Даўно я не пісала запісаў пад дадзеным тэгам. Але праўда ў тым, што сёньня нашая сям’я расстаецца з кніжкай, якая прыйшлася па душы ўсім нам. Расстаецца, бо мы яе дачыталі і я павінна вярнуць яе гаспадыні. Мне прынесла яе мая студэнтка, калі я расказвалі ім пра постмадэрнізм у літаратуры. Кажа: “Калі вы расказвалі, я згадала сваю любімую дзіцячую кніжку. Вось. - Г. Остэр “Казка з падрабязнасьцямі” Вы не чыталі?” Я не чытала, але ведала - кніжкі Остэра дрэннымі і нецікавымі быць ня могуць, і ўзяла пазнаёміцца.
Мы яе сталі чытаць вечарам перад сном Аленцы Андрэеўне. І ў першы дзень я думала, што яна не засне ад узбуджанасьці, бо чытаць, як казёл Мацьвей пужаў самалёты, а потым сам папаўся на паветраныя шарыкі, замаскаваныя пад капусту, было неверагодна сьмешна. А празь некалькі дзён Аленка пачала пужаць нашых гасьцей, залазячы на зэдлік і дэкламуючы: “Бессонница! Гомер! Тугие! Паруса! Я! Список! Кораблей! Прочел! До! Середины!” Гэта было ўздзеяньне “Казкі з падрабязнасьцямі”, а не бацькоўская шыза па далучэньні дзіцёнка да высокай паэзіі.
Кніга напісаная ў 1989 годзе па усіх канонах постмадэрнісцкай літаратуры. Дыректар парку адпачынку расказвае карусельным конікам сказкі. І калі засталася апошняя казка - маленькая, ня вельмі цікавая, пра хуліганістага хлопчыка Федзю, які пасварыўся з усімі на сьвеце і нават з самой Зямлёй - конікі пачынаюць раскручваць дырэктара на падрабязнасьці - а што адбылося з малпай, перад клеткай зь якой Федзя зладзіў скандал? А што адбылося з бабуляй, якая рабіла Федзю заўвагі? А што з міліцыянерам, якога выклікалі суняць дрэнныя Федзевы паводзіны? Тут вам і “тэкст у тэксце” і адкрыты фінал, і выбар сюжэтных лініяў, і гэта ў дзіцячай кніжцы, напісанай у 89-м годзе.
У адным інтэрвію Остэр скардзіўся, што выдавецтвы ганяюцца за брэндам і проста оптам скупаюць правы на ягоныя “Урэдныя саветы”, а ягоную лепшую кніжку даўно не перавыдавалі. Ганьба ўсім дзіцячым выдавецтвам, бо гэта насамрэч шыкоўная кніжка. І, калі мы яе знойдзем, абавязкова набудзем сабе ў бібліятэку, нават ня гледзячы на тое, што ўжо прачыталі. І вам таго ж вельмі раім:)
*