Дэлегаванне паўнамоцтваў

Jan 07, 2019 16:39

На радаводныя пошукі ў 2018 годзе ў мяне затрачвалася зусім няшмат часу. Па-першае, не было магчымасці працаваць у архівах, таму ў асноўным засяродзілася на упарадкаванні таго, што ўжо было напрацавана дагэтуль. Гэта, зразумела, не так цікава, але ўсё адно неабходна, бо забываецца, страчваецца, што не даведзена да ладу.

Па-другое, у прыярытэце з’явілася іншая справа, а гадзін у сутках не бясконца. Вось займацца і хачу, і трэба іншым, але ж і ў гэтай галіне хочацца нейкіх рухаў, не толькі падбіцця рахункаў.

Успомнілася, што ў мэнеджмэнце ў такіх выпадках перакідваюць на падначаленых свае задачы дэлегуюць паўнамоцтвы. І так гэтая думка не давала мне супакою, што вырашыла, што трэба паспрабаваць. А што, чаму б не папрасіць сваіх бацькоў (ды і мужавых таксама) пазапісваць розныя цікавыя гісторыі, якія яны калі-некалі расказваюць. Калі сустракаемся - то справы неадкладныя, то настрой не той, рэдка шанцуе, што хто разгаварыцца. А калі яны будуць ведаць, што я гэтага ад іх чакаю, то можна і час на гэта прыдатны выбраць, і пісаць - гэта ўсё ж больше вольна, чым распавядаць.

Папрасіла я і сваіх бацькоў, і свякроў сваю. З маімі гэта не спрацавала ніяк. Усё ж такі гэта патрабуе ад іх большага напружвання, чым расказваць. Магчыма і я тут недапрацавала - трэба было не проста закінуць просьбу, але і напамінаць рэгулярна. Паспрабую ізноў.
Свякроў у мяне настаўніца мовы (рускай), амаль што майстра мастацкага слова, таму для маёй просьбы ўмовы тут больш спрыяльныя. Спачатку прыйшлося крыху ёй паназаляць , і не саступаць ў адмовах - то сшытак не набыла, то тое, то сёе.
Але вось і маленькая перамога - сшытак ёсць, пісаць пачала. Ура!

Праз некалькі тыдняў пытаюся: - Ну, як там справы з сшыткам радаводным, ідуць?

- Ідуць! Пачала пісаць, і столькі ўсяго ўспомнілася! Аж слёзы колькі разоў у вачах! Але, ведаеш, гэты сшытак ўжо ператварыўся у мой асабісты дзённік. Таму табе паказальны сшытак я напішу асобна. Потым. Калі-небудзь…

крокi

Previous post Next post
Up