Апошні раз я была ў
Беларускім дзіцячым хоспісе гады два назад. Тады мы спраўлялі 20-годдзе Люды. Усе ведалі, што гэта апошні Дзень нараджэння на зямлі. І яна таксама. Але ад гэтага не было сумна. Яна тады захапіла мяне сваім спакоем і гарманічнасцю, шчырай усмешкай і непадробнай прыязнасцю.
Больш я яе не бачыла. Ужо даўно пішу Людмілу ў малітоўны спіс за спачын: гэтага не магло не здарыцца...
І вось сёння я трапіла ў хоспіс і ўвесь час шукала старажыл з працаўнікоў, якія б маглі памятаць Люду. Я знайшла яе фота на стэндзе. І нечакана для сябе запыталася ў сацыяльнага педагога: "Чым усё скончылася?" Я ж ведаю, чым! І навошта пытаюся? І чаму так фармулюю пытанне? Але яе адказ ускалыхнуў маё нутро: "Яна памерла".
Я не была гатовая. Я ўсё яшчэ ў шоку ад "навіны". Я спадзявалася ўвесь гэты час?..