May 02, 2016 02:31
Каб працаваць у архіве, мусіш падпісаць, што ты прачытаў і абавязваешся выконваць правілы работы ў ім. Там ёсць пункт, які я спачатку палічыла нейкім анахранізмам, але толькі потым зразумела, што ён прысутнічае ў правілах наўмысна. Нельга карыстацца фотаапаратам. Растлумачце мне - чаму? Каб захаваць сабе нейкую інфармацыю з дакументаў, можна запісаць яе ручкай на паперы, набраць у ноўтбуке, але ніякіх фотаздымкаў. Нават малееенечкіх, на тэлефон.
А так хацелася б узяць справу, нафатаграфаваць усё, і ўжо дома за філіжаначкай гарбаты разглядаць ўсё ўважлiва.
Гэты забарон асабліва раздражняе, калі ёсць нешта, што можа спатрэбіцца, а можа і не, і лепш бы гэта ў цябе было, на ўсякі выпадак. Але ж гэта трэба напісаць ці набраць. А калі там замнога? Пішаш і думаеш, што вось адно імгненне - і можна было б не пісаць, а ў цябе ўсё засталося ў тэлефоне . Хіба гэтым я магу пашкодзіць нават лядашчым паперам? Калі сфотаць без успышкі, дык гэта ж тое самае, што прагледзець вачыма. Да таго ж ў архіве, мне здаецца, існуе праблема пераводу інфармацыі ў лічбавы выгляд. Можна было б абавязаць тых, хто фатаграфуе дакументы, скідваць копію і архіву. Зразумела, што здымкі могуць быць і не вельмі высокай якасцi, але спачатку было б хоць што. Перарабіць на лепшае можна заўсёды.
Да таго ж ў гістарычным архіве раз-пораз узнікае праблема з тым, што даследчыкаў болей, чым месцаў у чытальнай зале. Можна было б і чытальную залу разгрузіць.
Але копіі можа рабіць толькі архіў. Вядома, не задарма. У гэтым ўся справа? Трэба даваць зарабляць архіву?
Дык я ж не буду замаўляць столькі копій, колькі рабіла б, калі было б можна карыстацца фотаапаратам. Толькі самае каштоўнае для мяне, што важна, як выглядае. А тое, адкуль патрэбна толькі інфармацыя, зразумела, не трэба мне сканіраваць, лепей я сфотаю парапішу/наберу.
Каб задаволіць сваю цікавасць, прагледзела правілы расійскага і брытанскага архіва. Там тое самае (у брытанскім яшчэ і ручкай карыстацца нельга, толькі алоўкам). Вось такія суровыя архівы.
ЗЫ. Мне вельмі спадабалася, як брытанскім архівам падаецца інфармацыя для такіх, як я, неспрактыкаваных даследчыкаў. Невялікі спіс першых крокаў, з чаго пачынаць, што дзе паглядзець, на што звярнуць увагу. Не бачыла ў нас такіх дапаможнікаў.
Адна з парад наогул дае нейкае натхненне:
Recognise both the limitations and potential of the archive - you may not find exactly what you are looking for, but you could find new sources you didn’t know existed.
Усвядомце як межы, так і магчымасцi даследавання ў архіве - вы можаце не знайсцi менавiта тое, што шукалi, але знайсцi новыя крынiцы, пра iснаванне якiх нават не ведалi.
думкі-думкі