(no subject)

Aug 21, 2014 10:10

Чалавек целам сваім і душой створаны для працы. Усе члены, органы, а галоўнае, мозг прагнуць дзеяння. Стаяць на месцы невыносна. Трэба хоць з нагі на нагу пераступаць. Ляжаць нерухома - пакута, трэба хаця б варочацца. Нават у сне чалавек рухаецца як целам, гэтак і мозгам - у відзежах. І калі чалавек проста загарае на беразе мора, думка яго варушыцца. Чалавеку арганічна патрэбны рух. І вось тут палягае пастка: рух можа быць або пазітыўны і канструктыўны, або негатыўны і разбуральны. Сярэдзіны амаль што няма. І калі чалавек не будзе сябе займаць стваральнай дзейнасцю,  то скоціцца ў разбуральную.

Людзі, пазбаўленыя пазітыўнай дзейнасці, паступова ўпадаюць у ступар, співаюцца, распуснічаюць, становяцца разбойнікамі. Бо, не знаходзячы прыкладання энергіі на станоўчае дзеянне, міжволі накіроўваюць яе на адмоўнае. І нават гульні (напрыклад, дваровы футбол) не выратуе чалавека ад маркоты і скочвання ў негатыў. Гульня, якая б прыносіла карысць, павінна быць уведзена у іерархію, то бок мусяць наладзіцца турніры са сваімі чэмпіёнамі двароў, раёнаў, гарадоў, краіны. У адваротным выпадку чалавек не будзе адчуваць здавальненне ад гульні і пачне слізгаць у негатыў, то бок станавіцца ўсё тым жа разбойнікам, п’яніцам і распуснікам. Такая прырода чалавека, сацыяльнай істоты. Такая яго “заточка” пад паляпшэнне свету.

Мала есці і мала спаць. Неабходна рухацца, развівацца, перарабляць свет. Пераробка свету можа быць і памылковай, і згубнай, але чалавек усё адно да пэўнай пары будзе думаць, што робіць карыснае. І спыняе сваю памылковую дзейнасць толькі тады, калі жыццё ўкажа яму, што ён у змане. А яшчэ чалавек хоча займацца такой стваральнай дзейнасцю, у якой бы ён максімальна выяўляў сябе, дзе б ішла самая поўная эмацыйная разрадка. То бок дзейнасцю, пад якую чалавек мае прыродны талент.

І зноў закавыка: не кожны чалавек ведае, да чаго ў яго талент і да чаго ляжыць душа. Тут і пачынаюцца пошукі, часта сляпое соўганне з месца на месца, падзенні, скочванні ў разбурэнне сябе і сусвету, пакуты, канфлікты з соцыумам, унутраныя супярэчнасці - да таго часу, пакуль чалавек не ўпадзе, як шар у лузу, на сваё месца ў жыцці. На тое месца, дзе б ён дзейнічаў канструктыўна і напоўніцу рэалізоўваўся. Месца гэта можа быць якім заўгодна - ад касманаўта да хатняй гаспадыні, ад акцёра да манаха. Галоўнае - дасягненне гармоніі. Удакладнім, што злачынца, тыран, які нібыта на сваім месцы, як рыба ў вадзе, насамрэч не дасягае гармоніі, пакутуе, апанаваны панічнымі страхамі, як тыя ж Сталін і Гітлер. Дэструктыўная дзейнасць вяртаецца да людзей злом. Пазітыўная - рана ці позна прыходзіць ад сусвету ўзнагародай. І галоўная ўзнагарода - душэўная раўнавага (лёгка на душы). Так створаны чалавек, для канструктыўнай дзейнасці на карысць соцыуму.

філасофія

Previous post Next post
Up