Перабудова цэркваў у касцёлы ў міжваеннай Польшчы

Aug 13, 2015 15:18



Увогуле мне здаецца, але я безумоўна магу памыляцца, што частая перабудова храмаў з адной канфессіі ў іншую - гэта такая асаблівасць нашага рэгіёну Усходняй Еўропы, фішачка тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. З праваслаўя ў уніяцтва, з уніяцтва ў праваслаўе, з каталіцтва ў праваслаўе, з праваслаўя ў каталіцтва і з усіх канфесій у клюбы камуністычнай моладзі:) Так, у большасці выпадкаў пераданне храмавых пабудоў з адной канфесіі ў іншую скончвалася толькі заменай крыжоў іншай формы, пераўладкоўваннем інтэр'еру і апцыянальна навешваннем "цыбулін", але часам будынкі храмаў цярпелі і больш значныя пераўтварэнні. Архітэктары-вівісектары ўмудраліся пры перабудове нават памяняць архітэктурны стыль храма.

Грашыла такімі каардынальнымі перабудовамі Расійская Імперыя. Дасведчаныя людзі ведаюць, у што была ператворана гатычная Фара Вітаўта ў Гродна, барочная ўніяцкая царква Святога Духа ў Мінску (калі хто не ведае, падкажу, у жахлівыя шматкупальнацыбульныя цэрквы ў псеўдарускім стылі). Новаўтвораная Другая Рэч Паспалітая ў канцы 1920-х таксама выйшла на крывую дарожку капітальных перабудоў цэркваў у касцёлы, але абмяжоўвалася ў асноўным, толькі былымі гарнізоннымі цэрквамі, якія засталіся на тэрыторыі Польскай Рэспублікі на месцах былой дыслакацыі войск Расійскай Імперыі (зрэшты, Фару Вітаўта яны таксама перабудавалі назад у касцёл). На падборку праектаў перабудовы такіх гарнізонных цэркваў я і натыкнуўся ў адным з нумароў польскага часопіса "Architektura i Budownictwo" за 1933 год.

Гарнізонная царква 38-га Табольскага пяхотнага палка / Касцёл узнясення Найсвяцейшай панны Марыі ў Скерневічах, Польшча

1.


2. Царква на тэрыторыі гарнізона 38-га Табольскага пяхотнага палка ў Скерневічах была закладзена ў 1899 годзе, асвечана ў 1903 годзе:


3. Гэта быў тыповы гарнізонны пяцікупальны храм на 1000 асобаў:


4. У 1921 годзе на тэрыторыі былога расійскага гарнізона размясціўся 18-ты пяхотны полк Войска Польскага. Былая праваслаўная царква была перададзена вайсковаму духавенству палка і ў ёй пачалі весціся службы каталіцкага абраду. У пачатку 1930-х праект па канчатковай перабудове царквы ў касцёл быў давераны варшаўскаму архітэктару Эдгару Норверту (польск. Edgar Norwerth), эскізы гэтага праекта былі размешчаны ў часопісе 1933 года:


5. Але нешта пайшло не так і праект завяршаў ужо іншы архітэктар - Ян Лукасік (польск. Jan Łukasik). Перабудаваны храм з рысамі неараманскага стылю паводле ягонага праекту быў адчынены ў 1936 годзе:


6. Храм перажыў вайну, часы ПНР і захаваўся да нашага часу ў добрым стане:


Гарнізонная царква / Гарнізонны касцёл у Зэгжу, Польшча

7. У польскай вёсцы Зэгжэ, у якой у XIX ст. знаходзіўся гарнізон узброеных сіл Варшаўскага ўмацавальнага раёна, гарнізонная царква перажыла ажно две перабудовы. Першапачаткова ў 1895 годзе расійскі вайсковы інжынер палкоўнік Ракінт пачаў перабудову выкупленага ў мясцовых уладаў касцёла ў гарнізонную царкву. У 1899 годзе перабудаваная з касцёла праваслаўная царква ў псеўдарускім стылі была асвечана:


8. У 1930-я, як і ў выпадку з цаквой у Скерневічах, улады Другой Рэчы Паспалітай даверылі новую перабудову храма архітэктару Эдгару Норверту. Вось зацемка пра яго працу з часопіса "Architektura i Budownictwo":


9. Работы па паўторнай перабудове храма ішлі ў 1932-1933 гады:


10. Пасля заканчэння работ новаспечаны касцёл выглядаў так:


11. У 1944 годзе падчас наступлення савецкіх войскаў дах і сцены касцёла былі пашкоджаны артылерыяй. Пасля вайны разбураны касцёл быў унесены ў спіс архітэктурных каштоўнасцяў Польскай Народнай Рэспублікі, але улады не рабілі ніяк прац па яго аднаўленні (нешта мне гэта нагадвае). Гарнізонны касцёл стаяў закінуты і паступова разбураўся:


12. У 1987 мясцовыя улады вырашылі канчаткова знесці касцёл, што і было зроблена - ад храма засталіся падмуркі і адна напаўразваленая калонна. У 1990-я са зменай палітычнага курса ў Польшчы недалёка ад былога гарнізонна касцёла быў узведзены новы храм Маці Божай Фацімскай, які належыць мясцовай вайсковай парафіі.


Гарнізонная царква 69-го пяхотнага Разанскага палка / Гарнізонны касцёл 8-га пяхотнага палка Войска Польскага ў Любліне, Польшча

13. Гарнізонная царква ў Любліне была пабудавана ў 1904 годзе і ўяўляла з сябе тыповую царкуву ў псеўдарускім стылі:


14. Як і большасць храмаў такога тыпу праваслаўная царква ў 1920-я гады была перададзена вайсковаму каталіцкаму духавенству. Праект па канчатковай перабудовае царквы ў касцёл быў даручаны архітэктару Уладыславу Вайцэхоўскаму (польск. Władysław Wojciechowski):


15. Працы па перабудове вяліся ў 1927-1932 гады. Храму замест рысаў псеўдарускага стылю былі нададзены рысы неакласіцызма з прымессю міжваеннага польскага функцыяналізма:


16. Асвячэнне новага-старага храма адбылося ў 1933 годзе:


17. У вайну будынак храма не пацярпеў, у часы ПНР касцёл не зачыняўся і працягваў выконваць ролю гарнізоннага храма. У наш час ён выглядае так:


Гарнізонная царква / Гарнізонны касцёл у Луцку, Украіна

18. Пра гісторыю гэтага храма ў інтарнэце мала інфармацыі. Па тым фотаздымкам, што ў мяне маюцца, можна зрабіць вынік, што праект Эдгара Норверта па перабудове царквы ў касцёл не быў да канца рэалізаваны:


19. Праваслаўны храм быў закладзены ў 1897 годзе, асвечаны ў 1899. У 1920-я былая Пакроўская царква была перададзена каталікам, працы па яе перабудове пачаліся, але ці не былі завершаны, ці храм пацярпеў у вайну, неявядома - праектны выгляд касцёл так і не займеў.


20. Пасля вайны у будынку размяшчаўся клюб вайсковай часткі РВСН. У 1990-я храм быў вернуты праваслаўным вернікам:


21. Цяпер тут знаходзіцца царква Георгія Пабеданосца:


Гарнізонны сабор / Гарнізонны касцёл Брэстскай крэпасці, Беларусь

22. Адзін з самых вядомых прыкладаў міжваеннай перабудовы храмаў на тэрыторыі Беларусі - гэта Свята-Нікалаеўскі гарнізонны сабор на тэрыторыі Брэсткай крэпасці:


фота з паста ruzovdmitry Храм гарнизонный

23. Храм у візантыйскім стылі быў закладзены ў 1851 годзе меркавана на месцы аднаго з старажытных брэстскіх каталіцкіх храмаў, разбураных пры будаўніцтве Брэсткай крэпасці:


24. У канцы 1920-х праваслаўны сабор быў перабудаваны ў касцёл. Кіраваў перабудовай знакаміты брэстскі архітэктар Юліян Лісецкі (польск. Juljan Lisiecki):


25. Храм набыў рысы нацыянальнага польскага мадэрнізму:


26.


27. У 1939 годзе адбылася першая абарона Брэсткай крэпасці жаўнерамі Войска Польскага ад нападу Вермахта. У 1941-м у першыя месяцы вайны храм быў моцна пашкоджаны пад час другой абароны крэпасці. Пасля вайны разбураны сабор выкарыстоўваўся як харчовы склад:


28. У цяперашні час адбываецца рэканструкцыя і аднаўленне гарнізоннага сабора:


фота postalovsky_a

страчаная спадчына, неакласіцызм, Польшча / Polska, царква / cerkiew, касцёл / kościół, перабудова, Західна Україна, Заходняя Беларусь, неараманскі стыль, wojsko polskie, закапанскі стыль / styl narodowy, Брэст, стары фотаздымак, сучасны фотаздымак

Previous post Next post
Up