нас з самага першага нумара, і Гайнэ, які разбіраўся на перакладчыцкай майстэрні гады тры таму, і Гэсе, які не мог трапіць у інтэрнэт да гэтага года, калі скончыліся аўтарскія правы на творы пісьменніка, і Вагнэр, які ляжыць у нас таксама гады два. Трапілі туды і нашыя з kastani пераклады румынаў, Рыльке і Крамера, якія ў розны час друкаваліся ў АРХЭ, але якія хацелася сабраць у кучу яшчэ недзе. Да таго ж мы гэтым разам перакладчыкам нічога не замаўлялі (за выключэннем Гаўфа), а проста папрасілі ў іх тэксты, якія ўжо гатовыя (магчыма, нават надрукаваныя). Так у нумары з'явіўся, напрыклад, Гільдэбранд, Тухольскі і расійскія немцы. Нехта выбраў сабе тэксты сам - і гэта аказаліся Бехштэйн і нямецкія песні 30-х. У выніку атрымалася не толькі вельмі стракатая карціна, але і нейкае падсумаванне. Апроч гэтага, нумар аказаўся самым кароткім у гісторыі ПС - мы ўрэшце перамаглі гігантаманію, з якой вельмі непаспяхова змагаліся ўвесь гэты час. Спадзяюся, цяпер даўжыня нашага зместу нікога не напалохае :) Ура нашым перакладчыкам, рэдактару, вэб-рэдактару, аўтару вокладкі і ўсім, хто неяк яшчэ паўдзельнічаў у гэтай вакханаліі!


прайдзісвеччына

Previous post Next post
Up