... і так даўно я не заходзіла сюды, што пальцы заблыталіся ў паролі...
Але нешта захацелася вярнуцца, хаця б дублюючы запісы з фэйсбуку:)
Дык вось - Аленка і гномы.
Калі мы зьбіраліся ва Ўроцлаў, то ўводзілі Аленку ў гномскую тэму з дапамогай чытанай перад сном кніжкі “Гэй, хавайцеся!” літоўскага пісьменьніка Казіса Сая (націскі на “і” і на “я”) ў перакладзе Алеся Разанава (сто гадоў яму і віншаваньні з нагоды сёньняшняга юбілея!). Кніжка неверагодна супала па настроі і пераплялася па сюжэце з пошукамі вроцлаўскіх гномаў. Напрыклад, правільна ставіць націск у імені-прозьвішчы пісьменьніка мяне вучыла мілая жанчына зь імём галоўнай гераіні кніжкі. А на Таргу Сольным нават кантрабас (бронзавы, як і гномы) знайшоўся. Магчыма, той самы, у якім гномы прыбылі ў дом дяўчынкі Расуты. Аленка вельмі так сур’ёзна сказала, што калі б побач стаяў гном, атрымалася б выдатная ілюстрацыя. А яшчэ яна доўга плакала, калі апынулася, што яе любімец, гарэза Ліпуціс ахвяраваў сабой дзеля добрай справы і ператварыўся ў салоўку. Супакоілася, толькі калі мы зазірнулі ў канец кніжкі і высьветлілі, што ён вернецца.
Высновы з вышэйнапісанага:
1) “Гэй, хавайцеся!” Казіса Сая - выдатная кніжка!
2) Вроцлаўскія гномы - цудоўная забаўка для дзяцей і дарослых!
3) Алесю Сьцяпанавічу Разанаву - здароў’я і творчага плёну!
Іншых гномаў можна паглядзець
тут.
*