Прывітанне!
Праца над другім нумарам нашага часопіса
ALOVAK (хто яшчэ не чытаў - вось спасылка на сайт
alovakmag.by) ўжо ідзе, але пакуль не ў такім інтэнсіўным рэжыме, як перад публікацыяй, таму ў мяне застаецца час на кулінарныя эксперыменты. На гэты раз аб’ектам сваёй увагі я выбрала такую вядомую ўсім дачнікам і вясковым людзям расліну, як тапінамбур, ці земляную грушу. Дарэчы, пакуль рыхтавала гэты допіс, даведалася, што ў часы Рэчы Паспалітай тапінамбур называлі бульвай, якую варылі, абіралі, падавалі з белым або муштародовым соусам. У канцы XVIII ст. тапінамбур быў выцеснены падобнай па спосабу вырошчвання і смаку бульбай, якая ў беларускай і літоўскай мовах пераняла ягоную назву (у літоўскай мове «бульба» - bùlvė)*
(*Крыніца інфармацыі -
http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%A2%D0%B0%D0%BF%D1%96%D0%BD%D0%B0%D0%BC%D0%B1%D1%83%D1%80)
Дык вось, з малых год я памятаю, як з сырога тапінамбуру рабілі салату са смятанай. Я любіла такую салату раней, і зараз люблю. І што яшчэ з ім рабіць - нават не ўяўляла. Але ад сяброўкі, якая жыве ў Францыі, даведалася, што французы тапінамбур запякаюць. Як, наш беларускі тапінамбур?! Таму і вырашыла даць гэтай расліне шанец паказаць сябе з іншага боку, для мяне, натуральна. І не пашкадавала! Спяшаюся падзяліцца і са сваімі ЖЖ-сябрамі спосабамі прыгатавання тапінамбуру.
Суп-пюрэ.
Гэта вельмі смачна! Доказ - такога супу Франак з’еў цэлую міску. А гэта, магу ўпэўніць, шмат пра што гаворыць. Гатаваць вельмі проста - адварыць да мяккасці тапінамбур з морквай, бульбай і цыбуляй. Можна дадаць булён, а можна і ваду - з дапамогай блэндэра ўзбіць гародніну ў пюрэ. Давесці да кіпення. Соль, спецыі - па густу. З такім супам вельмі смачна есць чыпсы з тапінамбуру (парэзаць яго вельмі тонка, смажыць у алеі да залацістай скарынкі).
Запечаны тапінамбур.
Спрабавала па-рознаму - і дома ў духоўцы, і на грылі. Мне падабаецца! А вось муж мой сказаў, што бульба лепей, але ў яго густ спецыфічны, ён мала што з гародніны любіць.
Салата, але для мяне яна была незвычайная, па-першае, тым, што запраўлена алеем. А па-другое -сваімі складнікамі. Акрамя тапінамбуру ў складзе салаты таксама агурок і кабачок.
Што яшчэ маю сказаць пра тапінамбур. Прачытала недзе, што тапінамбур не трэба абіраць, дастаткова памыць, менавіта так можна адчуць яго незвычайны арэхавы смак. Для запечанага і супа-пюрэ так і рабіла, і гэта сапраўды так. Але для салаты ўсё ж абірала, але больш для колеру. І яшчэ: калі абіраць тапінамбур - трэба адразу яго класці ў ваду, бо хутка цямнее.
Смачна вам есці! І жадаю вам добра правесці выхадныя (калі паедзеце смажыць шашлыкі - захапіце тапінамбур :)