Dec 16, 2008 23:00
Вось бываюць часіны, калі дзеянні твайго дзіцяці падаюцца не тое, што нелагічнымі, а нейкімі неадэкватнымі і нават хуліганскімі. Самае галоўнае тады -- стрымацца. Вось калі такі неадэкват я аднойчы атрымала ад Агаты, проста ўявіла яе маленькай, такой, як Івона. Стала лягчэй, і вузельчык развязаўся.
А яшчэ бываюць моманты, калі цябе раптам ахоплівае такое замілаванне. Вось ляжыць дзяўчо,чытае кніжку, а дагары тырчаць ружовыя пяткі. Кайф.
І, відавочна, не дае нам забывацца пра любоў -- смех. Вось старэйшая канючыць, просіць, каб з ёй паляжалі, то ў яе бок баліць, то нага. А пасля прапануе разам піць гарбату, і гэта ў дванадцаць ночы, бо даўна не бачылася з татам, з абеда. І мяне смяшаць яе наіўныя дзіцячыя хітрыкі. А разам са смехам прыходзіць асэнсаванне, як жа моцна я яе люблю.
У Івоны ўсё проста. Яна падпаўзае і паказвае, што яе трэба ўзяць на ручкі. А калі ў такі момант нахіліцца і даць ёй рукі, але не падымаць, то яна пачне смешна задзіраць дагары нагу. І я яе падхопліваю.
І вось так я буду "падхопліваць" іх усё жыццё.
Ой, да чаго гэта я. Да таго, што я іх проста люблю. Але вось гэтае люблю ўхапіць, ды яшчэ і апісаць, зусім ня проста.
дзеці,
выхаванне,
любоў