Даўно хацела падзяліцца новым для мяне лексычным досьведам. Дзіцёнак наш, як усе ведаюць, буйны, гіпэрактыўны і шылапопы, адпаведна - надзяваем джынсы і ўвазюкваюцца гэтыя джынсы за дзень. І словаў у мяне няма, каб выразіць, як мне радасна забіраць яе з садочку кожны раз з такімі каленкамі, быццам яна паўзком БАМ пракладала. (Але, ах, якая яна была сёньня на вечары Вайцюшкевіча паненка-паненка ў сукеначцы ў ружачкі! Ах, як я ўвесь час хвалявалася за яе каленкі!)
Дык вось езьдзілі мы неяк зь сябрамі ў Пружаны. (Ой, колькі ўсяго адбылося за май-месяц - не пераскажаш! Напрыклад, у Пружанах знайшоўся аквапарк, такі міні-аквапарк на дзьве горкі і басэйн, хутчэй аквасквэрык, але ўсё адно прыемна). Саджалі агуркі і бульбу. Алена Андрэеўна, дарваўшыся да градак і балеі з дажджавой вадой, адразу ж вывазілася ў зямельцы па вушы. Я яе абазвала “шмаравозкай” і адправіла ці то мыць рукі, ці то пераапранацца. І злавіла незразумелы погляд
vasilisa75: “Як ты, - кажа, - яе абазвала?” “Ну мурзатая ж, - кажу, - шмаравоз і ёсьць. А што?”. “А я неяк іначай гэтае слова разумела”. Пайшлі да яе мужа. “Жэня, ты ведаеш гэтае слова?” - “Ну…” - “А ў якім сэнсе ты яго ведаеш?” - “Як і ўсе…” І тут я напружылася: “А як ведаюць усе?” - “Ну як - сутэнэр.”
Далей, як разумееце, была нямая сцэна. Я ўжо неяк згадвала
пра мае дачыненьні з абсцэннай і іншай табуяванай лексыкай . Дык вось, уявіць сабе, што мяне ў дзяцінстве бацькі рэгулярна абзывалі… ну, вобшчэм нехарошым словам… я не магла. Каб аднавіць справядлівасьць, палезла ў пашуковікі. Та-да-да-дам! Першыя ж спасылкі на слоўнікі крымінальнага слэнгу. У адным ЖЖ нават знайшла спрэчку, зьяўляецца гэтае слова матным ці не. І толькі недзе ў другім дзясятку спасылак знайшліся мілыя сэрцу Байкоў зь Некрашэвічам, якія падцьвердзілі, што і я мела рацыю.
Бачыце, як адбываецца - я нават не падазравала, што ў завучанага ў дзяцінстве слова ёсьць другі сэнс. І, пазней аналізуючы, зразумела, што ў дарослым веку неаднаразова сустракала гэтае слова менавіта ў другім сэнсе (“На Дерибасовской открылася пивная”, напрыклад), але не зьвяртала ўвагі.
Ну, і як мне цяпер дзіцёнка абзываць?!
*