Летнія ўспаміны

Jan 30, 2009 22:11

Шмат плянаў тым летам былі папсавалі паўсюдныя дажджы. Разьбіваючыся на драбнюткія кропелькі, скокалі ў спрадвечным танцы дажджавінкі на дахах каралеўскіх замкаў у Горадні. Касьцёлы і цэрквы па абодвух берагах Нёмана і Дзьвіны цягнуліся да хмарных нябёсаў абмытымі дажджом крыжамі. Муаравымі карункамі размалёўваў дождж Дняпро ля Смаленску ды Воршы, ля Кіева і ажно да самага мора. Старажытныя пушчы і палескія балоты аднолькава прагна пілі пасланую з вышыняў вільгаць. Гандляры самага буйнога эўрапейскага Праскурыўскага рынку сумна прыхоўвалі пад плёнку свае тавары і падлічвалі страты. У Станіслававе звыклыя да карпацкага надвор’я старажылы, якіх летней непагодзьдзю зьдзівіць цяжэй чым зімовым сьнегам, не маглі прыгадаць, калі такое было, каб дождж чацьвёртыя суткі не прыпыняўся ні на хвіліну.

Тым непрасьветна хмарным днём мы якраз былі ў Івана-Франкоўску. Жонка, стомленая ноччу ў цягніку, шпацырам каля вакзалу ў Стрыі а пятай раніцы і доўгімі нуднымі пошукамі пад дажджом і з заплечнікамі недарагога гатэлю, ўжэ з гадзіну як заснула. Мне не спалася, пад манатонную музыку дажджу за вакном нашага пакойчыку варочаліся ў галаве сумныя думкі. Жонка мая любая вельмі любіць мора, але я ніколі раней не быў у гарах. Да таго ж грошаў тым летам ня тое, каб было зусім мала, але і шмат выдаткоўваць іх не надта хацелася. І вось замест таго, каб купацца ў салёным прыбоі, мы замураваныя дажджом у гэтым сырым цёмным пакойчыку, і калі нічога не зьменіцца - і так кароткі наш летні адпачынак будзе зусім згублены, а калі наступным разам удвох зможам куды выбрацца - то невядома. Пагроза немінучых роспачных спрэчак і сварак насоўвалася як адна з самых вялікіх хмараў за акном. Заставалася адно - зьвярнуцца да Таго, Хто можа зьмяніць нават самае безнадзейнае становішча.

- Ойча наш…
- Божа, паслухай мяне, Ты ведаеш, як нам патрэбна, каб гэты дождж спыніўся… Ойча наш… Ойча наш… Ойча наш…
- Божа, ведаю, што Ты і так усё разумееш, але прашу яшчэ раз мяне выслухай… Ойча наш… Ойча наш… Ойча наш…
- Дай нам, Божа, гэты тыдзень, быць у радасьці а не ў сумаваньні… Ойча наш… Ойча наш… Ойча наш…
- Веру, што Ты ведаеш, як мае быць лепей, але прынамсі выслухай мяне... Ойча наш…
Цікава, ці ўжэ ёсьць сотня пацераў? Ай, яшчэ дзесятак малітваў лішнім ніколі не бывае.
- Ойча наш… Ойча наш… Ойча наш… А я абяцаю, што буду распавядаць пра Тваю дапамогу… Ойча наш… і яшчэ, Божа, тыдзень як згубіўся на лецішчы рыжы і нахабны гадаванец нашай маленькай пакуль сям’і, наш наіўны хатні кацяра. Каб нам яго вараціць, калі можна? Ойча наш… Амін.

Калі я прачнуўся, ўсё выглядала па-ранейшаму. Але, не ўсё. Музыка кропель сталася цішэйшаю. І неба крыху прасьвятлела. Няўжэж, маленькі цуд здарыўся?
Тым жа вечарам мы шпацыравалі па яшчэ мокрых вулках старога гораду, якія болей не здаваліся чужымі і негасьціннымі, старажытныя і сучасныя цэрквы і касьцёлы запрашальна расчынялі перад намі свае дзьверы, кавярэнкі вабілі здобнымі пахамі а стары парк ветліва сьцяліў перад намі свае сьцяжыны.

За тыя некалькі дзён у гарах мы шмат разоў бачылі дождж, ён граў як бубнач па даху нашага аўтобуса, умываў горад за вакном нашай кавярні, усю ноч паіў кветкі пад вокнамі нашага шыкоўнага пакою ў Каламыі, праходзіў грымкаючы навальніцамі па суседнім схіле гары. На нашы галовы дождж праліўся толькі аднойчы, перад тым, як мы падняліся на Гавэрлу, вышэйшую гару Ўкраіны, каб ачысьціць нас ад пылу і нагадаць, што горы - гэта не жартачкі.

Праз месяц на лецішча прыпоўз наш коцік, з глыбокай ранай, страшэзна схуднелы і нават не трымаючыся на лапах, але жывы. Зараз ён гойсае побач, даўна забыўшыся на тое, як цяжка яму тады прыйшлося. Затое я памятаю добра падзеі гэтага лета. Памятаю і ўсьцяж дзякую Богу за ягоныя цуды.

царква, Карпаты, касьцёл, адпачынак, падарожжы, нарысы

Previous post Next post
Up