Выбачайце, калі ласка, за затрымку.
Трымайце свае кавалкі з “Правеку”
sionnia Маці Божая Яшкотлеўская, замкнёная ў прыгожай аправе, бачыла абмежаваную частку касьцёла. Яна вісела ў бакавой наве і праз гэта не магла пабачыць ані алтара, ані ўваходу з крапільніцай. Калёна захіляла ад яе амбон. Яна бачыла толькі паасобных людзей, якія заходзілі ў касьцёл памаліцца, альбо цэлыя іх чародкі, што рухаліся да алтара па прычасьце. Падчас імшы яна бачыла профілі дзясяткаў людзей - профілі мужчынскія і жаночыя, старэчыя і дзіцячыя.
Маці Божая Яшкотлеўская была чыстым жаданьнем дапамогі тым, хто хворы і пакалечаны. Яна была сілай, што божым цудам была ўпісаная ў абраз. Калі людзі паварочвалі да яе свае твары, калі варушылі вуснамі, сашчаплялі рукі на жываце альбо складалі іх на ўзроўні сэрца, Маці Божая Яшкотлеўская давала ім сілу і моц выздараўленьня. Давала яе ўсім, без выключэньня, не зь міласэрнасьці, а таму, што такою была ейная натура - даваць моц выздараўленьня тым, хто гэтага патрабуе. Што адбывалася далей - вырашалі людзі. Адны дазвалялі гэтай сіле дзейнічаць у сабе і выздараўлялі. Потым яны вярталіся з памяткамі - адлітымі са срэбра, медзі альбо нават з золата мініятуркамі вылекаваных частак цела, з пацеркамі і каралямі, якімі ўпрыгожвалі абраз.
Іншыя дазвалялі, каб моц выцякала зь іх, як зь дзіравага посуду, і ўбіралася ў зямлю. А потым гублялі веру ў цуд.
Так адбылося з памешчыкам Папельскім, які апынуўся перад абразом Маці Божай Яшкотлеўскай. Яна бачыла, як ён укленчыў і паспрабаваў маліцца. Але ня змог, таму са злосьцю падняўся і паглядзеў на каштоўныя памяткі, на зыркія колеры сьвятой карціны. Маці Божая Яшкотлеўская бачыла, што ягонаму целу і душы вельмі патрабавалася добрая, дапаможная сіла. І дала яму яе, заліла ёю, выкупала ў ёй. Але памешчык Папельскі быў непранікальны, бы шкляны шар, таму добрая сіла сплыла па ім на халодную касьцельную падлогу і ад гэтага касьцёл далікатна, ледзь адчувальна скалануўся.
opatryck У памешчыка Папельскага было магутнае і жахлівае адчуваньне, што сьвет і ўсё, што ёсьць у ім добрага і злога, абмінае яго: каханьне, сэкс, грошы, натхненьне, далёкія падарожжы, прыўкрасныя карціны, разумныя кнігі, цікавыя людзі - усё гэта праходзіць недзе побач. Час памешчыка прамінае. Тады ў раптоўнай роспачы ён адчуваў жаданьне сарвацца і кудысьці бегчы. Але куды і навошта? Ён падаў на падушкі і душыўся нявыплаканым плачам.
І зноў вясна прынесла нейкія надзеі на выбаўленьне. Калі ён пачаў хадзіць, пакуль толькі з кійком, ён спыніўся над сваім улюбёным ставам і задаў сабе пытаньне: “Адкуль я іду?” Ён неспакойна варухнуўся: “Адкуль я ўзяўся, дзе мой пачатак?” Вярнуўся дамоў і зь цяжкасьцю прымусіў сябе пачаць чытаць. Пра старажытнасьць і пачатак гісторыі, выкапні і крыцкую культуру. Пра антрапалёгію і геральдыку. Таму як усе гэтыя веды ні да чога не прывялі, ён задаў сабе іншае пытаньне: “Што ўвогуле можна ведаць? І якая карысьць са здабываных ведаў? І ці можна дазнацца хоць пра што-кольвек да канца?” Ён думаў і думаў, а ў суботу дыскутаваў на гэтую тэму з Пэлскім, які прыяжджаў на брыдж. З тых дыскусіяў і роздумаў нічога не вынікала. З часам яму ўжо не хацелася раскрываць рот. Ён ведаў, што скажа Пэлскі, і ведаў, што адкажа ён сам. У яго было ўражаньне, што яны кажуць пра адно і тое ж, паўтараюць свае думкі, быццам граюць ролі, і, як начныя матылі, набліжаюцца да нейкай лямпы, пасьля чаго ўцякаюць ад відавочнасьці, якая магла б іх спаліць. Нарэшце ён задаў сабе трэцяе пытаньне: “Як жыць, што варта рабіць, а чаго не?” Перачытаў “Уладара” Макіявэльлі, кнігі Тора, Крапоткіна, Катарбіньскага. Усё лета чытаў так шмат, што амаль не выходзіў са свайго пакою. Занепакоеная ўсім гэтым памешчыца Папельская аднойчы падышла да ягонага пісьмовага стала і сказала:
- Кажуць, што той рабін зь Яшкотляў - чарадзей. Я была ў яго і папрасіла, каб ён прыйшоў да нас. Ён пагадзіўся.
Памешчык усьміхнуўся, абяззброены наіўнасьцю жонкі.
Размова выглядала ня так, як ён сабе ўяўляў. Разам з рабінам прыйшоў малады габрэй, бо рабін не размаўляў па-польску. Памешчык Папельскі ня меў жаданьня дзяліцца сваімі пакутамі з гэтай дзіўнай парачкай. Ён задаў старому тры свае пытаньні, хоць, праўду кажучы, не спадзяваўся на адказ. Малады чалавек з пэйсамі пераклаў простыя выразныя польскія сказы на пакручастую гарлавую мову рабіна. І тут рабін уразіў памешчыка.
- Ты зьбіраеш пытаньні. Гэта добра. У мяне ёсьць у тваю калекцыю яшчэ адно, апошняе пытаньне: “Куды мы рухаемся? Якая мэта часу?”
Дзядзечка Ананім
У сорак шостым годзе памешчык Папельскі ўсё яшчэ жыў у палацы, хоць было вядома, што доўга гэта не працягнецца. Ягоная жонка перавезла дзяцей у Кракаў і цяпер сноўдала туды-сюды, рыхтуючы пярэбары.
Падавалася, што памешчыку бяз розьніцы, што вакол яго адбываецца. Ён займаўся гульнёй. Днямі і начамі сядзеў у бібліятэцы. Спаў на кушэтцы. Не пераадзяваўся, не галіўся. Калі ягоная жонка зьяжджала да дзяцей, ён ня еў. Часам па тры-чатыры дні. Не расчыняў вокнаў, не адгукаўся, не выходзіў на прагулку, нават не сыходзіў уніз. Раз ці два да яго прыяжджалі людзі з раёну ў справах нацыяналізацыі. З папкамі, поўнымі загадаў і пячатак. Яны грукалі ў дзьверы і зрывалі званок. Тады ён падышоў да акна, паглядзеў на іх зьверху і пацёр рукі.
- Усё сыходзіцца, - сказаў ён хрыплым, адвыклым ад маўленьня голасам. - Я пераходжу на наступнае поле.
Часам памешчык Папельскі патрабаваў кнігі.
Гульня вымагала ад яго рознай інфармацыі, але тут ён ня меў праблемаў - усё мог знайсьці ва ўласнай бібліятэцы. Таму як у гульні істотную ролю гралі сны, памешчык Папельскі навучыўся сьніць на замову. Мала таго, паволі ён атрымліваў над снамі кантроль, рабіў у іх, што жадаў, зусім іначай, чым у жыцьці. Ён сьвядома сьніў на зададзеную тэму і гэтаксама сьвядома абуджаўся на другім баку сну, быццам прайшоўшы празь дзірку ў плоце. Яму патрабавалася хвіля, каб апрытомнець, а потым ён пачынаў дзейнічаць.
Гульня давала ўсё, што яму было трэба, і нават больш. Дык навошта яму было выходзіць зь бібліятэкі?
primaviera Прамінаньне часу асабліва засмучала Місю ў траўні. Травень раптоўна ўціскаўся на сваё месца ў шэрагу іншых месяцаў і выбухаў. Усё пачынала расьці і квітнець. Раптам.
Міся, зжыўшыся з раньневясновым блякла-шэрым пэйзажам за акном кухні, не магла прызвычаіцца да штодзённых зьменаў, якімі адорваў травень. Спачатку, за два дні, зазелянелі лугі. Потым бліснула зялёным Чорная і ўпусьціла ў свае воды сьвятло, якое з гэтага дня набыло іншае адценьне. Лес у Паперні зрабіўся салатавы, пасьля зялёны, нарэшце пацямнеў і занурыўся ў цень.
У траўні квітнеў сад Місі, і гэта быў знак, што можна было вымываць усе затхлыя падчас зімы апранахі, заслоны, падушкі, коўдры, пярыны, дарожкі, абрусы і накрыўкі. Яна працягвала між расквітнелых яблыняў вяроўкі і напаўняла ружова-белы сад зыркімі колерамі. Сьледам за Місяй бегалі дзеці, куры і сабакі. Часам прыходзіў і Ізыдор, але ён заўсёды размаўляў пра рэчы, якія яе не цікавілі.
У садзе яна думала пра тое, што немагчыма затрымаць квітненьне дрэваў і што пялёсткі непазьбежна асыплюцца, а лісьце з часам зробіцца карычневым, а потым ападзе. Яе не суцяшала думка, што налета будзе тое самае, бо яна ведала, што гэта няпраўда. У наступным годзе дрэвы будуць іншыя - большыя, іх галіны таўсьцейшыя, іншаю будзе трава, іншымі ягады. Ніколі не паўторыцца гэтая расквітнелая галінка. “Ніколі не паўторыцца гэтае разьвешваньне бялізны, - думала яна. - Ніколі не паўторыцца”.
lady_z_shalomam У халупе Калоскі на Выдымачы жылі вужака, сава і каня. Шляхі жывёлаў ніколі не перакрыжоўваліся. Вужака жыў у кухні, ля печы, там Калоска ставіла яму місачку з малаком. Сава сядзела на паддашшы, у нішы замураванага акна. Яна была падобная да статуі. Каня сядзела пад скляпеньнямі даху, у найвышэйшай кропцы дому, але ейным сапраўдным жытлом было неба.
Найдаўжэй Калоска прыручала вужаку. Штодня ставіла яму малако, і перасоўвала місачку ўсё бліжэй да сярэдзіны дому. Аднойчы вуж выпаўз ёй пад ногі. Яна ўзяла яго на рукі і, падобна, пазбавіла яго клёку сваёй цёплай скурай, што пахла травамі і малаком. Вуж абвіўся вакол ейнай рукі і залатымі зрэнкамі ўглядаўся ў сьветлыя вочы Калоскі. Яна назвала яго Залатусь.
Залатусь закахаўся ў Калоску. Яе цёплая скура награвала халоднае цела і халоднае сэрца вужакі. Ён прагнуў ейных пахаў, аксамітнага дотыку ейнай скуры, зь якім немагчыма было параўнаць нішто на зямлі. Калі Калоска брала яго на рукі, яму здавалася, што ён, звычайны гад, ператвараецца ў нешта іншае, у нешта надзвычай важнае. Ён прыносіў ёй у падарунак упаляваных ім мышэй, прыгожыя малочныя каменьчыкі з рачнога берагу, кавалкі кары. Аднойчы ён прынёс яблык, і жанчына, сьмеючыся, паднесла яго да твару, а ейны сьмех пах раскошай.
- Ты спакусьнік, - казала яна ласкава.
Часам яна кідала яму нейкую частку сваёй адзежы, тады Залатусь праціскваўся ў сукенку і насычаўся рэшткамі Калосчынага паху. Ён чакаў яе на ўсіх сьцяжынках, дзе-колечы яна хадзіла, ён пільнаваў кожны яе рух. На працягу дня яна дазваляла яму ляжаць на сваім ложку. Яна насіла яго на шыі, як срэбны ланцуг, падпярэзвалася ім, ён замяняў ёй бранзалеткі, а ноччу, калі яна спала, ён углядаўся ў яе сон і крадком лізаў вусны.
maryjka_ Раптам Рута спынілася.
- Гэта тут.
Ізыдор зьдзіўлена агледзеўся. Вакол іх расьлі бярозы. Вецер шапацеў у іх лёгкай лістоце.
- Гэта мяжа Правеку, - сказала Рута і выцягнула перад сабой рукі.
Ізыдор не зразумеў.
- Тут сканчаецца Правек, далей ужо нічога няма.
- Як гэта няма? А Воля, а Ташаў, а Кельцы? Недзе тут мусіць быць дарога на Кельцы.
- Няма ніякіх Кельцаў, а Воля і Ташаў належаць да Правеку. Тут усё сканчаецца.
Ізыдор расьсьмяяўся і крутануўся на пятках.
- Што за глупства ты кажаш? Але ж некаторыя людзі езьдзяць у Кельцы. Мой бацька езьдзіць у Кельцы. Місі з Кельцаў прывезьлі мэблю. Павел быў у Кельцах. Мой бацька быў у Расеі.
- Ім усім так здавалася. Яны выпраўляюцца ў падарожжа, даходзяць да мяжы і тут нерухомеюць. Напэўна, ім сьніцца, што яны едуць далей, што ёсьць Кельцы і Расея. Маці калісьці паказала мне такіх скамянелых людзей. Яны стаяць на дарозе ў Кельцы. Яны нерухомыя, у іх расплюшчаныя вочы, і выглядаюць яны страшна. Быццам мёртвыя. Потым, празь нейкі час, яны абуджаюцца і вяртаюцца, а свае сны лічаць успамінамі. Так гэта ўсё выглядае.
- Цяпер я табе нешта пакажу! - крыкнуў Ізыдор.
Ён зрабіў некалькі крокаў і пабег у бок месца, дзе, па словах Руты, была мяжа. Потым раптам спыніўся. Сам ня ведаў чаму. Нешта тут было ня так. Ён выцягнуў перад сабой рукі, і падушачкі пальцаў зьніклі.
Ізыдору падалося, што ён усярэдзіне раскалоўся на двух розных хлопцаў. Адзін зь іх стаяў з выцягнутымі ўперад рукамі, на якіх відавочна бракавала кончыкаў пальцаў. Другі хлопец стаяў побач і ня бачыў ані першага хлопца, ані тым больш браку пальцаў. Ізыдор быў двума хлопцамі адначасова.
- Ізыдор, - сказала Рута. - Пайшлі.
Ён апрытомнеў і засунуў рукі ў кішэні. Ягоная падвойнасьць паволі зьнікла. Яны пайшлі назад.
- Гэтая мяжа праходзіць адразу за Ташавам, за Воляй і за заставай Котушава. Але ніхто дакладна ня ведае. Гэтая мяжа ўмее нараджаць гатовых людзей, а нам падаецца, што яны аднекуль прыйшлі. Найбольш мяне пужае, што адсюль немагчыма выйсьці. Нібыта мы сядзім у гаршчку.
Ізыдор усю дарогу маўчаў. І толькі калі яны выйшлі на гасьцінец, сказаў:
- Можна спакаваць заплечнік, узяць ежу і рушыць уздоўж мяжы, каб яе дасьледаваць. Можа, дзе-небудзь ёсьць дзірка.
Рута пераскочыла праз мурашнік і павярнула ў лес.
- Не перажывай, Ізік. Навошта нам нейкія іншыя сьветы?
pistonczyk Штодня Гульня адкрывала перад ім нешта новае, нешта, чаго ён ня ведаў, не прадчуваў. Як гэта было магчыма?
Адной зь першых рэкамэндацыяў быў сон. Каб перайсьці на наступнае поле, памешчык павінен быў прысьніць, што ён сабака. “Як гэта дзівачна”, - з агідай падумаў ён. Але ён клаўся ў ложак і думаў пра сабак і пра тое, што ён сам мог бы быць сабакам. У гэтых відзежах перад засынаньнем ён бачыў сябе сабакам, ганчаком, які вынюхвае вадзяных птушак і носіцца па лугах. Аднак ноччу ягоныя сны рабілі, што хацелі. Цяжка было ў іх перастаць быць чалавекам. Пэўны прагрэс адбыўся пасьля сну пра ставы. Памешчыку Папельскаму прысьнілася, што ён аліўкавы карп. Ён плаваў у зялёнай вадзе, дзе сонца было ледзьве размытым сьвятлом. У яго не было жонкі, не было палаца, нічога яму не належала і нічога не пераймала. Гэта быў цудоўны сон.
Тым днём, калі ў ягоным палацы зьявіліся немцы, памешчыку перад сьвітанкам нарэшце прысьнілася, што ён сабака. Ён бегае па рынку ў Яшкотлях і нешта шукае, сам ня ведае чаго. Выграбае з-пад крамы Шэнбэрта нейкія агрызкі, недаедкі і са смакам іх зьядае. Яго прыцягвае пах конскага гною і чалавечыя экскрэмэнты ў кустах. Сьвежая кроў пахне, як амброзія.
Памешчык абудзіўся зьдзіўлены. “Гэта недарэчна і нерацыянальна”, - падумаў ён, але ўзрадаваўся, што можа працягнуць Гульню далей.
Немцы былі вельмі ветлівымі. Капітан Гропіюс і яшчэ адзін. Памешчык выйшаў да іх з дому. Ён намагаўся трымаць дыстанцыю.
- Мы вас разумеем, - пракамэнтаваў ягоную кіслую міну капітан Гропіюс. - На жаль, мы стаім тут перад вамі як захопнікі, акупанты. Але ж мы цывілізаваныя людзі.
Яны хацелі купіць шмат драўніны. Памешчык Папельскі сказаў, што зоймецца пастаўкамі драўніны, але ў глыбіні душы ня меў намеру адрывацца ад Гульні. На гэтым размова акупантаў з акупаваным скончылася. Памешчык вярнуўся да Гульні. Ён радаваўся, што ўжо быў сабакам і цяпер можа перасунуцца на чарговае поле.
Наступнай ноччу памешчыку сьнілася, што ён чытае інструкцыю да Гульні. Словы скокалі перад яго сонным поглядам, бо тая частка памешчыка, якая сьніла сон, ня надта была абазнаная ў чытаньні.
“Другі Сьвет стварыў малады Бог. У яго яшчэ не было досьведу і таму ў тым сьвеце ўсё бляклае і невыразнае, а рэчы хутчэй распадаюцца ў пыл. Вечна трывае вайна. Людзі нараджаюцца, роспачна кахаюцца і хутка паміраюць раптоўнай сьмерцю, якая пануе паўсюль. Але чым больш пакутаў прыносіць ім жыцьцё, тым больш яны яго прагнуць.
Правек не існуе. Нават не зьявіўся, бо празь землі, дзе б яго нехта мог заснаваць, з усходу на захад няспынна цягнуцца орды згаладнелых войскаў. Нішто ня мае назвы. Зямля дзіравая ад бомбаў, абедзьве ракі, хворыя і параненыя, нясуць змучаную ваду, і іх цяжка адрозьніць. Каменьне рассыпаецца ў пальцах галодных дзяцей.
У гэтым сьвеце Каін сустрэў Авэля на полі і сказаў: “Няма ані закону, ані судьдзі. Няма ніякіх сьветаў. Ніякай узнагароды для справядлівых, ніякай кары для злачынцаў. Гэты сьвет ня быў створаны ў мілосьці, ім не кіруе спачуваньне. Бо чаму тады твая ахвяра была прынятая, а мая адхіленая? Нашто Богу мёртвае ягня?” Авэль адказаў: “Мая ахвяра была прынятая, бо я люблю Бога, твая адхіленая, бо ты яго ненавідзіш. Такія, як ты, увогуле не павінныя існаваць”. І Авэль забіў Каіна”.
Працягваю раздаваць цытаты тым, хто жадае сабе кавалачак раману “Правек ды іншыя часы” Вольгі Такарчук, аж да 12-га кастрычніка. Менавіта 12-га ў 19.00 адбудзецца прэзэнтацыя. Там, спадзяюся, можна будзе набыць кніжку і падпісаць яе у аўтаркі. Але дзе яна адбудзецца, я ня ведаю дагэтуль:(
*