Apr 16, 2016 22:52
Напiшу тут, каб не забыцца. З'явiлася ў мяне версiя паходжання адного з нашых радавых прозвiшчаў.
Сiвенкоў - Сiвенкова. Чамусьцi па-беларуску - праз “е”. Мяне заўседы цiкавiла - чаму? Нацiск на «о», згодна з правiламi замест «е» павiнна быць «я», не такое ўжо шляхетнае прозвiшча, каб мець асаблiвае напiсанне.
Вядома, прычыну «чаму» можна сабе ўявiць - справаводства вялося на рускай мове, калi запiсвалi прозвiшча, перайначалi яго на рускi лад. А потым ўжо нiхто мяняць не пажадаў: яшчэ станецца, што людзi не родныя, бо прозвiшчы на лiтару адрознiваюцца.
Вось зараз мяркую, што тут можа было i не гэтак.
Наогул, самы просты шлях паходжання прозвiшча падаецца такi:
корань Сiв- (быў нехта сiвы, цi нешта з сiвiзной звязана), суфiкс палескi -енк, ды яшчэ на рускi лад дадалi суфiкс -оў. Чаму тут «е» не змянiлася на «я»?
А вось натрапiла на назву вескi - Сiвенка. Яна знаходзiцца таксама у Гомельскай вобласцi, як i мая, адкуль прозвiшча. Дарэчы, яны не так i далёка адна ад адной. То можа прозвiшча ад назвы месца, а не ад мянушкi чалавека?
Неяк вырашыла для сябе, што тыя пытаннi, на якiя я не магу знайсьцi дакладнага адказу (цi можна яго знайсьцi наогул?), трэба яшчэ раз «спытацца» ў радавых мясцiн. Чамусьцi здаецца, што тыя мясцiны, дзе жылi продкi, павiнны мець для нашчадкаў патаемную сiлу i значэнне. Хочацца паехаць туды i ўбачыць тую зямлю на ўласныя вочы, уявiць, як там жылi людзi стагоддзi таму. Падумалася, што можна будзе і ў Сівенку заехаць: калі сапраўды там ёсць нешта роднае - можа, гэта адчуецца?
Але як вызначылася, няма куды ехаць. Апошняе стагоддзе стала для гэтай вёскi фатальным. Яна апынулася ў спiсе дашчэнту вынiшчаных пад час Другой сусветнай вайны населеных пунктаў - напэўна ў Хатынi ёсць яе назва. Нацыянальны архiў на сваiм сайце сведчыць, што з 214 хат, што былi ў вёсцы да вайны, было знiшчана 213.
На дзiва, гэта не было яе канцом, веска ўзрадзiлася. Але яе яшчэ чакалi выпрабаваннi лёсу.
У 1986 годзе недалёка выбухнуў Чарнобыль. Спачатку ўсё думалi, што далёка. Сюды звазiлi з Брагiнскага раёну хатнюю жывёлу, пачалi гатаваць пляцоўкi пад катлаваны хацiн для перасяленцаў. Але праз 2-3 месяцы Сiвенка сама апынулася ў спiсе тых мясцiн, адкуль людзi вымушаны былi перасялiцца.
Улетку 1991 г. Сiвенку, як i iншыя забруджаные "мiрным атамам" i адселеныя вёскi, спалiлi ўшчэнт.
Вось такая гiсторыя. На вялiкi жаль, хэппi-энду ў ёй няма.
Сивенка,
думкі-думкі,
Сiвенка