...ад нейкага загадкавага Джоні С. ці то з Мід-Лотыяна, ці то з Бэрвіка на Твідзе, чытаная ўчора на прэзентацыі "Бэўвульфа". Арыгінал у нэце ёсць толькі на
гугл-букс, калі каму цікава, шукаць можна па першым радку: "Is Allan risen frae the dead". Апярэджваючы магчымыя пытанні, скажу, што радок "Належна ты злучаеш словы" ў арыгінале гучыць як "An' your auld words sae meetly mingle", а радок "Пішы яшчэ!" - як "That you'd write mair".
Такія вершыкі цудоўна служаць адной маёй мэце - распрацоўцы беларускай класічнай рыфмы, бо даюць шмат прасторы для ўцягвання ў рыфму чаго заўгодна - хоць дыялектызмаў, хоць паланізмаў, хоць украінізмаў, хоць русізмаў, хоць яшчэ якой трасцы. У выніку потым нешта можна цягнуць далей, а хоць бы і ў Кітса. Гэта адзін з нямногіх апошнім часам перакладаў, які задавальняе мяне працэнтаў так на 80.
Дадам яшчэ тое, што Алан у першым слупку - гэта самы слынны папярэднік Бэрнса і Фэргюсана Алан Рэмсі, зайздросны сусед у другі слупку - гэта, вядома ж, Англія, а трэці слупок адсылае да вельмі канкрэтнага верша Фэргюсана, толькі як ён называецца, я не помню.
Эпістала містэру Роберту Фергюсану
Epistle to Mr. Robert Fergusson
Ці гэта Алан з іншасвету
Спявае нам свае куплеты?
Дзядоўнік колісь быў апеты
Ім скрозь і побач.
Не - гэта Фергюсан-паэта
Стаў на крыло, бач!
Скажу па шчырасці, юнача,
Радок твой зухавата скача,
Бо што ні рыфма - дык удача:
Гучыць дзівосна.
Няхай сусед цяпер паплача -
Яму ж зайздросна!
Калі кароль тут загуляў,
Спраўляў народзіны, маўляў,
Яму ты добра наваляў
У вершах кплівых,
Не на Парнасе ж бо куляў -
На родных нівах.
Ну, што ж, пясняр, жыві багата,
Дабра хай будзе поўна хата -
Каб пірагі ты еў і ў свята,
І ў дзень працоўны,
Каб выгляд меў ты зухаваты,
А куфаль - поўны.
Ці мо без славы ты знямог?
А я табе ўсё пра пірог,
Пра тое, каб узычыў Бог
Пітва і хлеба...
Ды ёсць яна! І за парог
Хадзіць не трэба!
Гавораць і мальцы, і ўдовы:
Належна ты злучаеш словы.
Мы хвалім вершык твой мядовы
І думкі ўзлёт,
Сабраўшыся на вечаровы
Сяброўскі сход.
Вось дабяруся да сталіцы,
Ох, і пачнём мы весяліцца,
Ракою віскі будзе ліцца -
Збяруцца ўсе!
І свежых вустрыц маладзіца
Нам паднясе.
Табе ж пастаўлю я на від:
Гайда на наш прыўкрасны Твід!
А тут, як зоймецца на світ, -
Такі ласось!
Ці, можа, хоча наш пііт
Яшчэ чагось?
Збяруцца дзеўкі, юнакі,
І як затанчаць ля ракі -
Яны на гэта мастакі!
А нашы пані...
Клянуся, вылупіш зянкі
На іх убранні.
Там сціпласці няма спакон,
Але на галаве - гамон:
Ці гэта пудынг, ці то звон
Па новай модзе,
Ці то каптур - пужаць варон
На агародзе.
Я па друкарнях - не хадок,
Хоць часам крамзану радок,
А вось табе і мой намёк:
Пішы яшчэ!
Ты верш бярэш на павадок -
І ён пячэ!
А я вось славы не жадзён,
Ды хоць і просты маладзён -
Сябрую з Музай з даўніх дзён,
Ну, так, як сёння.
На гэтым - нізкі мой паклон.
Твой верны Джоні.
Ну, а тым, хто дачытаў да канца, бонус: аўтар гэтага верша, вядома ж, сам Роберт Фергюсан. Больш за тое, існуе яшчэ адзін яго твор - адказ гэтаму самаму Джоні С. Калі будзе час і натхненне, можа, перакладу.