Скончыўся ліпень, і жнівень пачаўся зусім незаўважна.
Калісьці даўно мне падумалася, што з усей летняй пагоды мне найбольш падабаецца, калі цёпла і вільготна. Вось такі ён і быў для мяне, гэты ліпень, з любімай пагодай. Дажджы прыносілі прахалоду, але яна ніколі не скатвалася ва “нешта ўжо пахаладнела”, заўсёды адчувалася, што леета-лецейка!
Заспаныя ранкі: лес у лёгкай смузе, птушкі лянотна азначюць, што яны недзе побач, але таксама, ці праснуліся? Трава росная, па ветках яблыні, па лісці, па яблыках павольна сцякаюць кроплі, а на сетцы агароджы яны затрымаліся, нібы вісюлькі.
Марлевае неба не падказвае, што ж будзе, калі дзень нарэшце прачнецца - ці яркае сонца, ці набягуць цёмныя хмары з буйным дажджом. Яно і само не ведае.
Часта прыходзяць думкі пра тое, што час так хутка бяжыць! Нібы з боку назіраю і спрабую асэнсаваць, можа тады запаволіцца? Адразу і не адкажу, колькі мне гадоў, бо не сачу ўжо даўно, узрост свой вызначаю, толькі падліваючы з дапамогай года нараджэння.
А час ідзе, па сябе не бачу, але родныя, знаёмыя, аднакласнікі - вось яно, люстэрка. Раней, сустракаючы аднакласнікаў, заўсёды іх падзяляла на тых, хто змяніўся значна і хто зусім не змяніўся, паміж гэтымі крайнасцямі нічога не было. Першыя - часцей за ўсё, хлопцы - ужо не тыя тонкія юнакі, якія заканчвалі школу, а ужо памужнелыя, а некаторыя адрузлыя ці палыселыя мужы. Дзяўчаты засталіся амаль такія, як і былі - толькі больш упэўненыя, больш прыгожыя.
Прайшло зусім няшмат часу, а фота у сац.сетка сведчаць, што ўжо і тыя, хто “заставаўся нязменнымі” змяніліся: яшчэ такая ж, але вось ужо праглядваюць каля вачэй маленечкія змурачкі. А вочы! Вочы заўсёды паказваюць жыццёвы досвед, і не будуць яны такія ж у 25, як у 35. І разумееш, што далей будзе толькі горай. Страшна.
А бачыць змены ў тых, хто значна старэйшы за мяне, наогул цяжка. Асабліва, калі блізкія людзі. Калі чую старэчыя ноткі ў голасе маёй любай прыгажуні-цёткі, якая і ў 20, і ў 50 была сапраўды прыгажэйшая за многіх зорак кіно, ажно разгубляюся. Вось ён, яе голас, такі ж самы, бадзёры, трохі з хрыпкай, але ж навошта гэтае бразджанне? Яно ж … старэчае! Разумею, что ей сёлета споўнілася 70, але ж так хочацца запаволіць час, адсунуць гэтыя змены.
Таму асабліва радасна, калі старэйшая стрыечная сястра, якую не бачыла мо гадоў 10 - а яна такая самая! Па фатаграфіях бачу, што і твар не такі падцягнуты, як у 30, і ўжо пагладчэла трошкі, але ў жыцці - нічога не заўважна. Ура! Ці можа, не хачу бачыць?
А я? І гэта самае страшнае пытанне. Ці ж магу я заставацца нязменнай? Зразумела, мяняюся. Але ж здаецца, што не сільна. Амаль не мяняюся. Мана гэта толькі.
І ў якім месяцы свайго жыцця я жыву? Напэўна, у жніўні, спадзяюся, што ў самым пачатку. Травень, чэрвень і ліпень, якія здаваліся бясконцымі, ўжо прайшлі. Можна яшчэ насалоджвацца росквітам, але прыкметы восені з’яўляюцца, іх ўсё болей.
Ну што ж, ласкава запрашаю, Жнівень!