Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны вялікая колькасць былых партызан вярнуліся да мірнай працы. Некаторыя з партызанскіх камандзіраў узначалілі адноўленыя калгасы. Аднак і ў той, здавалася б, мірны час у вёсках Кастрычніцкага раёна было не спакойна. Там працягвалася супрацьстаянне былых партызан і тых, хто так, ці інакш, не прымаў савецкую ўладу. Пачынаючы з лета 1944 г. органы “СМЕРШ” і НКУС вялі актыўны пошук асоб якія падчас Вялікай Айчыннай у розных формах супрацоўнічалі з нацыстамі. Асабліва шукалі былых паліцаяў, стараст, удзельнікаў розных “усходніх батальёнаў”, якія ўдзельнічалі ў карных акцыях. Пасля вайны ў Савецкім Саюзе было адменена смяротнае пакаранне, таму большасць пасобнікаў нацыстаў атрымлівала 10 ці 25 гадоў лагерных прац.
У ліпені 1955 г. у в. Гарахавішчы адбылося гучнае здарэнне: там быў забіты старшыня калгасу “1-е траўня”, узгаданы вышэй былы савецкі партызан Мяфодзій Кузьміч Голуб. Па гарачых слядах былі арыштаваныя жыхары в. Гарахавішчы, супрацоўнік сельпо М. Шуст і брыгадзір Р. Бусел, якім прад’явілі абвінавачанне ў арганізацыі замаху і прысудзілі да растрэла (пазней прысуд змянілі і, у рэшце рэшт, адмянілі). Жонцы М. Шуста дапамагаў маскоўскі адвакат, якому атрымалася даказаць, што гэтага чалавека абылгалі. У рэшце рэшт, Шуста і Бусла апраўдалі. У 1969 г., больш чым праз 10 год пасля загадкавага забойства старшыні Голуба, следства па гэтай справе было адноўлена і ім пачалі займацца супрацоўнікі абласнога і рэспубліканскага КДБ.
Лета 1944 г. Вызваленне Бабруйска
Аперацыя "Багратыён"
Савецкія жаўнеры ў вызваленым Бабруйску
Партызанскае Палессе на Гомельшчыне
У выніку аператыўнай дзейнасці чэкістам атрымалася вызначыць, што сляды забойства цягнуцца ў гады Другой сусветнай вайны, а сапраўдныя выканаўцы тэракту знаходзіліся не далёка ад сваёй ахвяры. Больш таго, апынулася, што ў пачатку 1950-х гадоў на тэрыторыі былога партызанскага краю было здзейснена тры падобныя тэрарыстычныя акты. Першапачаткова два разы невядомыя пры дапамозе выбухоўкі спрабавалі ліквідаваць старшыню таго ж калгаса, іншага былога савецкага партызана, Івана Дайнэка.
Супрацоўнікі КДБ супаставілі ўсе тры выпадкі тэрарыстычных актаў і прыйшлі да высновы, што іх ажыццявіў адзін і той жа чалавек. Асаблівасцю гэтай справы было тое, што ахвярамі замахаў былі прадстаўнікі савецкай улады, да таго ж удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Няўжо нехта з былых паліцаяў, ды ўласаўцаў помсціць тым, хто супраць іх змагаўся і выкараняў пад корань?! І гэта ў былой партызанскай зоне.
в. Карма
Следчыя КДБ пачалі старанна дапытваць жыхароў Кастрычніцкага раёна, вышукваючы людзей, якія мелі дачыненне да ўзганай справы. Хутка следчыя выйшлі на сям’ю Стасёнкаў з в. Карма. У узгаданы населенны пункт прыехала “геафізічная экспедыцыя” пад відам якой дзейнічалі супрацоўнікі дзяржбяспекі, якія вывучалі мясцовых жыхароў. Тое, чым яны жылі, што рабілі падчас вайны. У пэўны момант жонка Паўла Стасёнка (1882 г. н.) прагаварылася і аператыўнікі ўчапіліся за гэта. Стасёнка старэйшага затрымалі па адміністратыўнай справе на 15 сутак і пачалі яго “раскручваць”. Праз пэўны час стары прызнаўся, што гэта ён разам з сынам падрыхтаваў і ажыццявіў замахі на старшыню Дайнэка (двойчы) і на страшыню Голуба (адзін раз і паспяхова). “Голуба забілі мы з Якавам. І Дайнэка таксама мы ўзрывалі. Трэба было б, яшчэ б дзесяць разоў іх забілі”, - сказаў тады П. Стасёнак.
в. Гарохавішчы
Апынулася, што сям’я Стасёнкаў, мякка кажучы, адмоўна ставілася да савецкай ўлады яшчэ ў 1930-я гады. Павел не ўступіў у калгас, а за неўплату падаткаў яго гаспадарку перадалі ў калгас. Падчас Вялікай Айчыннай чакаў, назіраў, хто пераможа. Да немцаў служыць не ішоў, але і савецкіх партызан не падтрымліваў. Пры гэтым актыўна займаўся марадзёрствам: збіраў вопратку, абутак, рыштунак забітых савецкіх і нямецкіх жаўнераў. І зброю…Падчас ператрусу супрацоўнікі КДБ у яго хаце знайшлі пісталет-кулямёт, выбухоўку, пісталет, гранаты, міны (у тым ліку супрацьтанкавыя). Даследчык С. Крапівін адзначаў, што доўгі час ля дома П. Стасёнка стаяла падбітая савецкая самаходка, па якой гаспадар любіў…страляць з супрацьтанкавай стрэльбы.
Я. Стасёнак
У сваю чаргу, сын Паўла Якаў Стасёнак (1916 г.н.) быў кадравым ваенным. З 1938 па 1946 гг. служыў у Чырвонай Арміі на Далёкім усходзе, удзельнічаў у баявых дзеяннях на возеры Хасан, у савецка-японскай вайне восенню 1945 г. Меў баявыя ўзнагароды. 15 жніўня 1945 г. за удзел у “баях супраць японскіх імперыялістаў” у складзе 16-й асобнай выведвальнай роты 39-й стралковай дывізіі 1-га Далёкаўсходняга фронту Якаў быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. З 1943 г. Стасёнак-малодшы быў кандыдатам у члены кампартыі. Калі вярнуўся ў родную вёску, то ў калгас не пайшоў, а вырашыў, як і бацька, шукаць выпадковых заробкаў. Працаваў у мясцовай бібліятэцы, потым лясніком.
П. Стасёнак падчас следчага эксперыменту
Старшыня калгаса “1-е траўня” І. Дайнэка хадатайнічаў аб скарачэнні прысядзібных надзелаў, якія належылі Стасёнкам. Апошнія ўзгадалі і тое, што менавіта па загадзе Дайнэкі быў забіты іх сваяк, які служыў у немцаў старастай у в. Карма. Так, у 1951-1952 гг. Стасёнкі двойчы ажыццявілі замахі на І. Дайнэка (першы раз 18 сакавіка 1951 г., калі хату старшыні падарвалі супрацьтанкавай гранатай, узмоцненай толавымі шашкамі, Дайнэкі ў хаце не было, а вось падчас выбуху 27 кастрычніка 1952 г. партызана параніла). У паказаннях следчым Дайнэка адзначаў, што пасля выбуху ў хаце дакладна адчуваўся пах толу. Не дабіўшыся пажаданага выніку Стасёнкі пачалі распускаць у вёсцы слухі аб тым, што былы партызан сам інцэніраваў замахі на сябе. У выніку, Дайнэка сыйшоў з пасады старшыні калгасу. Потым калгас узначальвалі іншыя людзі, якія на доўга не затрымліваліся. У жніўні 1954 г. новым старшынёй калгасу “1-га траўня” стаў іншы савецкі партызан, член КПСС з 1946 г. М. Голуб (нарадзіўся ў 1907 г. у в. Пратасы). Быў узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” І ступені і Ордэнам “Айчыннай вайны” І ступені.
Сцяна дома старшыні М. Голуба пасля выбуху
Аднак і Голуб хутка перайшоў дарогу Стасёнкам. Апошніх штрафавалі за парушэнні працоўнай дысцыпліны і паменьшылі памеры прысядзібных гаспадарак. Акрамя гэтага Паўлу Стасёнку было забаронена карыстацца калгаснымі конямі, пры апрацоўцы ўласнай гаспадаркі. У адказ Стасёнкі вырашылі забіць і Голуба. На старшыню было арганізавана некалькі засад. Неўдалых. Былы партызан быццам адчуваў, што на яго ідзе паляванне і пазбягаў небяспечных месц. У выніку Я. Стасёнак вырашыў выкарыстаць “правераны” спосаб забойства. Ён вывучыў планіроўку хаты старшыні (спецыяльна туды заходзіў), а потым размясціў нямецкую супрацьтанкавую міну “ТМ-42” на сцяне хаты старшыні так, каб адбыўся накіраваны выбух, які заб’е прадстаўніка ўлады. Дэтанацыя адбылася пры дапамозе вогнеправоднага шнура. Пазней сваячніца Стасёнкаў паведаміла следству, што “бачыла” ля дому старшыні М. Шуста і Р. Бусла.
Аўтар на магіле старшыні М. Голуба
У 1969 г. следчыя КДБ пачалі раскручваць гэтую заблытаную справу і хутка ўсё стала зразумела. Следчыя дэталёва вывучылі паводзіны Стасёнкаў. Так, напрыклад, Якава на адным з допытаў запыталі, што ён меў на ўвазе, калі выходзіў з дома забітага партызанамі старасты Рыгора Стасёнка і казаў сыну апошняга Уладзіміру: “Наша кроў дарэмна не пройдзе”. У рэшце рэшт, абвінавачаныя пачалі прызнавацца. Яны дэталёва апісвалі, як рыхтавалі тэракты, якія тыпы выбухоўкі выкарыстоўвалі, як рыхтавалі шляхі адыходу, а потым распрацоўвалі алібі.
У 1970 г. судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР прызнала бацьку і сына Стасёнкаў вінаватымі ў падрыхтоўцы і рэалізацыі тэрарыстычнага акту і прысудзілі кожнага да 15 гадоў турэмнага зняволення. Да дому яны ўжо не вярнуліся. Памерлі ў месцы зняволення (ва Уладзімірскім цэнтрале). Чэкісты, якія займаліся гэтай справай, былі ўзнагароджаны граматамі, каштоўнымі падарункамі і падзякамі.
Вось такая не простая, прыгожая і гераічная гісторыя ў Рудабельшчыны. Гэта сапраўдны сімвал партызанскай Беларусі, гісторыю якой трэба ведаць і шанаваць.
Ігар Мельнікаў,
Кандыдат гістарычных навук
15-10-2023
Восенню 2023 г. аўтар выдаў кнігу “Калабарацыянізм. Анатомія здрады”, прысвечаную аналізу супрацоўніцтва жыхароў Беларусі з нацыстамі падчас нямецкай акупацыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У кнізе, на падставе шматлікіх архіўных дакументаў апісваюцца злачынствы калабарацыяністаў і выкрываецца сутнасць тых, хто вырашыў пайсці на службу да гітлераўцаў. Новая кніга беларускага гісторыка Ігара Мельнікава - дадатковы унёсак у справу вывучэння трагедыі нацысцкага генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.