ALOVAK magazine #1

May 01, 2015 17:19

Ну вось, нарэшце я магу паведаміць маім ЖЖ-фрэндам аб тым, чым жыла апошнія….. 7 месяцаў. Як я сказала адной маёй паважанай знаёмай: “Ні многа, ні мала, але стварала часопіс”.
Я ўжо даўно заўважыла, што ў маім жыцці самыя значныя падзеі адбываюцца …выпадкова. І гэта, здаецца,  неяк цалкам супярэчыць маёй пазіцыі аб тым, што поспех прыходзіць таму, хто да гэтага імкнецца, хто мае выразна акрэсленую мару, дакладныя мэты.  Але ж так гэта, ці не, але ўзгадаю самыя галоўныя (але не адзіныя) мае выпадковасці:
-          Пайшла вучыцца я на юрыдычны факультэт выпадкова. Я ніколі не марыла быць юрыстам, нікога з юрыдычнай адукацыяй у маёй сям’і няма.
-          Пазнаёмілася з мужам - амаль выпадкова. У сябра сяброўкі на дні нараджэння. А магла б і не пазнаёміцца. А ён мог бы і не прыйсці туды…

Так выйшла і на гэты раз. Неяк у размове сяброўка, Іра Бельская (murrrrrka),  кінула фразу (цытата) “ммм.. можно свой журнал издавать… ”. Можа быць, іншым часам я б прапусціла гэтыя словы міма вушэй, можа іншы чалавек увогуле не ўспрыняў гэта сур’ёзна. Але я загарэлася, загарэлася Іра... І пачала разгортвацца, як клубок нітак, гісторыя пад назвай “Часопіс ALOVAK”. Канцэпцыя, аналіз існуючых часопісаў, рубрыкі, сустрэчы, доўгія размовы і перапіска…. І вось,  31 снежня 2014 года мы рэгіструем сайт alovakmag.by і праца над першым нумарам стартуе.



Што такое, увогуле, часопіс ALOVAK? Гэта online-часопіс пра творчасць і для творчых людзей. Гэта арыгінальныя аўтарскія матэрыялы пра творчасць, ручную працу, мастацтва і рамяство, размовы з таленавітымі людзьмі, майстар-класы і карысныя парады ад прафесіяналаў, пошукі натхнення, конкурсы, заданні, падарункі… 
ALOVAK будзе выходзіць 4 разы на год, кожны сезон, у двух версіях - на беларускай мове і на рускай. І мы будзем імкнуцца да друкаванай версіі, спадзяемся, што вы нас у гэтым падтрымаеце:)

26 красавіка мы расказалі свету пра рускамоўную версію часопіса, а сёння я  з вялікім задавальненнем хачу прадставіць вам, мае сябры, версію беларускую. Я вельмі ўдзячна Ірыне, што яна падтрымала маё жаданне бачыць ALOVAK на беларускай мове, нягледзячы на тое, што гэта дадала ёй двайную працу ў вёрстцы.





Хачу выказаць вялікую-вялікую падзяку тым, хто меў дачыненне да першага нумара:

-          Усёй камандзе МОВА НАНОВА . Асобны дзякуй тым дзяўчатам, што дапамагалі з рэдакцыяй: Аксане Семянькевіч, Вользе Барысенка, Наталлі Шапран.
-          Веранічцы Ульянавай (Буто) за рэдакцыю беларускамоўных тэкстаў.
-          Дзяўчатам Надзеі Зіміравай і Сашы Баранавай - за рэдакцыю рускамоўнай версіі.
-          Вікторыі viktorinka - за шыкоўны артыкул і маральную падтрымку.
-          Аляксандры Баярынай - за цудоўныя фотаздымкі.
-          Насце Глушко - за “Гуканне”.
-          Ганне Чысцяковай - за прыгожосць.
-          Таццяне Кескевіч - за залатыя рукі.
-          Ірыне dzichka за дапамогу ў перакладах.
-          Марыі Сонгаль - за памкненні да мастацтвазнаўства:)
-          Майму мужу! За тое, аб чым вы можаце прачытаць на старонцы 120 нашага часопіса:)
-          Усёй маёй сям’і - за падтрымку!
-          Нашым героям, майстрам, падпісчыкам у сацсетках…

І, галоўная мая падзяка, murrrrrka, табе! “Палова” часопіса, наш арт-дырэктар, чалавек, які змог так прыгожа ўвасобіць у жыццё нашы ідэі і задумкі - як жа добра мы знайшлі адна аднуJ Дык няхай нам шанціць!










Калі жадаеце атрымаць такую паштоўку, зазірніце на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках, яшчэ можна паспець: ФБ, ВК. Мы ў instagram - alovakmag
Наш сайт  - http://alovakmag.by/

Сябры, вось такая навіна. Буду рада пачуць вашы водгукі, пажаданні, пытанні, прапановы… Пасля таго, як мы выпусцілі першы нумар, мой арганізм вырашыў выказаць сваё меркаванне наконт маіх працоўных начэй і недасыпанняў і захварэў ( і Францішка заразіўL). Так што вашы словы для мяне будуць лепшымі лекамі!

alovak magazine, ремесленная деятельность, розны handemade, падзеі

Previous post Next post
Up