Jul 08, 2018 21:59
У майго бацькі ёсць “абавязковая забаўлянка” у якую ён гуляе з малымі ўнукамі. Садзіць дзіцё на калена ды стукае па пятачцы:
Кую, кую ножку,
Паедзем у дарожку.
Знайшла працяг гэтай забаўлянкі. Выявілася, што яна даволі доўгая, можна сапраўдны масажык зрабіць - і дарожку крывую намаляваць, і пахлопаць (сарока) ці яшчэ чаго прыдумаць:
Кую, кую ножку,
Паеду ў дарожку.
Дарожка крывая,
Кабылка сляпая,
Еду, еду, еду,
Ніяк не даеду.
Прыпрагу сароку,
Паеду далёка,
У новай кашулі
Да майго дзядулі.
Скоранька паеду,
Каб паспець к абеду.
Ладкі ладком
Ладкі ладком,
Піражкі з мядком,
Кашка з алеем,
Есці не ўмеем.
А ад маці ведаю, каб дзіця (ці наогул каго заўгодна) ніхто не сурочыў, калі глядзіць чалавек завісліва ці неяк непрыемна, трэба пры сабе сплюнуць тры разы да сказаць: “Соль табе ў вочы”.
І вось выпадкова трапіла, што і тут ёсць працяг. У зборніку “Прыказкі Лагойшчыны”:
“Соль табе ў вочы, галавешка ў зубы, а дзяркач у сраку”.
родныя