Рудабелка - сімвал партызанскай Беларусі. Ідзе вайна народная

Oct 17, 2023 11:07


Пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз нямецкія войскі хутка наступалі на ўсход. Аднак нямецкія генералы імкнуліся не паўстараць памылак сваякоў у перыяд Першай сусветнай вайны, калі руска-германскі фронт спыніўся ў Палессі на тры гады і спрабавалі абыходзіць лясіста-балоцістыя тэрыторыі на поўдні Беларусі. Хутка нацысцкая акупацыя прыйшла і ў Кастрычніцкі раён і тады мясцовым жыхарам прыйшлося ўзгадаць партызанскія традыцыі 20-ці гадовай даўніны.





Відавочна тут сказаліся і наступствы таго, што яшчэ ў даваенны час савецкае кіраўніцтва разглядала магчымасць хуткага стварэння партызанска-дыверсійных атрадаў у выпадку вайны з “капіталістычнымі” краінамі. Яшчэ ў траўні 1925 г. Начальнік Штабу РСЧА М.Фрунзэ на паседжанні Камісіі абароны пры ЦК РКП (б) выступіў з дакладам “Аб распрацоўцы пытанняў партызанскай вайны”. Тады ён адзначаў неабходнасць супрацьпастаўлення тэхналагічна больш моцнаму ворагу з захаду менавіта партызанскіх дзеянняў, якія грунтаваліся на манеўранасці і раптоўнасці. Да таго ж у бальшавікоў быў досвед выкарыстання добрападрыхтаваных партызанскіх атрадаў па лініі “актыўнай выведкі” у Заходняй Беларусі супраць Польшчы, якую ў 1920-я і пачатку 1930-х гадоў разглядалі найбольш верагодным праціўнікам СССР у будучай вайне.



М. Фрунзэ

У гэты ж час з ліку былых камандзіраў партызанцкіх атрадаў часоў польска-бальшавіцкай вайны, а таксама камандзіраў Чырвонай Арміі рыхтуюцца (у школах пры камандаваннях вайсковых акруг і галоўнай у Маскве) кадры для вайскова-дыверсійных падраздзяленняў на выпадак новай вайны. Звычайна падрыхтоўка выведвальна-дыверсійных груп працягвалася ад 3 да 6 месяцаў. Ішла праца і з самімі “партызанамі”, якіх склікалі на “зборы” леснікоў, пажарных і гд. і рыхтавалі да дзейнасці ў тыле праціўніка. Гэтых людзей вучылі “чытаць” карту, кіраваць аўтатранспартам, карыстацца ўзорамі замежнай стралковай зброі, ставіць мінныя заслоны. Для мерапрыемстваў асаблівага аддзела ДПУ (з 1934 г. НКУС БССР) па падборы і працы з будучымі “партызанамі” выкарыстоўвалася назва “праца ў Спецбюро”.



Помнік Ц. Бумажкову ў г.п. Кастрычніцкі (Акцябрскі)

Практыкавалася і такая практыка, калі прадстаўнікоў будучага партызанскага актыву… “выключалі” з партыі ці камсамолу і рабілі выгляд таго, што гэта варожы элемент. Такім людзям лягчэй было ўкараняцца ў акупацыйную адміністрацыю і змагацца супраць ворага. Акрамя працы з людзямі пачалі стварацца замаскіраваныя склады са зброяй і выбухоўкай. Так, у беларускіх лясах у пачатку 1930-х гадоў было схавана каля 50 тысяч вінтовак, 150 ручных кулямётаў і вялікая колькасць патронаў і гранат. У 1932 г. у БССР, у выпадку вайны з Польшчай, павінна было быць разгорнута 6 партызанскіх атрадаў (Мінскі, Барысаўскі, Слуцкі, Полацкі, Мазырскі і Бабруйскі). У выпадку апошняга асаблівую стаўку рабілі на досвед рудабельскіх партызан і базу, а таксама людскую і матэрыяльную базу, якая працягвала існаваць у Рудабелцы і наваколлі. Кожны з узгаданых атрадаў меў падрыхтаваны склад са зброяй, выбухоўкай, радыёстанцыямі і нават з партатыўнымі тыпаграфіямі.



Першы Герой Савецкага Саюза з ліку савецкіх партызан Ц. Бумажкоў. Графіці ў г.п. Акцябрскі



Савецкае кіраўніцтва рабіла вялікую стаўку на “сілу друкаванага слова”, якое павінна было дапамагчы як у мабілізацыі ўласнага насельніцтва, так і ў раскладанні асабістага складу варожых войскаў. Тым больш, у выпадку рудабельскіх партызан такі досвед выкарыстання прапаганды (напрыклад, распаўсюджванне бальшавіцкіх газет сярод кайзераўскіх жаўнераў у 1918 г.) ужо быў. Кожны з узгаданых 6 атрадаў павінен быў складацца з 300-500 партызан. “У беларускіх лясах для кожнага партызанскага атрада былі створаны закладкі зброі і боепрыпасаў. Глыбока ў зямлю закапалі надзейна ўпакаваныя толавыя шашкі,  узрывальнікі і бікфордаў шнур для іх, патроны, гранаты”, - адзначаў у ўспамінах савецкі партызан-чэкіст С. Ваўпшасаў. У тым жа 1932 г. у Бронніцах, пад Масквой прайшлі спецыяльныя вучэнні, у якіх, сярод іншых, удзельнічалі партызаны-дэсантнікі пад камандаваннем С. Ваўпшасава. Галоўная задача гэтых сіл заключалася ў атаках і знішчэнні камунікацый ворага.

На жаль, у канцы 1930-х гадоў арганізацыя баз для будучай партызанскай вайны на тэрыторыі БССР была згорнута. З аднаго боку Сталіну ўнушалася ідэя аб тым, што быццам бы “партызан” могуць выкарыстаць “апазіцыянеры”. З іншага, Чырвоная Армія, у выпадку варожай агрэсіі, рыхтавалася наступаць, а не абараняцца і, тым больш, здаваць уласныя тэрыторыі. У рэшце рэшт, падзеі восені 1939 г., калі “партызанскія базы” на тэрыторыі БССР апынуліся далёка ў тыле, паставілі крыж на савецкім плане падрыхтоўкі народнага супраціву. “У канцы 30-х гадоў, літаральна напярэдадні Другой сусветнай вайны, партызанскія атрады былі расфарміраваныя, закладкі зброі і боепрыпасаў выняты. Памылковасць гэтага рашэння стала асабліва выразнай у 1941 г., з пачаткам нямецка-фашысцкай агрэсіі. Няма слоў, шэсць беларускіх атрадаў не змаглі б сваімі дзеяннямі у тыле ворага спыніць рух моцнай нямецкай армейскай групоўкі на Маскву. Але замедліць яе змаглі б! Ужо ў першыя тыдні гітлераўскага ўварвання партызаны і падпольшчыкі паралізавалі б камунікацыі праціўніка, унеслі б дэзарганізацыю ў працу яго тылоў, стварылі б другі фронт непрыяцелю. Партызанскі рух Беларусі змог бы хутчэй прайсці стадыю арганізацыі, аснашчэння, назапашвання досведу”, - адзначаў С. Ваўпшасаў. Гэтыя думкі падзяляў і другі беларускі партызанскі камандзір - Васіль Корж, які з першых дзён пасля нападу Германіі на СССР пачаў ствараць партызанскі атрад на Піншчыне. У ліпені 1941 г. яго людзі актыўна шукалі старыя схроны са зброяй на “былой мяжы”, аднак пошукі гэтыя былі безвыніковымі. Такія неабходныя ў 1941 г. вінтоўкі і гранаты былі выняты ў канцы 30-х гадоў.



Бабруйскія манёўры Чырвонай Арміі ў канцы 1920-х гадоў

Аднак, калі пра матэрыяльную складаючую падрыхтоўкі магчымай партызанскай дзейнасці ў Маскве вырашылі забыць, то на месцах засталіся людзі, гатовыя абараняць сваю Радзіму не толькі на фронце, але і ў тыле ворага. Ужо 25 чэрвеня 1941 г. у Кастрычніцкім раёне Палескай вобласці быў сфармаваны знішчальны батальён. Аднак і тут прыйшлося ўзгадаць пра ліквідаваныя даваенныя склады са зброяй для партызан. На ўзбраенні ўзгаданага батальёна было ўсяго…чатыры нармальныя вінтоўкі і 12 мелкакаліберных. Паступова партызаны адваёўвалі зброю ў ворага. На чале гэтага падраздзяення стаяў упаўнаважаны наркамата нарыхтовак БССР Ф. Паўлоўскі (быў кадравым вайскоўцам, скончыў палкавую кавалерыйскую школу, удзельнічаў у баявых дзеяннях на возеры Хасан у 1938 г., а таксама ў савецка-фінскай вайне 1939-1940 гг.), а камісарам атрада быў сакратар райкама КПБ Ц. Бумажкоў. У ліпені 1941 г. атрад пад камандаваннем Ф. Паўлоўскага, які першапачаткова называўся “гарнізонам Паўлоўскага”, знішчыў нямецкі штаб у мястэчку Глуша. У выніку гэтай аперацыі было захоплена 8 кулямётаў. Пазней “гарнізон Паўлоўскага” ператварыўся ў партызаскі атрад “Чырвоны Кастрычнік”. У жніўні 1941 г. Бумажкоў (загінуў восенню таго ж года пры выхадзе з акружэння) і Паўлоўскі першымі з ліку беларускіх партызан былі ўзнагароджаны зоркамі Героя Савецкага Саюза.



Герой Савейкага Саюза Ф. Паўлоўскі

У студзені 1942 г. рудабельскія партызаны пачалі выдаваць газету “Народны мсцівец”. Тады ж партызанскі атрад павялічыўся да ўзроўня брыгады, на чале якой быў усё той жа Ф. Паўлоўскі. Гэтае падраздзяленне пашырыла партызанскую зону на 100 км. У гэты момант галоўным ворагам партызан былі гарнізоны паліцыі, якія “народныя мсціўцы” знішчалі. Варта адзначыць, што камандзірам выведвальнай групы ў “гарнізоне Паўлоўскага” быў Мяфодзій Кузьміч Голуб (пазней камандзір выведвальнай групы атрада “Смерць фашызму”. Да вайны гэты чалавек прапрацаваў на розных пасадах у сельскагаспадарчай сферы. З 1940 г. і да нападу немцаў на СССР быў старшынёй Кастрычніцкага райспажыўсаюзу. Быў пакінуты Кастрычніцкім РКПБ на акупаванай нацыстамі тэрыторыі Беларусі для арганізацыі супраціву. Ваяваў у атрадзе “Смерць фашызму” 123-й брыгады. Падчас вайны ўдзельнічаў у шматлікіх нападах на нямецкія і паліцэйскія гарнізоны. “За час знаходжання ў партызанскіх атрадах тав. Голуб Мяфодзій Кузьміч удзельнічаў у разгроме нямецка-фашысцкіх гарнізонаў. […] 7 красавіка 1943 г. удзельнічаў у штурме эшалона. […] Удзельнічаў у рэйкавай вайне. […] Удзельнічаў у засадах”, - адзначалася ў “Асабістым аркушы па ўліку партызанскіх кадраў”, складзеным 7 ліпеня 1944 г. У сваю чаргу, у дакуменце, складзеным 5 траўня 1945 г., падкрэслівалася, што М. Голуб “удзельнічаў у 23 баях і аперацыях, якія праводзіліся партызанскім атрадам у в. Пратасы, Бярозаўка, Любань і інш.”. “У 1942 г. удзельнічаў у падрыве 2 чыгуначных мастоў на р. Пціч і Бобр”, - пазначалася ў узгаданым дакуменце. Асабліва цікавай была пазнака ў адным з архіўных дакументаў: “Працуючы намеснікам камандзіра атрада па выведцы і контрвыведцы ён (Голуб - аўт.) выявіў і выкрыў шпіёнаў і асоб, якія трапілі ў партызанскіх атрад выпадкова”. У гэтай фразе разкрываецца і яшчэ адзін бок сутнасці камандзіра партызанскай выведкі Голуба - ён умеў разбірацца ў людзях і быў патрабавальны да іх. Відавочна, гэта рыса паўплывала на лёс гэтага чалавека, пра што гутарка пойдзе ніжэй.



Савецкі партызан М. Голуб

Так, 28 лістапада 1941 г. савецкія партызаны акружылі в. Рудня быў знішчаны атрад паліцаяў пад камандаваннем ніякага Крапіўкі (як адзначалі ў успамінах партызаны, былога белагвардзейца). У студзені 1942 г. атрад “Чырвоны Кастрычнік” і падраздзяленне партызан пад камандаваннем Далідовіча атакавалі м. Капаткевічы, дзе быў паліцэйскі апорны пункт. У выніку боя партызаны захапілі мястэчка, узялі ў палон 60 паліцэйскіх і растралялі іх. У тым жа 1942 г. камандзір атрада “За Радзіму” Іван Дайнэка аддаў загад знішчыць нямецкага пасобніка, старасту в. Карма Рыгора Стасёнка. Калабаранта забілі, але ў пасляваенны час гэтая гісторыя яшчэ нагадае пра сябе. Першапачаткова І. Дайнэка быў камандзірам выведкі атрада Адама Папругі. У прадстаўленні да ўзнагароды І. Дайнэкі медалём “Партызану Айчыннай вайны” І ступені адзначалася, што ён шмат працаваў над павялічэннем колькасці асабовага складу партызанскага злучэння, у якім ваяваў. “У 1942 г. правёў групу падрыўнікоў да чыгуначнага маста на рацэ Жардзёнка (чыгунка Жлобін-Калінкавічы), які быў узарваны. […] У баі атрада супраць немцаў у в. Смыкавічы камандаваў групай 10 байцоў і трымаў абарону на правым фланзе вёскі, стрымліваў наступ праціўніка і не даў немцам уклініцца ў абарону. Пры гэтым група знішчыла двух і параніла трох гітлераўцаў”, - адзначалася ў узгаданым вышэй узнагародным дакуменце. 24 траўня 1943 г. Іван Трафімавіч быў прызначаны камандзірам атрада “За Радзіму” 123-й партызанскай брыгады. За перыяд камандавання атрадам па загадзе Дайнэкі пад адхон было пушчана 5 нямецкіх эшалонаў, узарвана 2 танкі, 7 машын, забіта да 800 нямецкіх жаўнераў. У кастрычніку 1943 г. Дайнэка прысвоена званне старэйшага лейтынанта. “Атрад “За Радзіму” за перыяд кіраўніцтва т. Дайнэка […] узяў два “жывых языка”, на дзеючых камунікацыях ворага зрабіў 420 выбухаў рэек, прыняў 10 адчыненых баёў супраць праціўніка, пры гэтым забіта да 800 нямецкіх захопнікаў”, - адзначалася ў баявой характарыстыцы на І. Дайнэку. За ўмелае камандаванне атрадам гэты партызан быў узнагароджаны медалём “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” 1 ступені, Ордэнам “Чырвонага Сцягу” і Ордэнам “Айчыннай вайны” 1 ступені.



Савецкі партызан І. Дайнэка

У сваю чаргу, Адам Емельянавіч Папруга (1904 г.н., член кампартыі з 1942 г.) да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў старшынёй калгасу імя Сталіна ў в. Іванішчы, Любанскага сельсавета, Кастрычніцкага раёна. Пасля нападу Германіі на СССР Папруга у жніўні 1941 г. быў накіраваны у Калінкавічы для арганізацыі партызанскага атрада (увайшоў у склад 123-й брыгады). Узгаданае падраздзяленне адразу ўключылася ў актыўную барацьбу супраць нацыстаў. Партызаны пад камандаваннем Адама Емельянавіча пусцілі пад адхон тры вайсковых эшалоны немцаў. 13 лістапада 1942 г. Адам Папруга быў узнагароджаны Ордэнам “Чырвонага Сцягу”. У кастрычніку 1943 г. яму прысвоілі званне старэйшы лейтынант.

У лютым 1942 г. у Кастрычніцкім раёне дзейнічала ўжо 13 партызанскіх атрадаў, якія мелі на ўзбраенні 20 станкавых кулямётаў, 49 ручных кулямёты, 2000 вінтовак, 33 пісталетаў-кулямётаў, 5 гармат 45 мм, 8 мінамётаў. У гэты час савецкія партызаны арганізавалі напад на мястэчка Азарычы, у выніку чаго і там быў разбіты паліцэйскі гарнізон. У той жа час было знішчана нямецкае рамонтнае падраздзяленне на чыгуначнай станцыі Муляраўка.



в. Пратасы

У адказ на дзейнасць савецкіх партызан нацысты спалілі 13 вёсак Кастрычніцкага раёна. 23 лютага 1942 г. у в. Пратасы немцы разам з паліцаямі сагналі 26 членаў партызанскіх сямей і спалілі гэтых людзей. Сярод ахвяр той трагедыі былі жонка і бацькі партызана М. Голуба, пра якога пойдзе гутарка ніжэй. Пасля вайны на месцы, дзе забілі і спалілі людзей быў пастаўлены памятны знак з прозвішчамі ахвяр. “У сакавіку 1942 г. да нас у Кастрычніцкі р-н прыбыла група немцаў […], якія пачалі паліць в. Кавалі, Рудню, Лаўстыкі і Карпілаўку. Адначасова палілі людзей, якія жылі ў гэтых вёсках. У нашай в. Рудня я сама бачыла, як немцы сабралі ўсіх мужчын і жанчын, быццам бы на сход, а калі ўсе сабраліся, то ў гэты час немцы ўсіх мужчын загналі ў сарай, а жанчын з дзецьмі ў калгасную канцылярыю і ў пажарны сарай, адкуль бралі па 6 чалавек жанчын і вадзілі іх у пустыя дамы, дзе растрэльвалі. І калі наб’юць поўны дом, гэты дом падпальвалі, дзе згаралі ўсе гэтыя растраляныя трупы жанчын і дзяцей, а мужчын в. Рудня сагналі ў калгасны сарай, дзе пачалі ў іх страляць. Немцы, як расстралялі гэтых мужчын, запалілі сарай, дзе ўсе мужчыны згарэлі. […]У мяне асабіста немцы спалілі дачку, мужа, маці і брата з дзецьмі. І сына растралялі. Усяго у в. Рудня Кастрычніцкага сельсавета таго ж раёна спалена мужчын, жанчын і дзяцей 400 чалавек. Засталося ў нашай вёсцы ўсяго 8 чалавек”, - адзначала ў пратаколе допыту, складзеным у лютым 1945 г. падчас размовы са сведкай руднянскай трагедыі Е. Жулега.  3 красавіка 1942 г. немцы расстралялі і спалілі жыхароў в. Карпілаўка. Акрамя гэтага, у клубе Рудабельскага спіртзавода было спалена 300 мясцовых жыхароў.



Помнік на месцы спаленай нацыстамі і калабарантамі хаты ў в. Пратасы, дзе былі забіты партызанскія сем'і

Раёны Беларусі, а таксама асобныя населеныя пункты, дзе дзейнічалі савецкія партызанскія атрады, ці ім аказвалася дапамога, немцы і паліцаі часта называлі “Масквой”. Мінавіта так называўся і Кастрычніцкі раён Палескай вобласці. У сакавіку-кастрычніку 1942 г. нацысты правялі супраць партызан, якія дзейнічалі ў Кастрычніцкім, Глускім, Любанскім, Капаткевіцкім, Бабруйскім раёнах карную аперацыю “Бамберг”. У ёй удзельнічалі тры пяхотныя палкі вермахта, адзін артылерыйскі, два асобныя батальёны паліцыі, кавалерыйскі эскадрон і авіяцыйная эскадрылля нацыстаў. “Да 1 красавіка 1942 г. нямецкія войскі атачылі Кастрычніцкі раён і, прачэсваючы на сваім шляху лясы, пачалі рухацца да яго цэнтру - в. Карпілаўка. Прачэсванне лясоў, якое немцы праводзілі днём, не дало ніякіх вынікаў, бо партызаны, выкарыстоўваючы начны час, знаходзілі магчымасць выйсці ў тыл праціўніка, так, што іх не маглі знайсці. Да 5 красавіка 1942 г. немцы цалкам захапілі Кастрычніцкі раён. Не знайшоўшы ў гэтым раёне ніводнага партызанскага атрада, немцы па звярынаму пачалі вынішчаць мірнае насельніцтва і спальваць населенныя пункты. Так, з 1 па 5 красавіка немцы па звярынаму вынішчылі 6500 чалавек і спалілі 13 вёсак, у тым ліку Курын, Падгаць, Лаўстыкі, Кавалі, Вежын, Рудня, Гадунь і Смуга. У раённым цэнтры Карпілаўка немцы разбурылі і спалілі ўсе грамадскія будынкі. Насельніцтва Карпілаўкі, якое засталося, немцы загналі ў школы, клуб, завод, сараі, канюшні і спалілі іх там. Пасля правядзення гэтых акцый нямецкае камандаванне афіцыйна паведаміла пра, быццам бы, знішчаныя імі буйныя партызанскія сілы ў Кастрычніцкім раёне. 11 красавіка 1942 г. усе партызанскія атрады, за выключэннем атраду Лівенцава, які выйшаў з акружэння і накіраваўся ў бок Бабруйска і ў наступстве, фарсіраваўшы раку Бярэзіна, застаўся дзейнічаць у новым раёне, вярнуліся ў Кастрычніцкі раён, які праціўнік пакінуў”, - адзначалася ў “Зборніку апісання злачынстваў, здзейсненых немцамі падчас карнай аперацыі “Бамберг” у Кастрычніцкім раёне” (складзены 31 снежня 1945 г.).



Герой Савецкага Саюза В. Лівенцаў

А вось, як знішчэнне в. Кавалі апісваў сведка Т. Ляскоў: “Ачапіўшы нашу вёску на працягу 50 хвілін было сабрана ўсё насельніцтва нашай вёскі ў два памяшканні: адну вялікую групу прыкладна да 800 чалавек - у калгасную стайню, а другую групу да 90 чалавек - у дом побач з маім домам на пасёлку, які спалучаўся з в. Кавалі. Збор насельніцтва праводзілі жаўнеры. Калі на нашым пасёлку усіх сабралі ў адзін дом, у тым ліку і маю сям’ю, я ў акно гэтага дома ўбачыў, што стайня загарэлася. У доме, у якім сабралі мяне і жанчын і дзяцей, якія жылі ў пасёлку, жаўнеры пачалі знішчаць нас усіх. Па 3-4 чалавекі выводзілі з гэтага дому ў двор, здымалі верхнюю вопратку, заводзілі ў сарай і растрэльвалі. Пры гэтым растрэльвалі так: спачатку загадвалі класціся шэрагамі і за тым два жаўнеры у белых халатах растрэльвалі. Нарэшце, дайшоў час і да мяне асабіста. Я быў толькі са сваім 7 гадовым сынам, якога я трымаў на руках. Я вырашыў паглядзець у дзвер, куды выводзяць мірных жыхароў. У гэты час вывелі і мяне з сынам у двор, дзе ляжалі кучы вопраткі ўжо расстраляных людзей. Мяне з сынам падвялі да гэтай кучы, знялі шапку і павялі таксама ў сарай. Калі я ўвайшоў з сынам у сарай, у ім шэрагамі ляжалі растраляныя жыхары. Загадалі і мне з сынам класціся. Я паклаўся і ў той жа момант убачыў побач з сабой забітую жонку Варвару, трох дачок: Ніну (20 гадоў), Яўгенію (18 гадоў), Веру (14 гадоў). І як толькі я лёг у мяне і ў сына стрэлілі немцы ў белых халатах. Але мяне забіць насмерць яны не змаглі. Мяне моцна паранілі. Я не варушыўся і заціхнуў. Пасля таго, як немцы такім жа шляхам растралялі апошніх нашых людзей, яны аблілі газай сарай і падпалілі, а самі сышлі. Але дзвер у сарай не зачынілі. Сцякаючы крывёю, я выбраўся з гэтага сараю і ў дыму сышоў у лес. Але, калі я сыходзіў, то немцы мяне заўважылі і сталі страляць. Дзякуючы кустам і лясістай мясцовасці мне атрымалася сысці ў лес і, такім чынам, я застаўся жывым”. А вось, як карную аперацыю ў в. Карпілаўка апісваў ў кастрычніку 1947 г. у г. Бабруску сведка І. Раговіч: “Вясной 1942 г. , прыкладна ў красавіку, у нашу вёску ўехаў нямецкі карны атрад колькасцю прыкладна больш 300 чалавек. Гэтыя немцы акружылі нашу вёску і затым сагналі ўсё насельніцтва - дзяцей, жанчын, старых і мужчын у вясковы клуб. Затым нам усім прапанавалі паказаць партызанскія сем’і, але сярод нас не знайшлося ніводнага чалавека, які б сказаў хоць бы слова. Тады немцы пачалі нас выводзіць па 10 чалавек у сарай, які стаяў побач і пачалі растрэльваць. Як толькі мы пачулі стрэлы, то ўсе пачалі плакаць. У гэтым клубе было две дзверы. Адна з іх ахоўвалася, другая не. Вось я з некалькімі людзямі, адзін мужчына і некалькі жанчын, праз гэту дзвер выпаўзлі і збеглі. Тыя, хто застаўся ў гэтым клубе, былі ўсе па чарзе растраляны. Гэты сарай з трупамі немцы потым падпалілі і ён згарэў. У гэты дзень былі растраляны мой сын і бацька”.



Магіла Героя Савецкага Саюза В. Лівенцава на Усходніх (Маскоўскіх) могілках у Мінску

Партызаны працягвалі баявыя дзеянні супраць акупантаў. У траўні 1942 г. з атрадаў “гарнізона Паўлоўскага” была сфармавана ўзгаданая вышэй 123-я партызанская брыгада, якая ў 1944 г. атрымала дадатак да назвы “імя 25-годдзя БССР”. Яе падраздзяленні знаходзіліся ў раёне Карпілаўкі, Рудабелкі, Новай Дубравы, Залесся, Рудні.  У чэрвені 1942 г. савецкія партызаны атакавалі нямецкі гарнізон у в. Бярозаўка, у выніку чаго было знішчана каля 150 немцаў. У жніўні 1942 г. партызаны атрадаў “Чырвоны Кастрычнік”, “За Радзіму” “Смерць фашызму” атакавалі нямецкі гарнізон у в. Шкава і знішчылі яго.



Савецкія партызаны

У верасні 1942 г. у Кастрычніцкім раёне (в. Ражанаў) дзейнічаў партызанскі атрад НКУС “Храбрацы” на чале якога стаяў кадравы супрацоўнік савецкіх спецыяльных органаў Аляксандр Рабцэвіч. Гэты атрад здзейсніў значную колькасць дыверсій на чыгуначных шляхах каля Асіповіч, Калінкавіч, Мазыра, Бабруйска. 5 чэрвеня 1943 г. партызаны з гэтай групы ўдзельнічалі ў знішчэнні нямецкага эшалона з баявымі хімічнымі рэчывамі на лініі Чырвоны Бераг-Жлобін. Пазней гэты атрад перабазіраваўся на захад.

У 1942 г. савецкія партызаны атакавалі паліцэйскі гарнізон у в. Пратасы. У выніку, шмат паліцаяў было забіта, а начальніка паліцыі растралялі. У лістападзе 1942 г. партызаны знішчылі гарнізон ворага ў в. Ламавічы. У выніку нападу было забіта 48 паліцэйскіх і знішчана 12 кулямётных дзотаў. У тым жа месяцы партызаны брыгады ўдзельнічалі ў аперацыі “Рэха на Палессі” падчас якой быў знішчаны мост праз раку Пціч на чыгуначным участку Жыткавічы-Калінкавічы. Увогуле, да 1942 г. партызаны з 123-й брыгады знішчылі 16 паліцэйскіх і нямецкіх гарнізонаў рознай колькасці, якія дыслакаваліся ў Кастрычніцкім раёне. У в. Смыкавічы Кастрычніцкага раёна дзейнічаў атрад паліцэйскіх на чале з І. Крапіўкай. Яны часта рабілі засады на дробныя партызанскія групы. Акрамя гэтага паліцаі ўдзельнічалі і ў растрэлах мірных грамадзян. Партызаны актыўна супрацьстаялі гэтаму калабарацыяніскаму падраздзяленню.



Трагедыя беларускіх вёсак падчас Вялікай Айчыннай

У 1943 г. народныя мсціўцы ліквідавалі яшчэ 8 гарнізонаў. Так, напрыклад, у лютым 1943 г. яны разбілі паліцэйскія пастарункі ў вв. Гарохавішчы, Карма, Чарняўка, Пружынішчы. Калі казаць пра асабісты склад “апорных пунктаў паліцыі”, то на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна савецкія партызаны знішчылі 1685 паліцэйскіх і каля 1500 членаў іншых калабарацыянісцкіх фарміраванняў. Таксама было знішчана каля 5 тысяч афіцэраў і жаўнераў нямецкіх войскаў. Былі выпадкі, калі паліцэйскія самі пераходзілі да партызан са зброяй у руках (напрыклад, апорныя пункты ў вв. Параслішча і Вуглы). У канцы траўня 1943 г. 123-я брыгада атакавала паліцэйскія і нямецкія гарнізоны у в. Граб’е і Нястанавічы і знішчыла іх. “У баі пры разгроме гарнізона Граб’е 20 траўня 1943 г. атрад пад камандаваннем Дайнэка знішчыў 2 дзота праціўніка і знішчыў 15 гітлераўцаў”, - адзначалася ў баявой характарыстыцы камандзіра атрада “За Радзіму” І. Дайнэкі. У жніўні таго ж года партызаны знішчылі 20 км чыгуначных шляхоў на лініі Карпілаўка-Ратміравічы. Пры гэтым было знішчана 7 мастоў. Да кастрычніка 1943 г. былі праведзены дыверсіі на 118 км чыгуначных шляхоў. Восенню 1943 г. партызаны знішчылі адноўлены нямецкі гарнізон у в. Ламавічы. У канцы лістапада 1943 г. савецка-германскі фронт ушчыльную наблізіўся да Кастрычніцкага раёна, у сувязі з чым партызаны Рудабельшчыны пачалі часцей атакаваць нямецкія рэзервы, якія рухаліся на падтрымку сваіх. Хутка былі створаны “Рудабельскія вароты” (дзейнічалі з 28 лістапада па 21 снежня 1943 г.) - разрыў у фронце у раёне вв. Маісееўка-Гадуні-Любань. 2 снежня 1943 г. ў в. Гарохавішчы адбылася нарада камандавання 354-й стралковай дывізіі 65-й арміі РСЧА з партызанамі, на якой абмяркоўвалася каардынацыя дзейнасці савецкіх войскаў і часцей “народных мсціўцаў”. У адказ у сярэдзіне студзеня 1944 г. немцы правялі ў партызанскай зоне карную аперацыю. 5 лютага 1944 г. нацысты і іх памагатыя забілі каля 200 жыхароў вёсак Ляскавічы і Забалоцце. У выніку карнай аперацыі адрэзанымі ад сваіх апынуліся і групы савецкіх жаўнераў (амаль полк са складу 60-й і 37-й дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Н. Фрэнкеля), якія вымушаны былі перайсці да партызанскай дзейнасці. Амаль, як у 1941-м. Зводны полк чырвонаармейцаў разам з партызанамі ўдзельнічаў у знішчэнні варожага гарнізона ў в. Капцэвічы. 16 лютага 1944 г. гэтая група савецкіх вайскоўцаў з боем прарвалася праз нямецкія абарончыя парадкі і спалучылася з часцямі савецкіх войск.



Савецка-германскі фронт на Гомельшчыне ў 1943 г.

З 7 па 15 красавіка 1944 г. немцы правялі ў раёне альбінскіх лясоў яшчэ адну карную аперацыю. Падчас блакады загінуў камандзір атрада “Смерць фашызму” А. Папруга. Для знішчэння партызанскага камандзіра “СД” арганізавала адмысловую аперацыю. Пад выглядам савецкага вайсковапалоннага ў партызанскі атрад немцамі быў накіраваны агент, які назваўся “Васілём”. Пры чым у задачу гэтага чалавека ўваходзіла паляванне на партызанскае кіраўніцтва. У пачатку красавіка 1944 г. атрад “СД” прайшоў праз партызанскія кардоны і выйшаў у распалажэнне сямейнага партызанскага лагера ля в. Шкава. У выніку былі забіты Адам Папруга, яго жонка Еўдакія, дачкі Марыя (17 гадоў) і Валянціна (5 гадоў). Акрамя партызанскага камандзіра і яго сям’і загінула і яго ахова: партызаны Г. Бусел, М. Баравы, Ф. Дашкоўскі, Л. Літошык. “Мне атрымалася ўратавацца цудам. Я пабегла ў лес. У той час мне было 15 гадоў. Лес быў блакаваны 10 дзён. Паўсюль фашысцкія засады, трупы ляжаць непахаваныя. Рухацца небяспечна. Голад невыносны. Я знаходзілася ў стане шоку. Не магла ўявіць свайго жыцця без бацькі. Не верыла ў яго смерць. Калі была знята блакада, забітых пахавалі ў лесе. У гарадскі пасёлак Кастрычніцкі магілы перанеслі пасля вызвалення тэрыторыі нашымі войскамі”, - адзначала дачка А. Папругі Антаніна.



Магіла партызанскага камандзіра А. Папругі і членаў яго сям'і ў г.п. Кастрычніцкі (Акцябрскі)



Летам 1944 г. пачалося вызваленне Беларусі ад нацыстаў. У ліпені таго ж года 123-я партызанская брыгада імя 25-годдзя БССР (у той час складалася з 5 атрадаў, 609 партызан) была расфарміравана, а яе асабовы склад быў накіраваны ў дзеючае савецкае войска.

Заканчэнне будзе...

Ігар Мельнікаў,

Кандыдат гістарычных навук

15-10-2023

Восенню 2023 г. аўтар выдаў кнігу “Калабарацыянізм. Анатомія здрады”, прысвечаную аналізу супрацоўніцтва жыхароў Беларусі з нацыстамі падчас нямецкай акупацыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У кнізе, на падставе шматлікіх архіўных дакументаў апісваюцца злачынствы калабарацыяністаў і выкрываецца сутнасць тых, хто вырашыў пайсці на службу да гітлераўцаў. Новая кніга беларускага гісторыка Ігара Мельнікава - дадатковы унёсак у справу вывучэння трагедыі нацысцкага генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

гарнізон Паўлоўскага, Рудабелка, В. Лівенцаў, Пратасы, партызанская барацьба супраць нацыстаў, І. Дайнэка, Беларусь партызанская, М. Голуб, Ц. Бумажкоў

Previous post Next post
Up