У першай палове ХХ ст. Кастрычніцкі (Акцябрскі) раён стаў арэнай партызанскай барацьбы беларусаў супраць іншаземных захопнікаў. Палешукі мужна браліся за зброю і гналі ворага са сваёй зямлі. Так было і падчас польска-бальшавіцкай і падчас Вялікай Айчыннай вайны.
У перыяд самавызначэння
Сённяшні гарадскі пасёлак Кастрычніцкі (ці Акцябрскі) Гомельскай вобласці да жніўня 1954 г. уяўляў з сябе тры вёскі - Рудабелка, Карпілаўка і Рудня. Першая з іх вядомая яшчэ з XV стагоддзя. У XVIII ст. землеўласнік Д. Лапа арганізаваў там маёнтак, дзе пачалі праводзіцца меліярацыйныя працы. Пасля паўстання 1863 г. маёнтак Рудабелка быў канфіскаваны ў Аляксандра Лапы. У 1867 г. вёскі Рудабелка і Карпілаўка адыходзяць ва ўласнасць барону Аляксандру Ягоравічу Урангелю, дзядзьке будучага лідара белага руху, генерала Пятра Мікалаевіча Урангеля. Да 1902 г. уласніцай Рудабелкі была жонка доктара медыцыны С. Яхантава. Апошняй гаспадыняй гэтай зямельнай уласнасці была жонка камергера найвышэйшага двара Н. Іваненка.
Чырвоныя партызаны
Асаблівую вядомасць Рудабелка атрымала ў 1918 г., калі жыхары гэтага населенага пункта пачалі актыўна змагацца супраць нямецкіх войск і часцей І польскага корпуса, а пазней і падраздзяленняў войска ІІ Рэчы Паспалітай. Тады на тэрыторыі Рудабельскай воласці Бабруйскага павету захоўвалася ўлада бальшавікоў (падраённы камітэт РКП(б)). У склад т.зв. “Рудабельскай рэспублікі” уваходзілі тэрыторыі Бабруйскага, Мазырскага і Рэчыцкага паветаў. Мясцовыя жыхары хутка сфармавалі партызанскія атрады на чале якіх, часцей за ўсё, стаялі людзі з вайсковым досведам, атрыманым падчас баёў Вялікай вайны 1914-1918 гг. у складзе Рускага імператарскага войска. Так, атрад пад камаддаваннем былога “франтавіка” А. Салаўя нават увайшоў у Бабруйск і не даў немцам эвакуіраваць вайсковыя трафеі. Іншым камандзірам рудабельскіх партызан быў былы царскі жаўнер, удзельнік Першай сусветнай вайны, Л. Адзінец, які быў членам Рудабельскага рэўкама. Асаблівасцю дзейнасці рудабельскіх партызан супраць кайзераўцаў было тое, што яны распаўсюджвалі сярод нямецкіх салдат бальшавіцкую прэсу на нямецкай мове, што ўплывала на раскладанне вайсковай дысцыпліны ў варожых часцях.
Помнік барацьбітам за савецкую уладу ў г.п. Кастрычніцкі (Акцябрскі)
Трэба адзначыць, што на тых тэрыторыях жыло не мала людзей, варожа настаўленых да бальшавіцкай улады. Так, у траўні 1918 г. жыхары Лучыцкай, Ляскавіцкай, Капаткевіцкай і Рудабельскай воласці, якія не падтрымлівалі “чырвоную ўладу”, аб’ядналіся ў атрад пад кіраўніцтвам заможнага селяніна Перагуда з хутара Доўгія Нівы, а таксама былога афіцэра Рускага імператарскага войска Ермаліцкага. Гэты атрад спрабаваў знішчыць Рудабельскі рэўкам, аднак мясцовым бальшавікам атрымалася мабілізаваць мясцовае насельніцтва. Падчас атакі на Рудабелку Ермаліцкі быў забіты, а іншыя “антысаветчыкі” адступілі. Пазней усіх іх пералавілі і растралялі.
Польскі наступ у Беларусі ў 1919 г.
Падчас польска-бальшавіцкай вайны на тэрыторыі “Рудабельскай рэспублікі” дзейнічалі партызанскія атрады М. Ляўкова і П. Малаковіча. У адным з баёў рудабельскія партызаны разбілі польскі кавалерыйскі эскадрон і захапілі 45 вінтовак і 10 шабель. Гэта зброя дала магчымасць павялічыць лічбавую колькасць партызанскага атрада. Пазней рудабельскія партызаны знішчылі польскія падраздзяленні ў в. Ражанаў (было захоплена 3 кулямёты) і ў в. Хвойня. Восенню 1919 г. “народныя мсціўцы” з Рудабелкі знішчылі польскі гарнізон у Парэччы. Пры гэтым свае дзеянні яны ўзгаднялі з камандаваннем Чырвонай Арміі, падраздзяленні якой падтрымлівалі партызан.
Чырвоныя партызаны
У студзені 1920 г. у адказ на дзейнасць рудабельскіх партызан палякі, накіравалі ў гэты раён карны атрад (1500 жаўнераў і 30 кулямётаў), які спаліў вёску Рудабелка. Пры гэтым былі арыштаваныя каля 40 чалавек (членаў партызанскіх сямей) з вёсак Карпілаўка, Кавалі і Лаўстыкі, якіх накіравалі ў лагер у Бабруйскай крэпасці. Тады сярод палонных апынуўся Л. Адзінец, які, у выніку знаходжання ў лагеры стаў інвалідам (у 1938-1941 гг. быў сакратаром Прэзідыўма СНК БССР). Падчас Вялікай Айчыннай вайны Адзінец быў арганізатарам савецкага падполля ў Мінску. Пазней трапіў рукі нацыстаў і быў спалены ў Трасцянецкім лагеры).
Помнік чырвонаармейцам, якія загінулі ў польскім канцлагеры ў 1919-1920 гг. Бабруйск
У 1920 г. у рукі польскіх жаўнераў трапіў і іншы кіраўнік рудабельскай партызанткі - М. Вус. Гэтага чалавека растралялі. Адзначым, што пэўны час (з траўня 1920 г.) у складзе рудабельскіх партызан ваяваў і вядомы беларускі вайсковы дзеяч К. Арлоўскі. У той час камандзірам рудабельскага партызанскага атрада быў І. Жынко. Пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны Рудабельская воласць была перайменавана ў Кастрычніцкую (ці Акцябрскую), а ў былым панскім маёнтку быў створаны саўгас “Рудабелка”. У перыяд з 1921 па 1924 гг. ішоў працэс стварэння сельсаветаў Рудабельскай воласці. Па дадзеных 1920 г. у яе склад уваходзіла 144 населенных пункта. У 1924 г. Кастрычніцкі валасны выканкам быў расфармаваны і сельсаветы, якія ўваходзілі ў яго склад, былі перададзены ў склад Глускага, Даманавіцкага і Капаткевіцкага раёнаў.
Брацкая магіла чырвонаармейцаў, Бабруйск
У 1938 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў рашэнне аб змяненні адміністратыўнага дзялення саюзных рэспублік. Паводле яго тагачасная БССР складалася з Віцебскай, Гомельскай, Мінскай, Палескай і Магілёўскай абласцей. У сваю чаргу, узгаданая Палеская вобласць стваралася на базе існаваўшай раней Мазырскай акругі (была ліквідавана ў 1930 г., адноўлена ў 1935 г. і існавала да 1938 г.). Новая Палеская вобласць складалася з 15 раёнаў. У чэрвені 1939 г. быў створаны Кастрычніцкі (Акцябрскі) раён Палескай вобласці з цэнтрам у в. Карпілаўка. У склад раёна ўвайшлі Кастрычніцкі, Азямлянскі, Лясковіцкі, Нова-Дубровенскі, Гацкі, Парыцкі сельсаветы. Таксама з Парыцкага раёна ў Кастрычніцкі былі пераданы Пратасоўскі, Любанскі, Раманіцкі і Гарохавіцкі сельсаветы. Са складу Капаткевіцкага раёна ў Кастрычніцкі трапілі Чырвонаслабоцкі, а з Даманавіцкага раёна Ломавіцкі сельсаветы.
Магіла Героя Савецкага Саюза К. Арлоўскага у в. Мышкавічы
Працяг будзе...
Ігар Мельнікаў,
Кандыдат гістарычных навук
Заслаўе, 15-10-2023
Восенню 2023 г. аўтар выдаў кнігу “Калабарацыянізм. Анатомія здрады”, прысвечаную аналізу супрацоўніцтва жыхароў Беларусі з нацыстамі падчас нямецкай акупацыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У кнізе, на падставе шматлікіх архіўных дакументаў апісваюцца злачынствы калабарацыяністаў і выкрываецца сутнасць тых, хто вырашыў пайсці на службу да гітлераўцаў. Новая кніга беларускага гісторыка Ігара Мельнікава - дадатковы унёсак у справу вывучэння трагедыі нацысцкага генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.