Дэпрэсіўная азбука беларускай літаратуры

Sep 11, 2013 17:45

Антон Францішак Брыль і Кацярына Маціеўская напісалі тут з нагоды майго не зусім даўняга дня нараджэння "Дэпрэсіўную азбуку беларускай літаратуры", якую я ад паспалітага спадарства больш не магу хаваць. Па-мойму, яна прыўкрасная, і свет павінен яе бачыць. Прынамсі, самыя бяскрыўдныя вытрымкі. Падбор карцінак - basarymkales.



А - Апатыя
Выйшлі на нашую ніву аратыя,
Селі й сядзяць. У аратых апатыя.



Б - Безвыходнасць
Літаратура! Чуеш ты, куды б ні йшла,
Над Безвыходнасцю адчайны крык Бусла.



Г - Гаротны стан беларускай літаратуры
Літаратура. Беларусь. Туга.
Гаротны стан. Зусім-зусім, ага.



Д - Дэпрэсія
Размовы ў блогах аб “Рацэ Арэсе” -
Дальбог, пасрэдны сродак ад дэпрэсій.



Е - Енк
Абставіны не вымагаюць Енку.
Паб'емся моўчкі лепш ілбамі ў сценку.



Ё - Ёлупы
Чытаеш ты, напрыклад, крытыку, а на акне, напрыклад, голуб.
І кніга дрэнь, і крытык боўдзіла, і гэты голуб, мусіць, Ёлуп.



Ж - Жальба
Каб конкурс быў па моцы жальбы,
З’явіўся шанец на медаль бы.



З - Заняпад
Літаратура наша маладая
Штогод усё глыбей занепадае.



Й - *неабходная тэхнічная дэталь*
Туга й бяда й журба й жуда й нядоля
Йнакш у радок не ўлезлі б аніколі.



К - Крытыка
Калі пры клінічнай дэпрэсіі ты жыць яшчэ хочаш, нябожа,
Мы раім: звярніся да Крытыкі. Бо Крытыка ўраз дапаможа.



Н - Набалелае
Набалелым дзелішся часам вечар цэлы.
Ранкам глянеш - а яно зноўку набалела.



О - Одум
Калі сядзіш у цяжкім одуме,
Не трэба стогнаў! Жалься одамі.



Р - Роспач.
Я цэлы слоўнік ператрос, бач,
А рыфмы не знайшоў на “Роспач”.



С - Сорам
Усё ў жыцці прыпраўленае горам.
Напрыклад, ёсць Сябры. А дзе ў іх Сорам?



Т - Тлен
Усё й паўсюдна тлен у тленным свеце гэным.
Палякі цвердзяць нат, że oddychamy tlenem.



У - Усведамленне жаху быцця
Калі ўночы дзікі енк раздаецца ў доме -
Гэта нехта жах быцця цалкам усвядоміў.



Ф - Фрустрацыя
Чагосьці Эдгар По мяне фруструе,
Пайду мо сябра ў сценку замурую.



Х - Хандра
І вось ізноў пікнік на цвінтары
Не дапамог ні кроплі ад Хандры.



Ц - Цвінтар
Цвінтар, спусцелы вечароваю парою,
У кніжку трапіў, бо пасуе да настрою.



Ч - Чытачы
Мёртва свеціць на артыкул бледны месяц уначы.
Ціха! Ціха! Зараз выйдуць у каменты Чытачы.



яшчэЧэ - Чароўныя Дапаможцы Чорны Адчай
Не, Чароўных Дапаможцаў я не прыкмячаю,
Так што самы час аддацца Чорнаму Адчаю.



Ш - Шкадаванне
На зямлі пануе гора, ўсюль бяда, жуда й нуда.
Мы дапамагчы не можам, але нам цябе шкада.



Ы - Ых
Кнігу новую прыкмеціш, возьмеш, затрымаеш дых...
Можа, будзе “Ух” нарэшце? Глянеш - не, ізноўку “Ых”.



Ь - *прамень сЬвятла*
Кажуць, гора не кранае і жыццё гняце не так
Тых, хто ў слове “безвыходнасьць” піша двойчы мяккі знак.



Ю - Юдзіф (новая прадмова)
Як вупыр, што ўночы вые, знае свой цвінтар стары,
Так і людзі. Бачыш, людзі - ў цэлым тыя ж вупыры.
Previous post Next post
Up